У траўні 2015 года ў Мінску пройдзе канферэнцыя, прысвячаная 30-годдзю пачатку перабудовы ў СССР

04.12.2014
Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»

Аб’яўляены збор заявак на ўдзел у ІV Міжнароднай навуковай канферэнцыі Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера».

Тэма канферэнцыі 2015 года: «Па-за савецкім канонам: палітычны супраціў, акадэмічная і мастацкая аўтаномія ў познесавецкі перыяд (1960-80-я годы)».

Мерапрыемства прысвячаецца 30-гадоваму юбілею пачатку перабудовы ў Савецкім Саюзе.

 

 

Арганізатары і партнёры:

Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская, польская.

Канферэнцыя будзе праходзіць 15-16 траўня 2015 года.

У 2015 годзе спаўняецца 30 гадоў пачатку палітыкі перабудовы ў Савецкім Саюзе. Яшчэ і зараз тыя краіны, якія ўваходзілі ў СССР ці ў камуністычны блок, пазначаюцца як «постсавецкія» ці «посткамуністычныя». Камуністычная спадчына паўстае як важны фактар, вызначальны для выбару траекторыю развіцця краін рэгіёна, асабліва значным ён з’яўляецца для тлумачэння адставання ці залежнасці. Адпаведна, многія знакавыя дыскусіі апошніх двух дзесяцігоддзяў прысвечаны «развітанню з мінулым» ці «прапрацоўцы камунізму». Але ці настолькі мы залежныя ад свайго мінулага?

Больш за тое, ці варта разумець камуністычную сістэму як маналітную, цалкам упарадкаваную і ідэалагічна кантраляваную? Разрахунак з мінулым можа быць поўным, толькі калі мы зразумеем складанасць і шматвымернасць працэсаў, якія адбываліся ўнутры грамадства, пад знешнім камуфляжам упэўненага будаўніцтва сацыялізму.

У межах дадзенай канферэнцыі мы хочам прыўзняць тыя аспекты грамадскага і інтэлектуальнага жыцця, якія знаходзіліся па-за жорстка вызначаным сацыялістычным канонам думкі і дзеяння. Маецца на ўвазе не толькі розныя дысідэнцкія і нонканфармісцкія рухі, але і патрабаванні навуковай і мастацкай аўтаноміі, спробы выхаду і пераадолення рэгламентацый, нацыянальная тэматыка па-за межамі дазволенай «этнаграфічнасці». Праз такую прызму распад СССР ужо цяжка ўспрыняць як «геапалітычную катастрофу», хутчэй, гэта выхад на паверхню аўтанамісцкіх і дэцэнтралізатарскіх тэндэнцый, рэалізацыя іх патэнцыялу ў спрыяльным асяроддзі эканамічнага і палітычнага крызіса.

Ускладненне карціны савецкага мінулага цягне за сабою і роздумы над генеалогіяй посткамуністычных грамадств. Наколькі мы паходзім з эканамічных і палітычных рэгламентацый, наколькі мы захоўваем пераемнасць эліт, наколькі мы здольныя памятаць традыцыі адстойвання вольнасці думкі?

Плануецца, што ў канферэнцыі прымуць удзел каля 40 навукоўцаў з Беларусі і краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Асноўныя тэмы для разгляду:

  • Дысідэнцкі рух, нефармальныя арганізацыі 1960-80-х гадоў;
  • Акадэмічная аўтаномія, вольнадумства ў навуцы, нацыяналізацыя гісторыі ў позні савецкі/камуністычны перыяд;
  • Эканамічная актыўнасць па-за планавым размеркаваннем у краінах сацыялістычнага лагера;
  • Літаратура і крытыка савецкай і камуністычнай сістэмы, гістарычны рамантызм як пераадоленне сацрэалістычнага канона;
  • Мастацкі авангард па-за межамі рэгламентацый;
  • Моладзевыя субкультуры, стыль як пратэст.

Тэхнічныя дэталі

Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна даслаць:

  • CV на любой працоўнай мове;
  • тэзісы выступу памерам у 2-3 тыс. друкаваных знакаў на любой працоўнай мове;
  • паведаміць, ці патрабуецца вам візавая падтрымка.

Заяўку неабходна даслаць на адрас электроннай пошты: [email protected] да 1 сакавіка 2015 года.

Арганізатары аказваюць дапамогу ў атрыманні беларускай візы. Плануецца, што па выніках канферэнцыі выйдзе тэматычны нумар навуковага часопіса «Палітычная сфера».


Другие публикации