Культурніцкае поле ў Беларусі як такое — аднароднае, але чалавечы фактар уносіць значныя карэктывы

24.08.2015
Служба iнфармацыi «ЕўраБеларусi»

Эксперты і ўдзельнікі семінара-майстэрні для культурніцкіх дзеячаў «Культура як сродак сацыяльнай трансфармацыі: інавацыі і невыкарыстаныя магчымасці» падсумоўваюць працу і ўражанні.

Нагадаем, 14-16 жніўня Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» арганізаваў адмысловы семінар-майстэрню «Культура як сродак сацыяльнай трансфармацыі: інавацыі і невыкарыстаныя магчымасці». На семінары папрацавалі васямнаццаць удзельнікаў з самых розных рэгіёнаў Беларусі, якія прадстаўлялі і дзяржаўныя, і недзяржаўныя ініцыятывы ў сферы культуры. Трохдзённая праграма ўключала абмеркаванне асаблівасцяў аналізу сваёй прафесійнай сферы, знаёмства з паспяховымі практыкамі культурніцкага менеджменту ад беларускіх калег, а ў заключнай частцы — і спробы супольнага праектавання.

Раман Воранаў, адзін з заснавальнікаў моладзевай культурніцкай супольнасці VITEBSK4.ME, кажа, што асабіста яго ўсцешыла тое, «што была вельмі розная аўдыторыя з рэгіянальнага пункту гледжання»:

«Гэта былі людзі з розных куткоў Беларусі, ключавыя гульцы на сваіх месцах: ад сваіх устаноў, арганізацый, аб'яднанняў. Але, у той жа момант, гэта і вельмі шырокая геаграфічная прадстаўнічасць. Сапраўды, было прыемна пачуць пытанні, заўвагі, удакладненні, то бок ты разумееш, што гэтыя людзі — вельмі цікавыя, яны сутыкаюцца з рознымі сітуацыямі ў сябе на месцах, жывыя, скажам так, актывісты, менеджэры. Гэта было цікава і з пункту гледжання выступаў, і з пункту гледжання камунікацыі і дыскусіі».

Раман Воранаў падкрэслівае, што не заўважыў бачнай розніцы паміж, напрыклад, арганізацыямі з захаду Беларусі ці ўсходу:

«Беларусь досыць аднародная ў гэтым сэнсе, мы — адзін народ, і сітуацыя па рэгіёнам не асабліва адрозная. Тут больш важную ролю грае чалавек, аб'яднанне, супольнасць».

На думку Воранава, улыў на культурніцкую палітыку з боку грамадскасці «не толькі магчымы, ён адбываецца пастаянна»:

«І грамадскія арганізацыі Беларусі, і асобныя актывісты — дзеячы, спевакі, мастакі і г.д. — пастаянна ідуць на кантакт у полі ўзаемадзеяння з уладамі, з дзяржаўнымі культурніцкімі ўстановамі. Напрыклад, у супольным фармаванні праграм розных святаў: дня горада альбо іншых мясцовых фэстаў. І на такім узроўні можна ўжо казаць, што мы робім адну нейкую справу. Што гэта, калі не ўплыў — крок за крокам — на палітыку культурніцкую ў Беларусі, хай гэта, на першы погляд, і не бачыцца неяк глабальна. Але і на больш шырокім узроўні падзеі ёсць, бо ёсць рэспубліканскія арганізацыі, міжнародныя, якія дзейнічаюць у Беларусі і нават на заканадаўчым узроўні ўносяць свае прапановы. Напрыклад, ЗБС «Бацькаўшчына» робіць прапановы наконт закона аб дыяспары — там таксама ёсць шмат момантаў па культурніцкай сітуацыі. Канешне, пастаянна сутыкаешся і з нейкімі незразумеласцямі, часам і горш — з супрацьдзеяннем, але камунікацыі пастаянна адбываюцца, а значыць, і ўплыў».

Алеся Аўласевіч, прадстаўніца Таварыства беларускай мовы ў Гомелі, гаворыць, што «адкрыццём для мяне было тое, што грамадскія ініцыятывы могуць супрацоўнічаць з бізнесам і уладай»:

«Гэта значыць не проста ствараць нешта ў супольнасці альбо ў арганізацыі, але і выхадзіць на афіцыйны ўзровень, звяртацца не толькі да ўлады, але і да бізнесу. Гэта было для мяне адкрыццём, мы раней пра гэта нават і не задумваліся. Прыклад актывістаў з Мінска, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць, дзякуючы падтрымцы проста сімпатызуючых людзей, — уражвае».

Алеся Аўласевіч нагадвае, што тэрмін «культура» мае шмат розных тлумачэнняў:

«І ў нашым выпадку — гэта дзейнасць, якая накіраваная на змену асяроддзя да лепшага. Канешне, грамадству трэба зразумець, што калі ўсе свае геніяльныя ідэі агучваць толькі на кухні, то нічога да лепшага не зменіцца, нават лямпачка ў пад’ездзе ці ліхтар побач з пад’ездам не з’явяцца. Але калі гэтыя ідэі трансляваць, калі знайсці аднадумцаў, то можна нешта змяняць, хаця б пачынаючы ад тых жа ліхтара і лямпачкі. Маленькімі крокамі, але актывісты грамадскія могуць паўплываць і на культурніцкую палітыку».

Ігар Раханскі, рэстаўратар кіраўнік Праектнага бюро Беларускага камітэта ICOMOS:

«Я зрабіў для сябе прыемнае адкрыццё, што, акрамя сталічнай тусоўкі, з якой я стасуюся, ёсць яшчэ вельмі цікавыя людзі з рэгіёнаў, з якімі можна і неабходна кантактаваць, рабіць сумесныя праекты, дыскутаваць, абмяркоўваць, прыходзіць да агульнага і г.д. Напэўна, ва ўсялякім разе для мяне, гэта галоўны вынік семінара — тое, што мы адкрываем рэгіёны. Гэта абвяргае даволі ўстойлівае меркаванне пра тое, што з рэгіёнамі працаваць практычна немагчыма, што ініцыятыва там невысокая, што любы праект там загразне, затармозіцца і забуксуе (і для гэтага сцверджання ёсць сапраўды маса прыкладаў), але тут, на семінары, убачылася перспектыва ў рэгіёнах з тымі супольнасцямі, што там з’явіліся».

Ігар Раханскі кажа, што «менавіта ў гэтым працэсе ўзаемабмену я бачу ўплыў на культурную палітыку, на культуру як такую»:

«Ёсць, канешне, больш агрэсіўныя захады дзеля такого ўплыву, але мне больш сімпатычны менавіта вышэйпамянёны шлях».

Святлана Чакушка, каардынатарка ГКК «Будзьма беларусамі!» па Мінскаму рэгіёну, адзначае з вынікаў для сябе «новых людзей, новыя кантакты, новыя ўражанні і, безумоўна, натхненне ад гэтага»:

«І, зразумела, практычныя моманты, для мяне найбольш тыя, якія тычыліся распрацоўкі праектаў, то бок праектны менеджмэнт. Натхняе дзейнасць. Менш слоў, больш справы, зыходзячы з магчымасцей і абставін. Калі рабіць, то будуць і вынікі. Ну і з дзеяння вынікае ўплыў грамадства на культуру і наадварот, то бок, хутчэй, больш дакладна казаць пра ўзаемаўплыў».

Таццяна Вадалажская, метадолаг і сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук, старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, зазначае, што «была цікавасць папрацаваць з маніторынгам рэалізацыі Рэспублікай Беларусь Канвенцыі ЮНЕСКА «Аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыражэння» , той метадалогіі ацэнкі стану культуры з прадстаўнікамі абсалютна розных культурніцкіх плыняў»:

«Пачуць, зразумець іх погляд на тыя праблемы, на тыя пытанні, якія былі пастаўлены. Сапраўды, аказалася вельмі змястоўнае абмеркаванне пытанняў разнастайнасці, унутранага патэнцыялу культурніцкай сферы, уплыву.

Мяне трошкі здзівіла, хаця гэта можна было ўяўляць, прыкладнае супадзенне ацэнак экспертаў у маніторынгу і ўдзельнікаў семінара. Невялікія адрозненні ёсць, канешне, але менавіта невялікія. Тое, што вельмі яскрава кідаецца ў вочу, — гэты падзел унутры культуры на незалежніцкую і афіцыйную. А гэты падзел стварае вельмі дрэнныя ўмовы ўвогуле і для развіцця самой сферы культуры, і для ўплыву культуры на грамадства, бо гэта фактычна розныя ўплывы. Гэта розныя каштоўнасці, гэта розныя метады, трансляцыя розных культурніцкіх кодаў — гэта проста не спрыяе таму, каб неяк гэта культурніцкая дзейнасць на грамадства ўплывала.

Другая праблема — гэта адчуванне няпэўнасці НДА ў стасунках з дзяржавай, правам і г.д. Няпэўнасць правілаў гульні. Здаецца, можна знаходзіць шмат добрых прыкладаў, але ніхто не можа сказаць: ну, вось усё, гэта — трэнд, гэта будзе развівацца, бо мы ўсе можам на добрыя прыклады знайсці і зусім іншыя. Няпэўнасць стварае, у сваю чаргу, стан няцвёрдасці, няўпэўненасці ў тым, што ты можаш дасягнуць сваіх мэт, недавер паміж сабой і нават да самаго сябе ў тым, што ты робіш».

Таццяна Вадалажская зазначае, што «здзівіла вельмі высокая абазнанасць у заканадаўстве і прававых варунках і выкарыстанне, у добрым сэнсе слова, заканадаўства»:

«Калі людзі сапраўды вельмі добра арыентуюцца ў тым, што можна, што нельга, дзе іх правы, то гэта стварае нейкія дадатковыя магчымасці. На маю думку, прававая граматнасць — гэта нават нейкі дадатковы рэсурс для культурніцкіх дзеячоў».

Эксперт кажа, што «мы адмыслова збіралі шмат людзей з рэгіёнаў, бо сапраўды вельмі адрозніваецца жыццё, досвед і схемы працы ў сталіцы і па краіне»:

«Гэта зусім іншая публічная прастора: у Мінску — больш-менш насычаная, у невялікіх гарадах — часцей за ўсё, існуюць адзінкавыя пляцоўкі. Для мяне не было гэта нечаканасцю, але прыемным бонусам стала тое, што ўзровень размовы, узровень абмеркаванняў не залежыў ад тэрытарыяльнай прыналежнасці ўдзельнікаў. Гэта парадавала».

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»


Другие публикации