Гунар Віганд у Мінску сустрэўся з Уладзімірам Макеем

20.11.2014
Радыё «Свабода»

Перспектывы ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, у тым ліку ўдзел Беларусі ў ініцыятыве «Усходняе партнёрства», абмеркавалі 19 лістапада ў Мінску міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і дырэктар дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд.

Паведамленне пра гэта з’явілася на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў.

Радыё «Свабода» звярнулася да прэсавага сакратара знешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзмітрыя Мірончыка з пытаннем, ці можа ён дадаць нешта да гэтага паведамлення. Афіцыйны прадстаўнік МЗС адказаў:

«У спадара Віганда ў нашым міністэрстве адбудзецца яшчэ адна сустрэча. Яго прыме намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына, якая курыруе еўрапейскі кірунак дзейнасці МЗС. Мяркуецца, што падчас гэтай гутаркі тэма супрацы Беларусі і Еўрасаюза будзе абмяркоўвацца больш паглыблена. Адпаведна, і паведамленне пра гэтую сустрэчу мы плануем зрабіць больш пашыраным».

З кім яшчэ спадар Віганд будзе сустракацца ў Беларусі?

Кіраўнік Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч сказаў «Свабодзе», што ні яго асабіста, ні прадстаўніка Руху на сустрэчу з брусельскім чыноўнікам не запрашалі.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў: «Раней нас запрашалі на сустрэчы з Вігандам за тыдзень-два да ягонага прыезду. Пакуль у мяне ніякага запрашэння няма. Наагул, складаецца ўражанне, што пазбяганне сустрэч з апазіцыяй стала новай прыкметай брусельскай дыпламатыі».

Не атрымаў запрашэння на сустрэчу з Вігандам і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Паводле не пацверджанай пакуль інфармацыі, еўрапейскі чыноўнік у Мінску сустракаецца з аналітыкамі і праваабаронцамі.

 Пазаўчора дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў выказаў «Свабодзе» здзіўленне, што візыт Гунара Віганда пакрыты таямніцай:

«Дастаткова дзіўная сітуацыя з прыездам досыць высокага еўрапейскага чыноўніка. Чамусьці ўсё трымаецца ў таямніцы. Наколькі мне вядома з маіх вартых даверу крыніц, спадар Віганд сёння сустракаецца з асобнымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Аднак ні Нацыянальная платформа, якая існуе ў межах Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, ні прадстаўнікі праекта «Рэфорум», які звязаны з падтрымкай Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі, на гэтую сустрэчу не запрошаныя. А такія структуры, дачынныя да ініцыятыў «Усходняга партнёрства», павінны быць на падобных сустрэчах, і іх пазіцыя павінна ўлічвацца на тых перамовах, якія будзе весці Гунар Віганд з кіраўніцтвам Беларусі.

Да таго ж на сустрэчы спадара Віганда з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці будзе весціся абмеркаванне такіх крыху дзіўных пытанняў, як, да прыкладу, пенсійная рэформа, дыспрапорцыя развіцця беларускіх рэгіёнаў, Балонскі працэс. Ніякага абмеркавання сітуацыі з правамі чалавека, палітычнай сітуацыі, наколькі мне вядома, там няма».


Другие публикации