Пытанне Нацыянальнага ўніверсітэта

04.05.2015
Таццяна Вадалажская, Лятучы ўніверсітэт

57 беларускіх дзеячоў склалі заяву, у якой заклікаюць да стварэння незалежнага Нацыянальнага ўніверсітэта. Я таксама мару пра такі ўніверсітэт. І не толькі мару.

«Лятучы ўніверсітэт — гэта праграма стварэння сапраўднага сучаснага Універсітэта ў Беларусі і для Беларусі» — напісана на нашых «штандартах». І досвед 5 гадоў працы ў гэтым накірунку дае падставы для таго, каб акрэсліць тыя крокі, якія тут і зараз з’яўляюцца галоўнымі на гэтым шляху.

Праўда, перад тым, каб іх агучыць, варта зазначыць тое, што я маю на ўвазе, прамаўляючы словы «Нацыянальны ўніверсітэт» (бо, як часта здараецца з такімі рэчамі, пры агульнай згодзе ў словах, мы можам цалкам па-рознаму бачыць іх сутнасць).

Нацыянальны ўніверсітэт — гэта месца, супольнасць і арганізацыя жыцця, якія забяспечваюць развіццё мыслення і культуры Беларусі, якія ствараюць умовы для фармавання нацыянальнай эліты — людзей, здольных да таго, каб разглядаць Беларусь як сваю справу і клопат. То бок калі казаць пра адукацыю ў такім універсітэце, то людзі павінны ісці сюды не для прафесійнай падрыхтоўкі, хоць бы і вельмі якаснай, а для адукацыі.

Дык, вяртаючыся да высноў пра неабходныя крокі станаўлення Нацыянальнага ўніверсітэта Беларусі, я магу вызначыць наступнае:

  1. Развіццё інтэлектуальнай (акадэмічнай, універсітэцкай) супольнасці, здольнай да таго, каб «Думаць Універсітэт», то бок прымаюць на сябе рашэнне праблем і задач у пошуку і канцэптуалізацыі зместу адукацыі і арганізацыі мыслення ва ўніверсітэце, зыходзячы з задач нацыянальнага развіцця і разумення агульных кантэкстаў развіцця мыслення і адукацыі. Часам найлепшыя выкладчыкі проста не бачаць сябе ў гэтай якасці, а супольнае мысленне і практыка ў гэтым накірунку пакуль вельмі малая.
  2. Пошук адэкватных сітуацыі развіцця Беларусі зместу адукацыі і форм мыслення, уласна, пошук канцэптуальнага рашэння для Нацыянальнага ўніверсітэта. Нажаль, простым пераносам «еўрапейскіх стандартаў» вышэйшай адукацыі тут немагчыма абыйсціся. Хутчэй, варта весці гаворку пра ўключэнне ў шэраг новых ініцыятыў і пошукаў, якія робяць еўрапейскія ўніверсітэты. У гэтых пошуках яны спрабуюць пераадолець «крызіс універсітэтаў», якія ідуць па шляху масавай падрыхтоўкі для рынку працы, але страчваюць сваю ўніверсітэцкую сутнасць.
  3. Аднаўленне або стварэнне ў краіне месца інтэлектуала і мысляра. Сёння гэтага месца няма не толькі, дзякуючы палітыцы дзяржавы, але і амбіцыям і ўстаноўкам саміх інтэлектуалаў і мысляроў. Мы бачым сыход у «эксперты», прыватныя меркаванні (няхай і ў публічнай прасторы). Без высілкаў па стварэнні сабе такога месца і ўстанаўленні адпаведных адносін з інстытуцыямі і грамадствам Нацыянальны ўніверсітэт не зможа займаць адпаведнага свайму сэнсу месца.

Усе гэтыя тры задачы (паўтаруся, першачарговыя задачы) магчыма вырашаць толькі ў Беларусі і пры максімальным уцягванні ў іх вырашэнне самога шырокага круга патэнцыйных удзельнікаў. Як бачна, тут не вядзецца размова пра «ўстанову» — афіцыйную, зарэгістраваную, з дыпломамі дзяржаўнага ўзору. Пазначыныя вышэй задачы не звязаны з установай, таму аргумент «у Беларусі не дадуць» — не мае сэнсу.  Ніякі ўніверсітэт у эміграцыі не вырашыць гэтых задач. Ён можа вырашыць іншыя: працаўладкаванне людзей з забаронай на прафесію, стварэнне ўмоў для студэнтаў з Беларусі і г.д. Але рашэнне гэтых задач, як такіх вартых і слушных, нажаль, не наблізіць нас да Нацыянальнага ўніверсітэта.

Лятучы ўніверсітэт


Другие публикации