Лекцыя Ігара Духана «Неакласіцызм ХХ стагоддзя — праграмаванне стылю»

20.10.2014
Лятучы ўніверсітэт

24 кастрычніка 2014 года адбудзецца чарговая лекцыя з цыкла «Авангард, мадэрнісцкая неакласіка, уяўленне», які супольна ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр сучасных мастацтваў.

Пачатак ХХ стагоддзя — найцікавейшы перыяд для даследчыкаў пераломных эпох. Змены ў сацыяльным жыцці, супярэчнасці ў палітычнай, эканамічнай, культурнай сферах сталі падставай для перагляду каштоўнасных арыенціраў у еўрапейскім грамадстве. Дынамічнасць новага часу задала і новы пульс культурнага жыцця, пра што сведчыць развіццё філасофіі, мастацтва, навукі, рэлігіі. Кожная з гэтых сфер можа стаць прызмай для аналізу тых трансфармацый, якія адбываліся ў грамадстве ў гэты час.

Прыклад мастацтва авангарду дазваляе нам убачыць культурна-цывілізацыйныя змены ў іх найбольш вострым, глыбокім адлюстраванні. У сваіх памкненнях знайсці стыль новага часу мастакі зыходзілі з пераканання, што зменлівы сусвет не можа быць увасоблены ў статычнай прасторы. Прадметам мастацкага аналізу становяцца дасягненні тэхнікі, фізічныя і касмічныя феномены, пераўтварэнні ў грамадстве.

У лекцыі Ігара Духана «Неакласіцызм ХХ стагоддзя — праграмаванне стылю» будуць разглядацца ідэі неакласіцызму ў архітэктурна-мастацкай практыцы (Іван Жаўтоўскі, Рыкарда Бафіл, Міхаіл Філіпаў і інш.) як адлюстраванне стратэгій новага мадэрнізму.

Лекцыя Ігара Духана «Неакласіцызм ХХ стагоддзя — праграмаванне стылю» пройдзе 24 кастрычніка ў Цэнтры сучасных мастацтваў (Мінск, вул. Някрасава, 3). Пачатак у 19.00. Уваход вольны!

Нумар тэлефлефона для даведак: (+375 17) 2929336.

Пра лектара:

Ігар Духан — кандыдат архітэктуры, доктар філасофскіх навук, загадчык кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, член Еўрапейскага таварыства культуры, Міжнароднага і Беларускага саюзаў дызайнераў. У якасці запрошанага прафесара чытаў лекцыі ў Баўхаўзе, Брытанскай бібліятэцы, Каралеўскім універсітэце Белфаста, універсітэтах Паўночнай Караліны, Палерма і інш.

Раней у цыкле «Авангард, мадэрнісцкая неакласіка, уяўленне» ўжо прайшлі лекцыі:

UPD.: Відэазапіс лекцыі:


Другие публикации