Навошта раіцца з народам, калі Лукашэнка зноў атрымаў «элегантную перамогу»?

18.10.2015
Іна Студзінская, Радыё «Свабода»

Старшыне Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы на сесіі палаты, паведаміў, што пяты Усебеларускі народны сход усё ж такі адбудзецца.

Папярэднія чатыры «вялікія хуралы» праводзіліся ў Беларусі заўсёды напярэдадні важных палітычных падзей: у 1996 годзе — перад рэферэндумам, а ў 2001-м, 2006-м і 2010-м гадах — перад прэзідэнцкімі выбарамі. А пяты, маўляў, будзе пасля выбараў.

Першы сход, у якім узялі ўдзел каля 5 тысяч дэлегатаў, адбыўся 19-20 кастрычніка 1996 года. Упершыню адбылася яго жывая трансляцыя на ўсіх тэлеканалах, уключна з расійскімі НТВ, РТР і ОРТ. На ім абмяркоўвалі асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і праекту змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі. Праз месяц праект, які пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі, быў падтрыманы на рэферэндуме.

Праз пяць гадоў, ужо на другім Усебеларускім сходзе, Лукашэнка абвясціў: «Першы з’езд адвёў краіну ад хаосу, анархіі і вайны розных палітычных груп і груповак. Ён вызначыў курс на правядзенне рэферэндума. У гэтым найгалаўнейшая асноўная заслуга першага з’езду».

Другі, трэці і чацвёрты Усебеларускія сходы былі менш маштабныя — колькасць дэлегатаў скарацілася ўдвая, да 2500 чалавек.

Другі сход прайшоў 18 траўне 2001 года пад лозунгам «За моцную і квітнеючую Беларусь».

Трэці — 2-3 траўне 2006 года пад лозунгам «Дзяржава для народа».

Чацверты — 6-7 снежне 2010 года, ужо без лозунгаў, на ім ухвалілі Праграму развіцця на 2011-2015 гады з васьмі кірункаў.

«Памер заработнай платы ў Беларусі да 2015 года павінен наблізіцца да 1 тысячы даляраў у эквіваленце. Гэта самыя высокія тэмпы росту заработнай платы і даходаў насельніцтва», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на чацвертым Усебеларускім народным сходзе. І дэлегаты аднадушна прагаласавалі за гэта.

5 гадоў мінула, а сярэдні заробак па краіне складае менш за 500 даляраў. Сёлета ўпершыню перад прэзідэнцкімі выбарамі Усебеларускі народны сход не праводзіўся. Напярэдадні свайго пераабранне кіраўнік дзяржавы замест яго правёў «Малітву за Беларусь».

І ўжо пасля выбараў сход усё ж такі вырашылі склікаць. Навошта? Хваліцца і ганарыцца быццам бы няма чым...

Метадолаг Уладзімір Мацкевіч ў інтэрв’ю «Свабодзе» тлумачыць, што з 2006 года ў рэжыма прапала, так бы мовіць, галоўная «адмазка» наконт таго, што яму нехта перашкаджае рабіць дабро для народа — апазіцыя, «пятая калона»:

«Пасля 2006 года, калі апазіцыя была амаль цалкам разгромлена і засталося толькі некалькі дысідэнцкіх груп і т.зв. «лідэраў», то ўсур’ёз спасылацца на тое, што гэтыя людзі змогуць чамусьці перашкодзіць, смеху варта. Але якая б ні была дыктатура, яна павінна абапірацца на пэўную падтрымку электарата.

Нават яшчэ ў кітайскай манархіі, у сярэднявеччы, кітайскія філосафы, прыхільнікі імператара заўсёды казалі яму раіцца з народам, асабліва ў цяжкія часы, калі здараецца крызіс, неўраджай... Раіцца з народам трэба не дзеля таго, каб народ даў пэўную падказку, — проста людзі рады, калі з імі раяцца і размаўляюць. І такая практыка паўсюль выкарыстоўваецца дыктатарскімі рэжымамі. Узгадайце, як Фідэль Кастра збірае мільённую плошчу ў Гаване, прамаўляе там па 5-6 гадзін, а кубінскі народ кажа: «Вось, наш правадыр з намі раіцца, нам тлумачыць, даводзіць...» І гэта вельмі «грэе» людзей. У гэтым сэнсе, механізмы папулісцкай дыктатуры працуюць, і яны патрабуюць пэўных высілкаў.

Цяпер, калі выбары адбыліся, калі «элегантная перамога» зноў здарылася, краіна стаіць на парозе вельмі цяжкага эканамічнага становішча. І дзеля таго каб зняць пэўную сацыяльную напружанасць, і Лукашэнка, і Мясніковіч збіраюць гэты сход, каб выканаць гэты рытуал, які выкарыстоўвалі яшчэ кітайскія імператары.

Я нават мяркую, што на гэтым сходзе могуць быць паказальныя публічныя катаванні: кагосьці здымуць, на кагосьці ўскладуць адказнасць за пэўныя правалы, памяняюць кадры і заклічуць людзей падтрымаць свой родны рэжым у такія цяжкія часы. Так што, усё лагічна адбываецца».

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканаміст Леанід Заіка пажартаваў, што на т.зв. выбарах былі прапанаваныя трое пенсіянераў і адна дзяўчына (амаль як у кінафільме «Сем старых і адна дзяўчына»), а ніякіх сур’ёзных праграм кандыдатаў у грамадстве не абмяркоўвалася (за выключэннем аднаго тэлевізійнага шоў пад назовам «Тэледэбаты»):

«Таму самому прэзідэнту ягонае атачэнне, адмыслоўцы-аналітыкі, ідэолагі падказваюць, што трэба стварыць нейкі новы вобраз.

А з другога боку, наменклатура зацікаўленая ў распіле грамадскай уласнасці. Зноў чамусьці загучалі словы пра рэформы, хоць мы жывём ва ўмовах застою. Лукашэнка і ягонае бліжэйшае атачэнне — пенсіянеры, і Мясніковіч таксама пенсіянер. І, натуральна, гэтае бліжэйшае атачэнне (дзясятак-паўтара сем’яў) хацела б пры Лукашэнку правесці аперацыю па выманні той уласнасці, якая з’яўляецца агульнанароднай. То бок 20 гадоў наменклатура чакала сваёй гадзіны. Ужо дзеці павырасталі, чыноўнікам на пенсію выходзіць, а што дзецям пакінуць? Трэба пакінуць уласнасць. А 130 мільярдаў — гэта сур’ёзныя маштабы ўласнасці. Ну, а дзеля таго, каб падрыхтаваць грамадскую думку, трэба сабраць тую ж наменклатуру (таму што Усебеларускі сход — гэта перш за ўсё сход прадстаўнікоў усіх узроўняў наменклатуры) і пабачыць па іхняй рэакцыі, як і што можна будзе рабіць.

Наменклатура разумее, што беларускі застой павінен завяршыцца ў нейкі час. І калі Лукашэнка ўсё ж такі сыдзе і ўсе яны застануцца ні з чым, то навошта яны 20 гадоў так прагіналіся?

Ну, і самому прэзідэнту хацелася б убачыць рэакцыю наменклатуры і арыентавацца на бліжэйшыя 3-5 гадоў развіцця Беларусі. Але грошай няма. 40 мільярдаў даўгоў у краіны. Толькі сёлета ў ліпені мы аддалі 1 мільярд 400 мільёнаў даляраў. А Захад нам даў толькі 1 мільён у выглядзе Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. 4 мільярды даляраў гадавых выплат — гэта вялікія грошы. І людзі ўжо пачынаюць падазраваць, што з імі паступаюць не вельмі прыстойна. І калі яшчэ беларуская наменклатура збіраецца пачаць «распілоўваць» уласнасць, як у Расіі, як ва Украіне, — то трэба празандзіраваць грамадскую думку і стварыць ілюзію шырокага і, нават не пабаюся гэтага слова, дэмакратычнага абмеркавання».


Другие публикации