Аляксандр Лукашэнка хоча перафарматаваць Усходняе партнёрства (Відэа)

18.04.2015
Belsat.eu

Пра свой намер змяніць Усходняе партнёрства Аляксандр лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з Еўракамісарам у пытаннях палітыкі добрасуседства Ёганэсам Ганам. Паводле кіраўніка краіны, Мінск зацікаўлены перадусім у пашырэнні эканамічных кантактаў.

Палітычныя пытанні за дужкамі, а перадусім вырашэнне эканамічных праблем. Такое бачанне Усходняга партнёрства ў Мінску прапанаваў Аляксандр Лукашэнка Ёганэсу Гану, еўракамісару ў пытаннях палітыкі суседства.

Апроч кіраўніка краіны еўракамісар правеў працоўную сустрэчу і з прадстаўнікамі апазіцыі. Размова праходзіла за закрытымі дзвярыма і еўракамісар папрасіў яго не цытаваць, таму адзін з удзельнікаў сустрэчы Анатоль Лябедзька падзяліўся толькі тымі тэмамі, якія агучваў сам.

«Размаўлялі пра Украіну, бо там вырашаецца будучыня Беларусі, па-другое — свабодныя выбары і размарозка пляцоўкі 1999 года, калі быў перамоўны працэс паміж уладамі і апазіцыяй», — гаворыць Анатоль Лябедзька, старшыня АГП.

Чакаецца што новая стратэгія Усходняга партнёрства будзе агучаная 21-22 траўня падчас Саміта ў Рызе. Палітолаг Андрэй Ягораў лічыць, што паніжэнне палітычных амбіцый Усходняга партнёрства адносна Беларусі, а менавіта гэтую формулу прапаноўвае Лукашэнка, не дадасць стабільнасці ў рэгіёне.

Паводле старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага мэта Мінска ў дыялогу з Еўрасаюзам — гэта атрыманне дапамогі на падтрыманне эканамічнай сістэмы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Гэты мэсэдж Бяляцкі агучыў напярэдадні, выступіў перад дэпутатамі Еўрапарламента.

«Мы прапануем не верыць беларускім уладам і патрабаваць дэмакратызацыі, у адваротным выпадку гэтыя кантакты будуць ісці на карысць беларускаму рэжыму», — сказаў праваабаронца.

Паводле Бяляцкага Еўропе варта працягваць палітыку санкцый супраць уладаў Беларусі. Яна будзе актуальная, пакуль у нас застаюцца палітычныя зняволеныя. Зрэшты еўрапейцы апошнім часам робяць акцэнт на іншае, а менавіта на імідж міратворца, які атрымаў Лукашэнка ад Мінскіх перамоў.

Belsat.eu


Другие публикации