Андрэй Ягораў: Праеўрапейская дынаміка Украіны будзе арыенцірам для Беларусі

28.10.2014
Радыё «Свабода»

Перамога праеўрапейскіх сіл на выбарах у Вярхоўную Раду дае магчымасць правесці ва Украіне дэмакратычныя рэформы, поспех якіх паспрыяе росту праеўрапейскіх і прарэфармісцкіх настрояў у беларускім грамадстве.

Такую думку ў інтэрв’ю Радыё «Свабода» выказаў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, каментуючы вынікі выбараў у Вярхоўную Раду Украіны.

«Адбылося тое, што і павінна было адбыцца: рэфармісцкія прадэмакратычныя праеўрапейскія сілы ўзялі бальшыню ў новым складзе Вярхоўнай Рады Украіны. Апазіцыйныя на сённяшні момант сілы ў выглядзе былой Партый рэгіёнаў і камуністаў або не ўвайшлі ў Вярхоўную Раду, або ўзялі татальную меншыню ў парламенце. Таму фактычна новы ўрад будзе сфармаваны праеўрапейскімі сіламі ў Радзе», — канстатуе Ягораў.

На ягоную думку, вынікі выбараў наўрад ці паўплываюць на ваенны канфлікт у Данбасе, але, безумоўна, перамога праеўрапейскіх сіл на выбарах ва Украіне не ў інтарэсах Крамля:

«Сітуацыя на Данбасе не залежыць наўпрост ад палітычнай сітуацыі ў Кіеве. Той канфлікт інспіруецца і падтрымліваецца з боку Расіі. Безумоўна, для Расіі была б больш выгадная нестабільная сітуацыя ва Украіне і канфліктны склад Вярхоўнай Рады, дзе б значнае месца мелі прарасійскія групоўкі. Але такога не адбылося, і вось гэтая сітуацыя грае на карысць большай стабільнасці ва Украіне, большай цвёрдасці ў правядзенні рэформ. Я думаю, што Расія будзе шукаць іншых магчымасцей дзеля таго, каб не даць Украіне ісці цвёрда па шляху еўрапейскай інтэграцыі. Расія пакуль будзе падтрымліваць канфлікт на Данбасе і спрабаваць праз яго і далей уплываць на сітуацыю ва Украіне».

Як лічыць Ягораў, удалыя праеўрапейскія рэформы ва Украіне, якія зробяць Украіну моцнай і заможнай, — гэта безумоўна добра для Беларусі ва ўсіх сэнсах.

«Для дэмакратычна арыентаванай супольнасці Беларусі і ўвогуле для грамадзян Беларусі, якія жадаюць лепшай будучыні, гэта будзе такім арыенцірам. Добрая праеўрапейская дынаміка Украіны будзе ўплываць на рост праеўрапейскіх, прарэфармісцкіх настрояў у Беларусі», — лічыць Ягораў.


Другие публикации