З’езд «псеўдаапазіцыі» (Відэа)

08.11.2015
Настасся Храловіч, Belsat.eu

Кампанія «Гавары праўду!», якую падчас сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі рэпрэзентавала кандыдатка Таццяна Караткевіч, правяла з’езд і чацвёрты раз паспрабуе зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі.

На з’ездзе новымі лідарамі абраныя Таццяна Караткевіч (яна будзе адказваць за вонкавыя кантакты) і Андрэй Дзмітрыеў (будзе мець юрыдычную ўладу). Цяпер яны рыхтуюцца да парламенцкіх выбараў 2016 года. У іх планах — агульнанацыянальны форум «За мірныя перамены».

Андрэй Дзмітрыеў заяўляе, што «сёння час для платформы перамен, дзе будуць не прадстаўнікі партый, а грамадзяне, якія выступаюць за мірныя перамены, і яны могуць мець розную партыйную прыналежнасць».

Цвіком мінулай прэзідэнцкай кампаніі былі заклікі на Плошчу, сёлета акцэнт рабіўся на мірных пераменах. Дзейнасць сённяшніх лідараў «Гавары праўду!» і нібы апазіцыянераў востра ацаніла напярэдадні ў нашым эфіры галоўная рэдактарка «Хартыі’97» Наталля Радзіна:

«Усе ведаюць, хто стаіць за Караткевіч. За ёй стаіць лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, які працуе на КДБ».

Гэтакі голас не адзіны. Метадолаг Уладзімір Мацкевіч выказвае думку, што «Гавары праўду!» ствараюць псеўдаапазіцыю, а насамрэч падыгрываюць Лукашэнку:

«Яны, так бы мовіць, высунутыя для таго, каб сцягнуць на сябе ўвагу той часткі грамадства, якая прагне перамен, і высунутыя на гэтую ролю менавіта таму, што падкантрольныя, улада ведае, чаго ад іх чакаць».

Дадамо, што ўсе лідары беларускай апазіцыі адмовіліся падтрымаць Караткевіч.

Belsat.eu


Другие публикации