Андрэй Ягораў: Пазітыў у адносінах Беларусі і ЗША быў значна перабольшаны

13.06.2015
Радыё «Свабода»

Падаўжэнне Злучанымі Штатамі Амерыкі санкцый супраць беларускіх уладаў было непазбежнае, на іншае афіцыйны Мінск і не разлічваў.

Такое меркаванне ў інтэрв’ю «Свабодзе» выказаў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

10 чэрвеня прэзідэнт ЗША Барак Абама даў загад захаваць надзвычайны рэжым у адносінах з Беларуссю, падоўжыўшы дзеянне ўказа 2006 года.

Між тым, Аляксандр Лукашэнка апошнім часам у сваіх публічных выступах даволі пазітыўна ацэньваў стан адносін Беларусі і ЗША. Ён адзначаў, што ЗША не ціснуць на яго, а пошук пунктаў судакранання праз рэалізацыю праектаў у сферы эканомікі ўжо пачаў даваць першыя вынікі.

Андрэй Ягораў лічыць, што пазітыў у беларуска-амерыканскіх адносінах быў значна перабольшаны:

«З-за розных прычын людзі, асабліва з дзяржаўнага боку, хацелі бачыць у дзеяннях ЗША і каментарыях Лукашэнкі больш, чым было насамрэч. Там былі пэўныя трэнды да паляпшэння адносін і частковага зняцця санкцый з беларускіх прадпрыемств, але не зніклі тыя базавыя супярэчанні, якія выклікалі неабходнасць увядзення санкцый Злучанымі Штатамі (якія настойвалі на ўвядзенні гэтых санкцый у тым ліку Еўрапейскім Саюзам, і гэты быў іх падыход) — гэта сітуацыя з палітзняволенымі. У ЗША не было ніякай магчымасці, акрамя таго, як працягнуць гэтыя санкцыі, бо не зніклі падставы для іх увядзення. Тое ж самае тычыцца і Еўрасаюза на сённяшні дзень».

«Ці пагоршыць гэта трэнд да адноснага паляпшэння адносін? Я думаю, не вельмі, бо беларускія ўлады выдатна разумеюць гэтую сітуацыю і не асабліва разлічвалі, што санкцыі будуць адмененыя без вызвалення палітвязняў. Але я думаю, што МЗС, безумоўна, адрэагуе заявай пра тое, што гэта «неканструктыўная палітыка» і мы не вызнаем такія «прымусовыя падыходы» ў дачыненні да Беларусі. Я думаю, што гэтым усё абмяжуецца, і далей працягнецца такое павольнае ўзгадненне магчымых фарматаў супрацоўніцтва, калі палітвязні будуць вызваленыя», — кажа Ягораў.


Другие публикации