Адкрытая лекцыя Андрэя Аляксандрава «Хто будзе плаціць за якасную журналістыку?»

15.12.2014
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

17 снежня, у сераду, у Мінску адбудзецца заключная лекцыя «другога сезона» адкрытых лекцый «Галоўнае пытанне».

Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», Лятучы ўніверсітэт і «Беларусский журнал» запрашаюць на адкрытую лекцыю беларускага журналіста, даследчыка медыясферы Андрэя Аляксандрава на тэму: «Хто будзе плаціць за якасную журналістыку?».

Журналістыка — свабодная, незалежная, якасная — была і застаецца важным інструментам будавання здаровага грамадства, а СМІ — істотнай пляцоўкай для грамадскай дыскусіі. Але ў наш час, час новых медыя і панавання Інтэрнэта, традыцыйная бізнес-мадэль навінавых медыя руйнуецца. Актуальным становіцца пытанне: хто і якім чынам будзе аплочваць якасную і незалежную журналістыку?

Сусветныя навінавыя медыя шукаюць адказы на гэтае пытанне. Узнікаюць і апрабоўваюцца новыя бізнес-мадэлі, аднак яшчэ ніхто не знайшоў канчатковага адказу; ніхто яшчэ не крыкнуў: «Эўрыка! Журналістыка ўратаваная!».

Асаблівасці медыя-рынку Беларусі робяць праблему яшчэ больш вострай. Дзяржаўныя СМІ фінансуюцца за кошт бюджэту і адміністратыўнага рэсурса. Недзяржаўныя часта абапіраюцца на замежную падтрымку. У выніку складаецца ўнікальная сітуацыя: беларускае грамадства фактычна не аплочвае беларускую журналістыку.

Гэта вядзе нас да шэрагу пытанняў:

  • Ці магчыма ўжываць у Беларусі мадэлі манетызацыі навіновых СМІ, якія зараз апрабоўваюцца на Захадзе?
  • Ці ствараюць беларускія журналісты кантэнт, за які можна плаціць?
  • І што такое ўвогуле «якасная журналістыка»?
  • Якім чынам беларускія журналісты адказваюць перад грамадствам, ад якога чакаюць «аплаты» сваёй працы, і ці чакаюць яны яе ўвогуле?

Запрашаем паразважаць над гэтымі пытаннямі разам з Андрэям Аляксандравым падчас лекцыі.

Адкрытая лекцыя Андрэй Аляксандрава «Хто будзе плаціць за якасную журналістыку?» адбудзецца 17 снежня 2014 года ў Крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» (Мінск, прасп. Незалежнасці, 58/6). Пачатак у 19.00. Уваход вольны!

Мерапрыемства адбудзецца ў межах цыкла адкрытых лекцый «Галоўнае пытанне», першая частка якога прайшла ў вернасні-кастрычніку гэтага года. Калі ў «першым сезоне» пра «галоўныя пытанні» разважалі сябры калегіума Лятучага ўніверсітэта — інтэлектуалы, навукоўцы ды даследчыкі, то гэтым разам мы запрасілі да ўдзелу прадстаўнікоў адной з самых дынамічных ды прадлемных сфер — сферы медыа, сродкаў массавай інфармацыі ды каммунікацыі.

UPD.: Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Раней у цыкле «Галоўнае пытанне» адбылся адкрытыя лекцыі:


Другие публикации