У беларусаў пашыраецца крызіс даверу да інстытуцый (Відэа)

30.09.2015
Яраслаў Сцешык, Belsat.eu

Крызісная сітуацыя — не толькі ў эканоміцы. За апошнія гады сярод беларусаў пашыраецца крызіс даверу да інстытуцый — як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных. Патэнцыял салідарнасці нашага грамадства імкнецца да нуля.

Ад беднасці ды астрогу няма перасцярогу. Хвароба, няшчасны выпадак, страта дому — да каго звяртацца, калі жыццё саб’е цябе з ног? У адрозненні ад грамадзян Еўрасаюза ды іншых развітых краін, беларусы чакаюць дапамогі найперш ад сваякоў. На дзяржаву не спадзяюцца.

Жыхары Пінска:

«Калі штосьці здарыцца, то блізкія сваякі, сям’я прыйдзе на дапамогу».

«На дапамогу мне прыдуць, канешне, дзеці».

«Сябры... Я так думаю... І спадзяюся».

«Таму што альбо ты сам, альбо дапамагаюць блізкія».

Паводле даследавання, прэзентаванага Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі ды Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў, беларусы ў большасці давяраюць толькі блізкім. І дапамагаць спяшаюцца найперш членам сям’і, сябрам, максімум — калегам па працы. У вёсках, адкуль паходзіць традыцыя талакі, крыху лепш — там давяраюць суседзям. Атамізаванае, аморфнае грамадства — гэта калі людзям цяжка аб’яднацца для вырашэнняў праблем, і яны не адчуваюць сябе грамадствам.

Алена Арцёменка, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў:

«Губляецца практыка салідарнага дзеяння паступова, усё менш яно праяўляецца ў Беларусі, гэта заўважна. Даследаванне дапамагае паказаць, што і патэнцыял салідарнасці паступова зніжаецца, бо людзі менш давяраюць іншым. Адпаведна, менш верагодна ўзнікненне такога салідарнага дзеяння».

Вельмі слабыя гэтак званыя гарызантальныя сувязі — беларусы не спяшаюцца верыць медыя, грамадскім аб’яднанням, праваабаронцам.

Штогод усё менш людзей выходзіць на мітынгі апазіцыі, бо штогод яны расчароўваліся ў апазіцыйных лідарах, якія не маюць плана перамагчы па-сапраўднаму. Але і ў абарону Аляксандра Лукашэнкі беларусы таксама ўсё менш гатовыя аб’ядноўвацца.

Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Дзесяцігоддзі панавання такой палітычнай сістэмы не ствараюць неабходнасці для салідарнага вырашэння калектыўнымі высілкамі людзей нейкіх пытанняў асабістага альбо публічнага жыцця».

Паводле экспертаў, ключ да салідарнасці трэба шукаць па-за апазіцыяй і лукашызмам. Даследаванні паказалі, што нашыя грамадзяне могуць давяраць не толькі сям’і, але і аднадумцам.

Таццяна Вадалажская, Агенцтва гуманітарных тэхналогій:

«Зараз усё больш такая форма салідарнасці ці адзінства развіваецца ў выглядзе дабрачыннасці, напрыклад».

Звычайна недаверлівыя, людзі могуць аб’ядноўваюцца і супраць агульнай пагрозы.

Алена Арцёменка, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў:

«Калі будзе нейкі крызіс, звязаны з прыгнётам людзей розных нацыянальнасцей, яны таксама будуць схільныя да салідарнасці, бо гэты патэнцыял у іх ёсць».

Так адбылося ва Украіне. Людзі розных палітычных поглядаў аб’ядналіся і паверылі адзін адному падчас Майдана, калі «беркутаўцы» ўжылі непрапарцыйна жорсткую сілу ды агнястрэльную зброю. А потым, калі на Данбас прыехалі дыверсанты з Растова і Буратыі, менавіта валанцёрства і гарызантальныя сувязі дазволілі ўкраінцам не пусціць расійскія танкі да Адэсы і Днепрапетроўска.

Хаця лепш аб’яднацца зараней. Тады, мо, і вайны не будзе.

Belsat.eu

UPD.: Гл. справаздачу па выніках даследавання патэнцыялу салідарнасці ў беларускім грамадстве


Другие публикации