Адкрытая лекцыя Паўлюка Быкоўскага «Змены мадэлей медыяспажывання і выклікі традыцыйнай журналістыцы»

20.11.2014
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Фота: Mediakritika.by

26 лістапада 2014 года ў Мінску пройдзе адкрытая лекцыя беларускага журналіста, даследчыка медыясферы Паўлюка Быкоўскага пад назвай «Змены мадэлей медыяспажывання і выклікі традыцыйнай журналістыцы».

Мерапрыемства адбудзецца ў межах другой часкі цыкла адкрытых лекцый «Галоўнае пытанне», які гэтым разам супольна ладзяць Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», Лятучы ўніверсітэт і «Беларусский журнал».

Калі ў «першым сезоне» адкрытых лекцый пра «Галоўнае пытанне» разважалі сябры калегіума Лятучага ўніверсітэта — інтэлектуалы, навукоўцы, даследчыкі, то зараз да ўдзелу запрошаныя прадстаўнікі адной з самых дынамічных і праблемных сфер сучаснасці — сферы медыя, сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі.

Прастора медыя змяняецца хуткімі тэмпамі і, з аднаго боку, стварае ўсё больш магчымасцей і ўсё глыбей пранікае ў наша жыццё, а з другога — ставіць новыя выклікі для сваіх «творцаў» і ўсіх тых, хто спрабуе дзейнічаць у медыяпрасторы, скарыстоўваць яе для рэалізацыі сваіх праектаў, мэт, грамадскіх ці асабістых інтарэсаў. Змяняюцца спосабы стварэння і каналы трансляцыі інфармацыі, традыцыйныя фарматы масавай камунікацыі блізкія да зыходу з гістарычнай сцэны, і гэты зыход можа прайсці незаўважна, бо новыя магчымасці развіваюцца так хутка, што нават спецыялісты не здольныя адсочваць усе інавацыі. Лавіна інфармацыі ці, як зараз прынята казаць, «кантэнту», якая вырабляецца сучаснымі СМІ, на некалькі парадкаў перавышае сукупную здольнасць яе спажывання. Якія выклікі ставяць гэтыя працэсы перад традыцыйнай журналістыкай і якім чынам сучасная журналістыка павінна на гэтыя выклікі адказваць, каб захаваць сябе і свае прызначэнне, — разважае ў сваёй лекцыі Паўлюк Быкоўскі.

Адкрытая лекцыя Паўлюка Быкоўскага «Змены мадэлей медыяспажывання і выклікі традыцыйнай журналістыцы» адбудзецца 26 лістапада 2014 года ў Галерыі «Ў» (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

UPD.: Відэазапіс адкрытай лекцыі:


Другие публикации