Свецкае жыццё на тэктанічным разломе. Гісторыя Ларачкі (Фота і відэа)

22.12.2014
Петр Кухта, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота аўтара

У мінскім клубе «ДК» адбылася прэм’ера «Ларачкі ў эпоху перамен» — другой дакументальнай стужкі праекта «Гісторыя Б. 1917-1941 гг.».

Праект — гэта серыя дакументальных фільмаў пра малавядомы перыяд гісторыі Беларусі: ад рэвалюцый 1917 года да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гэта аповед пра час, пра з’явы, пра падзеі. Пра ўсё, што так ці іначай рабіла Беларусь такой, якая яна ёсць сёння. Дзейсныя асобы — выбітныя персоны той эпохі. Героі яны ці ахвяры абставін — гэта няхай глядач вырашае самастойна.

Нагадаем, праект стартаваў у сакавіку гэтага года фільмам «Сяргей Пясецкі. Наш выбітны ліхадзей» у сталічным «Loft cafe». Пасля абаяльнага злодзея і махляра другой асобай цыкла нечакана становіцца далёкая ад свету першай стужкі прыма Опернага тэатра Ларыса Пампееўна Александроўская.

У гэтым годзе з дня нараджэння Ларысы Александроўскай споўнілася 110 года, але, паводле стваральнікаў стужкі, на юбілей яны мала арыентаваліся. Александроўская зацікавіла сваім характарам, реэалізацыя самой сябе ў эпоху катастроф і войн.

«Александроўская — гэта быў выбар рэжысёра Алены Верашчагінай. Ну а я стараўся як мага менш тлумачыць рэжысёру, што і як яму рабіць. Хутчэй, мы рабілі разам, — распавёў падчас прэм’еры прадзюсер стужкі Леанід Каліценя. — Мая ідэя праекта палягала менавіта ў ахваце 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. Чаму? Бо мяне, у пэўным сэнсе, не тое, каб раздражняла, але было незразумелым тое, што гісторыя Беларусі ў газетна-тэлевізійным наратыве гучыць прыкладна так: «пасля вайны» і «партызаны». Адкуль, што, чаму... Што было «да вайны»? Задумка была, каб паглядзець на 1920-30-я гады з іншага пункту погляду: што за людзі там былі, што яны рабілі, як апраналіся, куды хадзілі адпачываць і г.д. Мы ведаем пра рэпрэсіі, расстрэл паэтаў, але не ведаем пра галодны бунт у Мінску 1930-х, не ведаем пра свецкае жыццё, а яно было. Ну, вось з’явіўся оперны тэатр — не мог жа ён паўстаць вось проста так».

Леанід Каліценя зазначае, што праца над фільмамі цыкла прынесла адчуванне, што «мноства цікавых старонак жыцця Мінска, Беларусі тых гадоў — нібыта сцёртыя»:

«Трэба зразумець Беларусь даваенную — можа, больш зразумеем і яе далейшае жыццё. Хаця тэма выклікала ў людзей, з якімі я яе абмяркоўваў, пэўнае непаразуменне: чаму пра гэта, чаму Александроўская, чаму не што-небудзь больш сучаснае? Але я адчуваў, што гэты матэрыял запатрабаваны — проста спрос на такія фільмы яшчэ не сфарміраваўся».

Рэжысёр фільма Алена Верашчагіна кажа, што найбольшы ўплыў на яе ў працэсе стварэння фільма зрабілі кнігі прафесара славістыкі Стакгольмскага ўнівесітэта Бенгта Янгфельдта пра Уладзіміра Маякоўскага і Іосіфа Бродскага: «Незвычайна цікавыя даследаванні з асабістымі ўражаннямі сучаснікаў».

«Мы таксама абапіраліся на фактуру той пары — выкарыстоўвалі дзённікі Александроўскай, успаміны пляменніцы. Фільм здымалі паўтара гады таму, а на момант яго выхаду ў свет, як бачым, мы самі ўжо апынуліся на такім жа тэктанічны разломе эпох», — зазначае рэжысёр.

Алену цікавіла, як гэтыя незвычайныя асобы паводзілі сябе ў сітуацыях жорсткага маральнага выбару, якія ў той час выпадалі амаль на кожнага грамадзяніна, на публічных ды вядомых — часцей усяго.

Трэба заўважыць, што не менш за палову фільма прысвечана не наўпрост Александроўскай, хутчэй, тагачаснаму Мінску.

«Увесь час адводзіць гледача ў гістарычны фон — гэта быў свядомы ход. Мода, адпачынак, бурлівае свецкае жыццё, якое сцёрлі, а мы хочам аднавіць», — кажа Верашчагіна.

«Мы не ведаем шмат каго з людзей, якія рабілі нашу гісторыю. Гэта той прабел, які варта запоўніць, каб адчуваць сябе паўнавартаснымі людзьмі», — рэзюмуе вядоўца пасляпрэм’ернай дыскусіі, журналіст Павел Свярдлоў.

Глядзіце д/ф «Ларачка ў эпоху перамен»:


Другие публикации