Публічныя лекцыі «Urbi et Orbi»: Дарота Міхалюк

10.11.2014
Лятучы ўніверсітэт

13 лістапада 2014 года Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі запрашаюць на публічную лекцыю пальскага гісторыка Дароты Міхалюк.

Падчас перадзелу мапы Еўропы пасля Першай сусветнай вайны беларускія землі апынуліся ў сферы інтарэсаў суседніх дзяржаў, а найбольш уплывовыя краіны не разглядалі Беларусь у якасці самастойнага суб’екта міжнароднай палітыкі. У такіх вельмі неспрыяльных знешнепалітычных умовах прыйшлося будаваць сваю краіну чатыром урадам БНР у 1918-1920 гадах. З першага дня дэкларацыі Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года самай галоўнай задачай для яе стваральнікаў было дамагчыся прызнання дзяржаўнай незалежнасці на міжнароднай арэне, зрэшты, не меншай, чым прызнанне ўрада БНР унутры краіны.

Ці маглі ўрады БНР разлічваць на міжнароднае прызнанне і падтрымку суседніх краін? Якія захады рабіліся, каб здабыць прызнанне міжнароднай супольнасці de facto і de jure? Якія краіны і ў якой форме аказалі падтрымку БНР? Ці былі ў БНР шанцы рэалізавацца як самастойнай дзяржаве ў тагачаснай знешнепалітычнай сітуацыі? Якую палітыку праводзіў кожны з чатырох урадаў БНР і якія поспехі і паразы мелі месца ў іх дзейнасці? Якую ролю адыгралі разрозненасць і ўнутраныя канфлікты ў нацыянальным беларускім руху?

Якія вынікі дзейнасці чатырох урадаў БНР у 1918-1920 гадах былі станоўчымі для далейшага развіцця Беларусі разважае польскі гісторык Дарота Міхалюк.

Публічная лекцыя Дароты Міхалюк «Чатыры ўрады БНР у 1918-1920 гадах» адбудзецца 13 лістапада 2014 года ў Галерэі «Ў» (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

Пра лектара:

Дарота Міхалюк — доктар хабілітаваны Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, рэдактар часопіса «Białoruskie Zeszyty Historyczne», аўтар кнігі «Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці».

Чытайце размову з Даротай Міхалюк па тэме лекцыі, якая адбылася падчас Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, а таксама інтэрв'ю напярэдадні лекцыі.

UPD.: Відэазапіс публічнай лекцыі:


Другие публикации