Андрэй Ягораў: Апазіцыя да выбараў не гатовая, а Лукашэнка працягне гульню ў міратворца

19.01.2015
Радыё «Свабода»

Ці адбудзецца сёлета лібералізацыя грамадска-палітычнага жыцця? Якой будзе выбарчая кампанія? Як будуць развівацца стасункі між афіцыйным Мінскам і Захадам? Канфлікт ва Украіне: чыёй пазіцыі трымаецца Аляксандр Лукашэнка і што чакае праграму «Усходняе партнёрства»?

Свае меркаванні на гэты конт «Свабодзе» выказаў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў.

Андрэй Ягораў скептычна ставіцца да гатоўнасці ўладаў лібералізаваць у год прэзідэнцкіх выбараў грамадска-палітычнае жыццё. Ён заўважае, што лібералізацыі на ўзор выбарчай кампаніі 2010 года не будзе. Рэжым у Беларусі не мае патрэбы ў ёй, зазначае эксперт. Пра выбарчую кампанію апазіцыі Андрэй Ягораў, кажа, што яна будзе значна горшай, чым у 2010 годзе, бо, на ягоную думку, палітычная апазіцыя не падрыхтаваная да выбараў:

«Яна ні мае ні адзінага кандыдата, ні нейкай уцямнай кааліцыі, якая б змагла зрабіць асэнсаваным палітычны ўдзел апазіцыі ў гэтых выбарах. Таму ўсё карыснае, што можа зрабіць беларуская апазіцыя: папросту не ўдзельнічаць у гэтых выбарах, але яна не можа гэтага зрабіць па розных суб’ектыўных прычынах. Мы будзем назіраць дужа бессэнсоўную кампанію, падобнай да тых, якія былі і ў папярэднія гады».

Што да пазіцыі ўлады адносна выбараў, то Андрэй Ягораў, называе яе спектаклем і гульнёй. На ягоную думку, улада будзе намагацца дэманстраваць, што на выбарах ёсць палітычная барацьба. Эксперт дапускае, што ўлада нават будзе ўзвышаць вагу апазіцыі:

«Вядома ж будуць выказванні, якія дыскрэдытуюць апазіцыю, але троху і ўздымаюць яе рэйтынг, каб паказаць, што палітычная канкурэнцыя існуе, аднак апазіцыя такая слабая, што не можа перамагчы нікога. Адзіная інтрыга застаецца: ці выпусцяць з турмаў палітвязняў і ці дазволяць кампанію праводзіць адкрыта, ці будуць пераследаваць удзельнікаў, як звычайна».

Андрэй Ягораў лічыць, што Аляксандр Лукашэнка працягне разыгрываць міратворчую карту ва Украіне, дэманструючы нейтральнасць. Тым не менш, на думку палітолага, кіраўнік беларускай дзяржавы ўсё адно трымацца прарасійскай пазіцыі у канфлікце. Эксперт нагадвае, што Беларусь па рэзалюцыі ў ААН па тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны падтрымала расійскі бок, а таксама на сваёй тэрыторыі мае расійскія вайсковыя базы:

«Лукашэнка паўтарае тую ж самую пазіцыю, якую мае Расія, што ва Украіне — грамадзянская вайна, ён не называе, хто ёсць хто ў гэтым канфлікце, — тлумачыць Ягораў. — Хаця зразумела, што гэта расійская агрэсія супраць Украіны і без расійскай падтрымкі сепаратыстаў нічога б там не было».

Разам з тым, адзначае Андрэй Ягораў, Лукашэнка ўмела дэманструе і прыхільнасць да Украіны, паколькі яна важны эканамічны партнёр Беларусі:

«Так ён між двух агнёў мітусіцца. Магчыма, для яго гэта аптымальная пазіцыя. Ён любіць гуляць словамі. У яго гэта атрымліваецца і ён выкручваецца. Тэатральны драматызм сітуацыі ён разыгрывае даволі добра і, гледзячы па рэакцыі, як гэта ўспрымаецца ва Украіне, у Еўрасаюзе, Расіі, — гэта яму ўдаецца».

Андрэй Ягораў наведаў Магілёў дзеля ўдзелу ў дыскусіі адносна праграмы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства», якая праходзіла ў сядзібе абласной арганізацыі Партыі БНФ. У ёй сабралі два дзясяткі актывістаў мясцовай апазіцыі.

Ініцыятыва Еўрасаюза адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі і яе будучыні, зазначыў у інтэрв’ю «Свабодзе» Андрэй Ягораў. Цяперашні беларускі рэжым, на ягоную думку, не можа адэкватна гэтую праграму ўспрыняць, бо Усходняе партнёрства вымагае палітычных рэформ, лібералізацыі і збліжэння са стандартамі Еўрасаюза ў галіне дэмакратыі, дзяржаўнага кіравання, незалежнасці судовай сістэмы і юстыцыі:

«Гэта той кошт, які не можа заплаціць лукашэнкаўскі рэжым, таму Усходняе партнёрства ў Беларусі прасоўвацца дужа кепска, — кажа эксперт. — Улада пэўныя інструменты бярэ для рэалізацыі, а нешта выкідвае. Тым не менш, для будучыні краіны Усходняе партнёрства — вельмі добрая ініцыятыва».

Андрэй Ягораў нагадвае, што Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая не мае дамовы з Еўрасаюзам пра партнёрства і кааперацыю. Стасункі між афіцыйным Мінскам і Еўрасаюзам пасля рэферэндума 1996 года маюць цыклічны характар: ад замарозкі з увядзеннем санкцый да аднаўлення кантактаў. Перад прэзідэнцкімі выбарамі, кажа эксперт, звычайна ажыўляецца дыялог. Пасля выбараў адносіны пагаршаюцца да ахалоджвання.

З канца 2013 года фаза цыкла прыпадае на наладжванне кантактаў. Адбываюцца візіты ў Мінск высокіх еўрапейскіх чыноўнікаў, тое ж робяць і беларускія чыноўнікі з Міністэрства замежных спраў. На думку Андрэя Ягорава, бакі маглі б дамовіцца пра прыймальны ўзровень адносін, але пры выкананні базавых ўмоў Захаду:

«Трэба выпусціць палітычных вязняў. А па-другое — гэта правядзенне больш-менш свабодных дэмакратычных выбараў. Еўрапейцы, вядома ж, хацелі б, каб яны былі цалкам свабодныя і дэмакратычныя, але іх бы задаволіла і паляпшэнне ўмоў выбараў і адсутнасць такіх вычварэнняў, якія былі пры канцы 2010 года. Калі гэтыя дзве ўмовы былі б выкананыя, то мы б маглі б разлічваць на больш нармальны ўзровень адносін з Еўрасаюзам».

На думку Андрэя Ягорава, цяпер праграма «Усходняе партнёрства» ў крызісе. Пасля падпісання дамовы пра асацыяцыю з Еўрасаюзам Малдовы, Грузіі ды Украіны перад Еўрасаюзам паўстае пытанне, што рабіць з краінамі-ўдзельнікамі ініцыятывы, якія не падпісалі такой дамовы. Падзеі ва Украіне паказалі, казаў Андрэй Ягораў, што не толькі ўрад адказвае за еўрапейскі шлях развіцця нацыі, але і грамадзянская супольнасць, пры гэтым інтарэсы ўраду не заўжды супадаюць і нават супярэчаць інтарэсам грамадзянскай супольнасці. Што да беларускай перспектывы Усходняга партнёрства, то, як заўважае эксперт, калі ўмовы Еўрасаюза не будуць выкананыя, то Захад можа наважыцца на цынічны фармат адносін з афіцыйным Мінскам, як тое адбываецца цяпер з Азербайджанам.


Другие публикации