Андрэй Ягораў пра Гунара Віганда: «Дзіўны візіт, дзіўныя пытанні»

18.11.2014
Радыё «Свабода»

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў выказаў здзіўленне, што візіт кіраўніка Дэпартамента Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунара Віганда пакрыты таямніцай.

«Дастаткова дзіўная сітуацыя з прыездам досыць высокага еўрапейскага чыноўніка. Чамусьці ўсё трымаецца ў таямніцы. Наколькі мне вядома з маіх вартых даверу крыніц, спадар Віганд сёння сустракаецца з асобнымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Аднак ні Нацыянальная платформа, якая існуе ў межах Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, ні прадстаўнікі праекта «Рэфорум», які звязаны з падтрымкай Еўрапейскага дыялога па мадэрнізацыі на гэтую сустрэчу не запрошаны. А такія структуры, дачынныя да ініцыятывы Усходняга партнёрства, павінны быць на падобных сустрэчах, і іх пазіцыя павінна ўлічвацца на тых перамовах, якія будзе весці Гунар Віганд з кіраўніцтвам Беларусі.

Да таго ж на сустрэчы спадара Віганда з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці будзе весціся абмеркаванне такіх крыху дзіўных пытанняў, як, да прыкладу, пенсійная рэформа, дыспрапорцыя развіцця беларускіх рэгіёнаў, Балонскі працэс. Ніякага абмеркавання сітуацыі з правамі чалавека, палітычнай сітуацыі, наколькі мне вядома, там няма».


Другие публикации