Уладзімір Мацкевіч: Спадзяванняў на Рыжскі саміт быць не павінна (Аўдыё)

02.05.2015
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

«Вялікіх спадзяванняў на Рыжскі саміт Усходняга партнёрства быць не павінна», — мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

21-22 траўня ў латвійскай сталіцы мае прайсці сустрэча ўдзельнікаў праграмы «Усходняе партнёрства». У канчатковай дэкларацыі, паводле Радыё «Свабода», нягледзячы на чаканні, Украіна, Грузія і Малдова не атрымаюць яснага сігналу наконт шанцаў па далучэнні да Еўрасаюза.

«Дзейнасць гэтай праграмы ўжо паказвае, што яе вага для ЕС зніжаецца, — кажа Уладзімір Мацкевіч. — Можа ўвогуле паўстаць пытанне пра мэтазгоднасць захавання гэтай ініцыятывы Еўрапейскага Саюза, бо паразуменне паміж шасцю краінамі-партнёрамі за час існавання амаль не дасягнута ніяк. Усе краіны будуюць свае стасункі з Еўрасаюзам паасобку».

Праграма «Усходняе партнёрства» мела на мэце больш шчыльнае эканамічнае супрацоўніцтва шасці былых краін Савецкага Саюзу з Еўрасаюзам.

У канчатковай мэце яна мела прывесці да ўвядзення бязвізавага рэжыму для грамадзян Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Украіны Малдовы і Беларусі.

Грузія, Україна і Малдова падпісалі дамовы аб асацыяцыі з ЕС. Грамадзяне Малдовы таксама маюць магчымасць бязвізавага перамяшчэння па Еўропе.

* * *

Беларусь атрымала раўнапраўнае запрашэнне на Рыжскі саміт. Пра гэта паведаміла прадстаўніца беларускага МЗС Марыя Ваньшына. Паводле яе, Аляксандр Лукашэнка цяпер мае вырашыць, хто будзе прадстаўляць Беларусь на Саміце ў латвійскай сталіцы.

Такія ж раўнапраўныя запрашэнні Беларусь атрымлівала і на ўсе папярэднія саміты Усходняга партнёрства, але Лукашэнкі ні разу на іх не ездзіў, кажа Уладзімір Мацкевіч.

«Ні разу Лукашэнка не даў зразумець, што ён ставіцца да гэтай ініцыятывы не тое што прыязна, але бачыць у ёй нейкую карысць для краіны. У сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў рэгіёне і расійска-украінскай вайной Лукашэнка крыху падвысціь свой статус ва Усходнім партёрстве. І гэтыя гульні, якія разгарнуліся па нібыта ўладкаванню адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, могуць паспрыяць таму, што ён і сам туды наведаецца».

Уладзімір Мацкевіч пры гэтым адзначае, што на ўдзел ці няўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў Рыскім саміце Усходняга партнёрства 21-22 траўня ўплывае таксама і пазіцыя Масквы.

На гэтым тыдні Расійскі МЗС чарговы раз раскрытыкаваў Усходняе партнёрства, назваўшы яго непрыязным Расіі.

Ініцыятыва ЕС «Усходняе партнёрства» стартавала ў 2009 годзе пасля расійска-грузінскай вайны і накіраваная на павелічэнне супрацы Еўрасаюза з шасцю ўсходне-еўрапейскімі і каўказскімі краінамі. Апрача Беларусі ініцыятывай ахоплены Україна, Малдова, Грузія, Арменія і Азербайджан.

Беларускае Радыё Рацыя


Другие публикации