Улад Вялічка: Беларуская думка павінна стаць не толькі элітарнай, але і папулярнай з’явай (Фота)

20.09.2015
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

На мiнулым тыднi на хутары Вайцюшкі прайшоў незвычайны пленэр. Яго мэтай было стварэнне новых візуальных вобразаў на тэму Года беларускага мыслення, які запускае Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь».

Па выніках атрымалася даволі багата розных мастацкіх прац, якія ў хуткім часе стануць даступнымі для ўсеагульнага карыстання і распаўсюду. Як адзначаюць удзельнікі пленэра, гэтыя працы сапраўды вартыя таго, каб іх пабачыла беларускае грамадства. Падрабязна пра тое, як і для чаго ладзілася гэтая мастацкая імпрэза, Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» расказаў генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

— Як выспела ідэя правесці пленэр у Вайцюшках, а галоўнае, для чаго ён праводзіўся?

 — Наш пленэр стаў лагічным працягам серыі мерапрыемстваў у межах распачатай шэрагам беларускіх партнёраў кампаніі «Цытуй сваё». Яе мэта — актуалізацыія найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўважлівага чытання ды асэнсавання прамоўленага і заспяванага ў нашай беларускай культурнай прасторы. На працягу некалькіх месяцаў на інтэрнет-пляцоўцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» мы збіралі і публікавалі думкі і выказванні нашых славутых альбо вартых увагі землякоў. Сама ж ідэя гэтага пленэра належыць нашаму вядомаму дызайнеру і проста творчаму чалавеку Міхалу Анемпадыставу. Для далейшага развіцця кампаніі патрэбныя яскравыя візуальныя вобразы, якія б «пайшлі ў народ». Таму Міхал прапанаваў сабраць шэраг таленавітых беларускіх дызайнераў і мастакоў, каб папрацаваць разам над гэтай задачай.

Міхал Анемпадыстаў, фота Аляксандры Баярынай

— І хто браў удзел у пленэры?

— Вялікі дзякуй выдатным майстрам Паўлу Семчанку, Міхалу Анемпадыставу, Алене Дашкевіч, Артуру Вакараву, Вадзіму Пракопчыку, Алегу Усціновічу за іх удзел і актыўнае далучэнне свамі думкамі, вобразамі і памкненнямі да нашай агульнай справы. Асабіста для мяне гэта быў абсалютна новы досвед стасункаў з прафесіяналамі-творцамі такога ўзроўню.

 — Гэта было адно з мерапрыемстваў у межах Года беларускага мыслення?

— Хутчэй наш пленэр — гэта арт-падрыхтоўка да Года беларускага мыслення. Гэта задумка нарадзілася ў куратара Лятучага універсітэта Таццяны Вадалажскай і была падтрымана Беларускім калегіюмам ды іншымі беларускімі інтэлектуаламі. У нашай краіне цяпер шмат увагі надаецца сімвалічным формам беларусізацыі — стужкі, моўныя курсы, культурныя падзеі, — і гэта вельмі важна і своечасова. Год беларускага мыслення закліканы рухаць гэты працэс далей і напаўняць пэўныя сімвалічныя рэчы зместам. Нам ёсць што сказаць свету, таму важна, каб мы ведалі сучасныя ўзоры беларускага мыслення, якія прапануюць нашы філосафы, метадолагі, літаратары.

Пакуль што Год беларускага мыслення — гэта, хутчэй, ідэя, чым нейкі канчаткова сфармаваны план мерапрыемстваў, так што ўсе добрыя ідэі прымаюцца да ўвагі — калі ласка. Але адной з галоўных падзей года стане выданне «Анталогіі беларускага мыслення-2», актыўная праца над якой вядзецца ўжо цяпер.

— Калі вяртацца да пленэра, як ён праходзіў?

— Пленэр доўжыўся чатыры дні і складаўся з розных рэчаў, без якіх немагчыма стварыць камфортную і змястоўна насычаную атмасферу. У першы дзень адбылася ўводная дыскусія на тэму рамак і асаблівасцей беларускага мыслення з удзелам філосафа і літаратара Валянціна Акудовіча. Затым творцы мелі магчымасць абраць для сябе ўлюбёныя цытаты, якія яны жадалі б увасобіць у пэўных візуальных вобразах. У апошні дзень адбылася невялічкая прэзентацыя чарнавых вынікаў працы. Падчас пленэру працавала здымачная група Алены Верашчагінай, якая мела свой уласны пленэрчык, спрабуючы зняць, а таксама апытаць нашых творцаў наконт іх думак і вобразаў, што іх натхняюць. Таксама натхненню паспрыяў своеасаблівы «канцэрт у альтанцы» ад Змітра Вайцюшкевіча. Ну і, вядома, сама атмасфера нефармальных зносін, жартаў, сумеснага баўлення часу зрабіла сваю справу!

— Дарэчы, выбар месца — хутар Вайцюшкі — нечым абумоўлены?

— Абсалютна так! Для творчых людзей магчымасць працаваць над сваімі ідэямі ў прыгожых і камфортных умовах — адзін з неабходных складнікаў поспеху. Вайцюшкі былі ідэальным месцам для пленэра — восеньская прырода і няспешнасць нёманскага краю, крэатыўнасць і нестандартнасць самой сялібы і, вядома ж, гасціннасць сям'і Змітра Вайцюшкевіча, якая фактычна была неад’емнай часткай самога пленэру. Таму атрымалася так, што творцы прыехалі да творцаў. Усім вельмі раю стаць госцем Вайцюшкоў!

— Што за працы атрымаліся па выніку?

— Нашы майстры напрацавалі шэраг візуальна-дызайнерскіх макетаў для мужчынскіх і жаночых саколак, якія маглі б зрабіць справу папулярызацыі, прыцягнуць увагу да гэтай з’явы. Камусьці наша ідэя можа падацца дастаткова трывіяльнай, але менавіта такі фармат — гэта і сучасна, і нечакана, і модна.

Працы атрымаліся вельмі розныя — кожны з мастакоў рэалізаваў іх у сваім стылі, манеры, — што якраз мяне вельмі цешыць. Розныя думкі знайшлі адлюстраванне ў розных стылёвых увасабленнях.

Адна з работ пленэра

— Які далейшы лёс гэтых твораў, і ці будзе ў праекта нейкі працяг?

— Беларуская думка павінна стаць не толькі элітарнай, але яшчэ і папулярнай з’явай. У бліжэйшыя тыдні распрацаваныя ўзоры саколак будуць выкладзеныя ў Інтэрнет у адпаведным фармаце для спампавання і выкарыстання любымі людзьмі, якія знойдуць нашу ідэю цікавай і пажадаюць надрукаваць цішоткі з цытатамі нашых выбітных землякоў. Шэраг з гэтых узораў мы, вядома, надрукуем і самі, каб на беларускіх вуліцах хутчэй сталі з’яўляцца добрыя беларускія думкі.

UPD.: Гл. сайт sakolki.eurobelarus.info і відэафільм «Цытуй сваё. Напярэдадні года беларускага мыслення»:


Другие публикации