15-16 траўня ў Мінску пройдзе Міжнародная канферэнцыя Інстытута «Палітычная сфера»

05.05.2015
Palityka.org

Назва чарговая канферэнцыя Інстытута «Палітычная сфера» — «Па-за савецкім канонам: палітычны супраціў, акадэмічная і мастацкая аўтаномія ў познесавецкі перыяд (1960-80-я гады)».

Удзел у канферэнцыі прымуць больш за 40 спецыялістаў з Беларусі і іншых краін рэгіёну: Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі, Швецыя.

У межах Канферэнцыі плануецца прыўзняць тыя аспекты грамадскага і інтэлектуальнага жыцця, якія знаходзіліся па-за жорсткім канонам сацыялістычнага грамадства. Гэта як розныя дысідэнцкія і нонканфармісцкія рухі, так і спробы адстойваць навуковую і мастацкую аўтаномію, адстойваць нацыянальныя правы па-за межамі дазволенай «этнаграфічнасці». Праз такую прызму распад СССР ужо цяжка ўспрыняць як «геапалітычную катастрофу», хутчэй, гэта выхад на паверхню аўтанамісцкіх і дэцэнтралізатарскіх тэндэнцый, рэалізацыя іх патэнцыялу ў спрыяльным асяроддзі эканамічнага і палітычнага крызісу.

Ускладненне карціны савецкага мінулага цягне за сабою і роздумы над прыродай посткамуністычных грамадств. Наколькі мы звязаны з эканамічнымі і палітычнымі правіламі савецкага часу, наколькі захоўваецца пераемнасць структуры ўлады, наколькі захоўваецца памяць пра традыцыі супраціўлення савецкай сістэме і адстойвання ідэі свабоды?

Прадстаўнік аргкамітэта Аляксей Ластоўскі тлумачыць мэты канферэнцыі:

«Мы хочам разгледзець тыя аспекты грамадскага і культурнага жыцця, якія зараз у Беларусі знаходзяцца шмат у чым па-за ўвагай даследчыкаў, ды і шырокай грамадскасці. Агулам камуністычны час разглядаецца пераважна альбо ў апалагетычным тоне, альбо ў межах таталітарнай парадыгмы. Відавочна, што ёсць патрэба ў разважлівай і сур’ёзнай дыскусіі пра сутнасць камуністычнага праекта, яго значэнне для нашай сучаснай сітуацыі. І ў гэтым кантэксце непазбежны зварот да тых ідэй і рухаў, якія выходзілі па-за межы агульнапрынятых рамак, якія аспрэчвалі альбо размывалі афіцыйны канон камуністычнага часу і, урэшце, спрычыніліся да распаду знешне непахіснай савецкай сістэмы. Таксама цікава знайсці беларускую спецыфіку праз разгляд падобных тэндэнцый і ў іншых савецкіх рэспубліках і камуністычных краінах. Мы цешымся, што ў мерапрыемстве бярэ ўдзел шмат замежных даследчыкаў».

Беларускі гісторык Алег Дзярновіч кажа пра ўласнае бачанне праблематыкі канферэнцыі:

«Пошукі ўнутранай свабоды ва ўмовах дзяржаўнага прэсінгу — складаны псіхалагічны і інтэлектуальны працэс. Ці адныя толькі здабыткі сустракаюць людзей на гэтым шляху? Ці можна праз культурныя коды трансфармаваць маральныя выдаткі ў культурны капітал? Такія пытанні ўзнікаюць пры даследаванні тэмы супраціву і аўтаноміі ў познесавецкі час.

Тэма нашай канферэнцыі — досвед таемнага духоўнага жыцця, якое адбывалася за вонкавым маналітным фасадам савецкага ладу. Спробы аналізу гэтага феномену спараджаюць метадалагічныя праблемы, звязаныя з маркіраваннем такіх розных з’яў, як нонканфармізм, іншадумства, дысент. Апроч таго, узнікаюць крыніцазнаўчыя праблемы даследавання тэмы інтэлектуальнага, культурнага, рэлігійнага жыцця па-за савецкім афіцыёзам — праблемы адбору і крытыкі крыніц».

Ёсць магчымасць прыняць удзел у працы секцый канферэнцыі ў якасці госця. Для гэтага неабходна зарэгістравацца на сайце Palityka.org.

Гл. папярэднюю праграму канферэнцыі

У межах канферэнцыі таксама запланаваныя дзве публічныя дыскусіі:

  • 15 траўня: «Ці былі ў Беларусі дысідэнты?» (Галерэя «Ў», пачатак у 18.30);
  • 16 траўня: «Ці паўплывалі нацыянальна-культурныя рухі 1980-х гадоў на ўтварэнне незалежнай Беларусі?» (Галерэя «Ў», пачатак у 14.00).

Удзел у дыскусіях — вольны!

Palityka.org


Другие публикации