«Перамовы ў Мінску — найлепшы варыянт для Пуціна»

09.02.2015
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

Кіраўнікі Расіі, Украіны, Германіі і Францыі правядуць у сераду, 11 лютага, сустрэчу ў Мінску, прысвечаную ўрэгуляванню ўкраінскага крызісу.

«Свабода» апытала беларускіх палітыкаў і палітолагаў, наколькі Мінск пасуе для такой сустрэчы.

Не трэба перабольшваць значэнне Мінска

Каментуючы чаканы саміт у Мінску, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначыў, што гэта найлепшы варыянт для прэзідэнта Расіі.

Акрамя таго, мінскі фармат сімвалічна падыходзіць і для сустрэч з Еўрасаюзам, і з еўразійскай тройкай:

«Для яго гэта найбольш прымальная з тактычнага пункту гледжання пляцоўка. Для астатніх удзельнікаў перамоў Мінск таксама падыходзіць.

Але ж не трэба і перабольшваць значэнне Мінска. Яно застаецца выключна тэхнічным. Мінск не грае нейкай ролі як міратворца. І Беларусь фактычна не мае ўплыву на гэты працэс.

Разам з тым, Лукашэнка мае і пэўныя дывідэнды ад мінскай сустрэчы — ён дае месца для перамоў. І гэта досыць пазітыўна ўплывае на імідж Беларусі, імідж дзейнага тут рэжыма. Захад цяпер больш лаяльна глядзіць на магчымыя перамовы і дыялог з Беларуссю».

Гэта будзе яшчэ адзін крок наперад, — Самасейка

Чаканую сустрэчу «Нармандскай чацвёркі» ў Мінску вітае старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка:

«Мінск, на маю думку, найбольш адпавядае правядзенню сустрэчы кіраўнікоў краін у т.зв. «Нармандзкім фармаце».

Я, мабыць, не скажу лепей за кіраўніка нашай дзяржавы. А ён падчас адкрытага дыялогу з журналістамі на апошняй прэсавай канферэнцыі сказаў, што пачынаць перамовы ў нейкім іншым месцы, напрыклад, у Астане, — гэта ўсё роўна што пачынаць з нуля.

Я ўпэўнены, што мінскія дамоўленасці ўжо сталі хадзячай назвай. На іх дасягнуты пэўны прагрэс. І таму лагічна праводзіць новыя перамовы ў новым фармаце менавіта на мінскай пляцоўцы. Бо калі праводзіць новыя перамовы ў нейкім іншым месцы, то ўзнікае трывога за тое, што мінскія дамоўленасці могуць быць дэзавуіраваныя. А так гэта працяг. І яшчэ адзін крок наперад».

Дабравольскі: «Мінск абраны ад безвыходнасці»

Лідэры Францыі і Германіі разумеюць, што перамовы ў Мінску могуць стаць апошняй спробай спыніць вайну ва Украіне, — адзначае сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:

«І таму, я думаю, яны хочуць выкарыстаць усе магчымыя сродкі, каб спыніць гэты канфлікт. Хоць зрабіць гэта і будзе вельмі цяжка.

Я разумею, што гэтая ідэя прыехаць у Мінск узнікла ад безвыходнасці, ад пачуцця таго, што ні тое, ні гэтае не ўдаецца. Але думаю, што Мінск — не найлепшае месца для гэтага, бо Лукашэнка за апошнія гады зрабіў усё, каб быць залежным ад Расіі. Ад самастойнасці ў нас, на жаль, засталося вельмі мала. Тым не менш, калі атрымаецца, то дзякуй Богу — будзе добра.

Але калі думаць пра тое, што за парушэнні правоў чалавека і за тое, што ў Беларусі няма дэмакратыі і свабоды слова, за тое, што людзям не даюць магчымасці змяніць уладу, наша краіна знаходзіцца пад санкцыямі, і ў гэтую краіну прыяжджаюць лідэры еўрапейскіх краінаў, — гэта таксама праблема.

Не ведаю, якія праблемы, акрамя расійска-ўкраінскай вайны, лічаць цяпер галоўнымі ў Еўрасаюзе. Але падобна, што беларуская праблема знаходзіцца на другім ці трэцім плане. Шкада, аднак такая рэчаіснасць».


Другие публикации