Еўракамісар Ган у Мінску: важны візіт з незразумелымі вынікамі

18.04.2015
Радыё «Свабода»

Казаць пра вынікі афіцыйнага візіту ў Беларусь еўракамісара па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Ёганэса Гана пакуль заўчасна, — такой думкі прытрымліваюцца эксперты.

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у размове з Радыё «Свабода» звярнуў увагу на тое, што візіт еўракамісара адбываўся ў кантэксце падрыхтоўкі да Саміта Усходняга партнёрства ў Рызе, а таксама ў час перагляду еўрапейскай палітыкі суседзтва ў цэлым.

«Сёння Еўрасаюз хоча пэўным чынам упэўніцца ў наяўнасці ў беларускіх уладаў нейкай палітычнай волі да рэформ і волі да збліжэння з Еўрасаюзам, а таксама далейшых планаў уладаў наконт удзелу ва Усходнім партнёрстве — на што яны гатовыя, на што не гатовыя і ў якім фармаце гэта можна працягваць далей. Прыкладна ў гэтым і ёсць сутнасць гэтага візіту», — кажа Ягораў.

Лукашэнка, у сваю чаргу, якраз выступіў з прапановай перафарматаваць праграму «Усходняе партнёрства» «з звычайнай палітыкі да больш цеснага канкрэтнага супрацоўніцтва, заснаванага на вырашэнні эканамічных праблем». Але ці гатовыя ў Еўрасаюзе да падобнага перафарматавання?

Паводле слоў Ягорава, заява Лукашэнкі, у прынцыпе, адпавядае тым больш гнуткім і дыферэнцыяваным падыходам, да якіх схіляюцца цяпер у Еўрасаюзе.

Сёння ў ЕС якраз і абмяркоўваецца магчымасць таго, каб фармат супрацоўніцтва з краінамі-партнёрамі вызначаўся ў залежнасці ад прапаноў і амбіцый саміх краін-партнёраў. «Ёсць меркаванне, што неабходна забяспечыць такі фармат супрацоўніцтва, у якім гэтыя краіны сапраўды б жадалі тых рэформ, якія ўзгадняюцца з ЕС, каб яны не імітавалі працэс збліжэння, а нешта рэальнае рабілі», — адзначае палітолаг.

«Лукашэнка, у прынцыпе, у гэтым рэчышчы і выказваецца. І кажа пра тое, што нам не цікавае палітычнае супрацоўніцтва, нам цікавае эканамічнае супрацоўніцтва. Думаю, што Еўрасаюз цяпер гатовы чуць такія рэчы, але, думаю, ён не гатовы даваць грошы проста так, без нейкага руху ў рэформах у гэтых краінах. І нават калі гэта эканамічнае супрацоўніцтва, то гэтае супрацоўніцтва звязанае хаця б пэўнымі рэформамі юстыцыі і ўнутранага кіравання. Бо, напрыклад, калі мы кажам пра нейкае большае інвестыцыйнае супрацоўніцтва або пашырэнне гандлю, то неабходна ўпэўніцца ў бяспецы тых інвестыцый, якія могуць пайсці з Еўрасаюза, у празрыстасці працэдур, якія ёсць у кіраванні краінаю, у неабходнасці гарантыі ўласнасці для еўрапейскіх кампаній, якія могуць прыйсці на беларускі рынак. То бок Еўрасаюз усё роўна не гатовы супрацоўнічаць у рэжыме без аніякіх умоў, бо ёсць пэўныя агульныя правілы, якія неабходна выконваць, калі мы жадаем больш шырокага супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам», — тлумачыць Ягораў.

Ягораў кажа, што сам па сябе візіт еўракамісара Гана ў Мінск — гэта падзея важная, але лічыць гэта сведчаннем нейкага прарыву ў адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам нельга. Хутчэй гэта ўкладаецца ў логіку «ўзноўленага супрацоўніцтва і пашырэння кантактаў», якая назіраецца з канца 2013 года, калі былі адкрытыя перамовы пра спрашчэнне візавага рэжыму, пачаўся абмен двухбаковымі кантактамі, а потым у сувязі з украінскім канфліктам Беларусь стала пляцоўкай для перамоў.

«Таму ў гэтым візіце няма нейкага вельмі моцнага прарыву. Тут, хутчэй, узмацненне трэнду, які мы назіраем апошнія гады, а асабліва інтэнсіўна апошнія паўгода», — кажа Ягораў.

Еўракамісар Ёганэс Ган знаходзіўся ў Мінску з афіцыйным візітам 16-17 красавіка. Спачатку Ган сустракаўся з прадстаўнікамі апазіцыі, на наступны дзень — з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

Візітаў у Мінск прадстаўнікоў Еўрасаюза такога ўзроўню не было з 2010 года. Апошні раз еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы суседзтва — тады гэтую пасаду займаў Штэфан Фюле — наведваў Беларусь у лістападзе 2010 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.


Другие публикации