Семінар Беларускага калегіюма і «Палітычнай сферы»: «Інстытуты і палітыка», 2014-2015

22.10.2014
Palityka.org

Ад 23 кастрычніка 2014 года распачынае сваю працу ў новым сезоне семінар Беларускага калегіюма і Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера».

Уводзіны. Даследаванне палітыкі — гэта, галоўным чынам, даследаванне інстытутаў, а інстытуцыйнае вывучэнне палітычнага жыцця застаецца ўплывовым накірункам сучаснай палітычнай навукі. Тым не менш, гэта не здымае праблемы глыбіні разумення і практычнага прымянення падыходу. Семінар арганізаваны для вырашэння гэтых задач. У 2014-2015 гадзе разгляд будзе абмежаваны гістарычным інстытуцыяналізмам. Гэты падыход, з практычнага пункту гледжання, з’яўляецца важным для даследавання сучаснай палітыкі і палітычнай гісторыі.

Прадмет. Семінар прадугледжвае падрабязны аналітычны разгляд значных і ўплывовых тэкстаў, якія змянілі разуменне палітыкі і міжнародных адносін у сучасных сацыяльных і гуманітарных навуках. У прыватнасці, гэта працы Пола Пірсана («Палітыка ў часе»), Кэтрын Тэлен («Як эвалюцыянуюць інстытуты?»), Сэмюэла Гантынгтана («Палітычны парадак у зменлівых грамадствах»), Барынгтана Мура («Сацыяльныя прычыны дыктатуры і дэмакратыі»), Чарльза Тылі («Прымус, капітал і еўрапейскія дзяржавы, 990-1990»), і інш.

Кампетэнцыі. Мяркуецца, што праца ў межах семінара дазволіць удзельнікам значна паглыбіць сваё разуменне палітыкі і палітычнай гісторыі, а таксама засвоіць метады і даследчыя схемы аналізу як палітычная гісторыі, так і сучасных палітычных і сацыяльных працэсаў.

Удзельнікі. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў, магістранты, дактаранты, выкладчыкі сацыяльных і гуманітарных дысцыплін ды іншыя зацікаўленыя асобы.

Дысцыпліны. Семінар разлічаны на палітолагаў, гісторыкаў, сацыёлагаў, эканамістаў, філосафаў і прадстаўнікоў іншых дысцыплін, якія закранаюць даследаванне палітыкі.

Кіраўнік семінара: Андрэй Казакевіч — доктар палітычных навук (PhD in Political Science), дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», судырэктар Беларускага калегіюма.

Перыядычнасць і парадак працы. Пасяджэнні семінара плануюцца раз на два тыдні, па чацвяргах, з 18.30 да 20.30. Пачатак — 23 кастрычніка.

Каб запісацца на семінар, трэба адправіць запыт на адрас электроннай пошты: [email protected].

Гл. план семінара


Другие публикации