Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
Андрэй Ягораў: Улады арыентуюцца на тое, каб у большых аб’ёмах асвойваць замежную дапамогу
Дэкрэтам пра замежную бязвыплатную дапамогу Аляксандр Лукашэнка хоча павярнуць патокі фінансавай дапамогі ў бок дзяржаўных праектаў і праграм.
Пра гэта карэспандэнту «Свабоды» распавялі палітолаг і юрыст Юрый Чавусаў і дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 5 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе» 31 жніўня.
Паводле Юрыя Чавусава, дэкрэт у цэлым рэгулюе сферу атрымання замежнай бязвыплатнай дапамогі.
— Прычыны з’яўлення гэтага дэкрэта відавочныя. Гэта неабходнасць прыцягнення ў Беларусь большых сродкаў з боку замежных донараў. Паралельна ідзе працэс удасканалення іншага кірунку атрымання замежнага фінансавання — заканадаўства пра міжнародную тэхнічную дапамогу. У беларускіх умовах гэты дэкрэт не пагаршае сітуацыю. Канцэптуальна парадак, які патрабуе атрымання дазволу для юрыдычных асоб пры атрыманні замежнай бязвыплатнай дапамогі, не змяніўся. Некаторыя праблемныя моманты былі выдаленыя. Напрыклад, раней ананімныя ахвяраванні аўтаматычна залічваліся ў замежную бязвыплатную дапамогу. Цяпер гэтая норма знікла.
І для шырокага кола насельніцтва самае галоўнае — гэта вызваленне ўсіх грамадзян ад неабходнасці рэгістраваць замежную дапамогу. То бок калі для юрыдычных асоб рэгістрацыйны парадак застаўся ранейшым, то зараз фізічныя асобы ад неабходнасці рэгістраваць замежную дапамогу вызваляюцца. Неабходнасць рэгістраваць паўстае толькі тады, калі чалавек захоча, каб гэтыя сродкі былі вызваленыя ад падаткаў. Ёсць шэраг іншых пазітыўных, негатыўных момантаў. Але канцэптуальна парадак застаецца ранейшым. Агульны кірунак дэкрэта такі, каб прыцягваць у Беларусь больш замежнага фінансавання.
— У дэкрэце вызначаецца, на якія мэты можа пайсці гуманітарная дапамога, а на якія — не.
— Ранейшы дазваляльны парадак і спіс мэтаў застаецца. На іншыя мэты можна атрымліваць толькі са згоды кіраўніцтва спраў прэзідэнта. То бок — толькі ў асаблівым парадку. Што тычыцца 500 базавых, то яны маюць значэнне для вырашэння пытання адносна мэтаў, на якія атрымліваецца дапамога. Вось той пералік мэтаў, для якіх можна атрымліваць дапамогу, урэгуляваны гэтым палажэннем у пункце тры. І там сказана, што на іншыя мэты, апроч указаных, можна атрымліваць дапамогу па ўзгадненні з прэзідэнтам, калі дапамога большая за 500 базавых. І без узгаднення з прэзідэнтам, але па рашэнні кіраўніцтва спраў прэзідэнта — у памеры да 500 базавых.
Паводле Чавусава, у беларускіх умовах прыняты дэкрэт «максімальна лібэральны»:
— Вядома ж, для няўрадавых арганізацый, для донараў, для атрымальнікаў замежнай дапамогі варта было б увесці не рэгістрацыйны парадак, а паведамляльны. І, у любым разе, трэба здымаць крымінальную адказнасць за парушэнне парадку атрымання замежнай дапамогі. Бо такая адказнасць родніць Беларусь з Бахрэйнам ці Егіптам.
Гэты дэкрэт гэтай праблемы не здымае. Ён добры ў межах той сістэмы, якая ёсць. Вядома, хацелася б мець іншую сістэму. Але, на жаль, яе няма. З пункту гледжання няўрадавых арганізацый, мы бачым негатыўныя нормы. Напрыклад, датычныя ўнёскаў заснавальнікаў некамерцыйных арганізацый. Калі замежны заснавальнік хоча стварыць у Беларусі дабрачынны фонд, то сродкі, якія ён накіроўвае пры заснаванні фонда, таксама з’яўляюцца замежнай бязвыплатнай дапамогай і павінны адпавядаць гэтаму дэкрэту. То бок спачатку павінны рэгістравацца ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці. Для параўнання: калі замежнік хоча заснаваць тут камерцыйную арганізацыю, то яму ніякіх дазволаў не трэба. То бок умовы для дзейнасці некамерцыйных арганізацый горшыя, чым умовы для дзейнасці камерцыйных, а гэта парушэнне падставовага прынцыпу ў сферы прававога рэгулявання грамадзянскай супольнасці. Таму гэты дэкрэт — пазітыўны крок у межах дзейнай сістэмы, але сістэму ён не мяняе.
— Чаму гэты дэкрэт з’яўляецца менавіта цяпер, якраз у перадвыбарчую кампанію?
— Традыцыйна ў Беларусі пэрыяд прэзідэнцкіх кампаній суправаджаецца пагаршэннямі ў сферы прававога рэгулявання замежнага фінансавання структур грамадзянскай супольнасці. Але цяпер мы бачым, што структуры грамадзянскай супольнасці максімальна дыстанцыююцца ад палітычных працэсаў, ад выбарчых працэсаў. І крытыкуюць удзельнікаў палітычнай кампаніі з боку апазіцыі, мабыць, больш актыўна, чым гэта робяць дзяржаўныя СМІ. Таму я не звязваю з’яўленне гэтага дэкрэта наўпрост з намерам перакрыць нейкія каналы фінансавання апазіцыі, палітычных апанентаў улады напярэдадні выбараў. Я звязваю гэта з тым, што ўлады разлічваюць на пацяпленне стасункаў з Захадам пасля выбараў. У адрозненне ад крэдытаў МВФ і іншых міжнародных фінансавых інстытутаў, замежная бязвыплатная дапамога — гэта чыстыя грошы, чысты прыбытак, з гледзішча чыноўнікаў. І сумы там не маленькія, значныя для дзяржбюджэту. Таму такім, дэкрэтам улады як бы адчыняюць дзверы для замежных донараў, каб тыя фінансавалі дзяржаўныя праекты і праграмы. Я думаю, што наступствам гэтага дэкрэта стане большая перанакіраванасць фінансавых плыняў ад замежных донарскіх арганізацый у бок фінансавання дзяржаўных праектаў і праграм. Тут ствараюцца спрыяльныя ўмовы для дзяржаўных праектаў і застаюцца па-ранейшаму неспрыяльныя (трохі тэхнічна лепшыя) для праектаў і праграм недзяржаўных арганізацый.
Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначыў, што асноўныя моманты, якія крытыкаваліся арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, засталіся ў дэкрэце нязменнымі.
— То бок застаецца неабходнасць узгадняць карыстанне гэтай дапамогай з дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці. Таксама засталіся санкцыі, у тым ліку крымінальная адказнасць за нямэтавае выкарыстанне гэтай дапамогі. Фактычна парадак гэты не змяніўся, і дэкрэт нічога новага не дае для грамадзянскай супольнасці. Гэта ў прынцыпе і прагназавалася.
— Чаму тады цяпер выдаецца гэты дэкрэт, які ў ім сэнс?
— Гэты дэкрэт накіраваны на спрашчэнне парадку карыстання гэтай замежнай дапамогай для структур мясцовай улады і для праектаў, якія папярэдне ўзгодненыя з дзяржавай. У гэтым сэнсе, дзяржава зноў арыентуецца на тое, каб больш проста і ў большых аб’ёмах асвойваць гэту міжнародную дапамогу. Бо раней дзяржструктуры, якія маглі карыстацца гэтай дапамогай, не вельмі жадалі ісці на гэтыя складаныя працэдуры, пабойваліся іх. Цяпер нібы даецца зялёнае святло, і можна ісці гэтым простым парадкам.
— А чаму ўлады не ідуць насустрач грамадзянскай супольнасці, не ўлічваюць яе прапановы?
— Бо гэта выкарыстоўваецца як спосаб кантролю фінансавых патокаў на падтрымку грамадзянскай супольнасці. Бо ўлада разглядае грамадзянскую супольнасць і незалежныя арганізацыі як патэнцыйна небяспечныя для існавання гэтага палітычнага рэжыму. Таму ёй трэба кантраляваць фінансаванне, якое ідзе на падтрымку гэтых арганізацый. У выпадку чаго ўлада можа забараніць доступ да фінансавання для тых арганізацый, якія яна лічыць ідэалагічна варожымі. Што, уласна, і робіцца. Таму адмовіцца ад гэтай сістэмы для іх немагчыма папросту дзеля гэтых палітычных рэзонаў.
— То бок усё робіцца ўладамі дзеля таго, каб абмежаваць дзейнасць недзяржаўных арганізацый?
— Для таго каб кантраляваць гэтую сферу і не даць развівацца тым, хто, на іх погляд, небяспечны. Ёсць такі фільтар у выглядзе дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці, які адным прапускае гэтую дапамогу і дазваляе развівацца — тым, якія лаяльныя і ідуць у рэчышчы палітычнай лініі дзяржавы. А іншым проста не даюць, тым самым, аслабляюць і кантралююць, адштурхоўваюць ад легальнай магчымасці карыстання фінансавымі сродкамі. Такі парадак даўно працуе, і нічога не памянялася.
Паводле Андрэя Ягорава, улады бачаць у замежнай дапамозе магчымасць прыцягнуць дадатковыя фінансавыя рэсурсы:
— Яны даўно іх там бачылі. Яны і раней спрабавалі прапаноўваць буйныя праекты для Еўрасаюза і міжнародных донараў. Проста гэта цяпер у трэндзе паляпшэння стасункаў з ЕС, які дадаткова адчыняе магчымасці для карыстання міжнароднай фінансавай дапамогай. Таму трэба даць магчымасць сваім, дзяржаўна лаяльным, «правільным» структурам карыстацца большымі аб’ёмамі гэтай дапамогі, каб дзяржава магла гэта асвойваць.
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»