Лукашэнка: Ва ўкраінскім перавароце вінаваты асабіста Януковіч (Відэа)

18.10.2014
Алег Ражкоў, Belsat.eu

У Мінск з’ехаліся расійскія журналісты. Пакуль Пуцін у Мілане, Аляксандр Лукашэнка ўжо дванаццаты раз запрасіў медыя з-за нашай усходняй мяжы. І гэтым разам крытыкі ў бок «вялікага брата» было асабліва шмат.

Як і чакалася, галоўнай тэмай размовы стала Украіна. Расійскія журналісты спрабавалі высветліць, чый жа бок у гэтым канфлікце займае Беларусь. Аляксандр Лукашэнка адказваў у звычайнай яму манеры: і вашым, і нашым. Але крытыкі Расіі было нечакана шмат.

Расійскія журналісты запыталіся ў Лукашэнкі пра ўсе асноўныя моманты расійска-ўкраінскага канфлікта. У адказах Лукашэнка стараўся перефармулёўваць свае старыя заявы, а на пытанне, чый юрыдычна Крым, наагул, вырашыў не адказваць. Кіраўнік краіны толькі адзначыў, што сваю пазіцыю ён падрабязна выказаў у прыватнай размове з Уладзімірам Пуціным, але агучыць яе цяпер ён не можа. Падзеі ж Майдана ён назваў антыканстытуцыйным пераваротам.

«Ідзе інфармацыйная вайна, кожны, вядома, спрабуе выкарыстаць у сваіх мэтах усе гэтыя падзеі, але гэта мы выносім за дужкі. Адбыўся антыканстытуцыйны пераварот. Хто ў гэтым вінаваты? Прэзідэнт Украіны, спадар Януковіч. Ён, толькі ён», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кажучы пра дзейны канфлікт ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што, калі б не Расія, дні «Луганскай і Данецкай народных рэспублік» былі б даўно палічаныя. Але, на ягоную думку, матывацыя Расіі не ў тым, каб «адцяпаць» усходнюю частку Украіны, а ў абароне расійскіх братоў, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. Тое, што Расія захоча ўключыць у свае межы і частку Беларусі, Лукашэнка цалкам выключыў. А потым дадаў, што напружвацца мусяць расійцы, бо частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх зямель былі нашыя.

«У гэтай прэсавай канферэнцыі нічога новага ў пазіцыі беларускай дзяржавы мы не пачулі. На рытарычным узроўні гэта такая спроба дэманстраваць нейтралітэт і захоўваць такую пасярэдніцкую пазіцыю паміж Расіяй і Украінай, але фактычна ў дзеяннях, якія мы назіраем, мы не бачым ніякага нейтралітэта», — лічыць палітолаг Андрэй Ягораў.

Другі масавы пасыл, які прагучаў ад Лукашэнкі: Беларусь — не нахлебнік Расіі ды грошай на санкцыях не робіць. Тут ён распавёў пра тое, адкуль бяруцца беларускія крэветкі ды чаму растуць кошты на прадукцыю айчыннай вытворчасці. Паводле кіраўніка дзяржавы, нават калі мы пазычаем грошы ў Расіі, то наўзамен аказваем неацэнныя паслугі, напрыклад, амаль бясплатна трымаем дзве вайсковыя базы. Са свайго боку Расія, паводле Лукашэнкі, наадварот імкнецца дзесьці нахіліць, зняважыць, каб на каленях пастаялі, штосьці папрасілі. Гэтакае стаўленне ён нават ахрысціў імперскімі амбіцыямі.

Нягледзячы на заявы пра тое, што мы брацкія народы, было адчуванне: адносіны паміж братамі сталі больш напружаныя. Хоць Лукашэнка і сказаў, што не баіцца захопу нашых земляў, межы паміж Расеій і Беларуссю ён старанна акрэсліў.

Belsat.eu


Другие публикации