Чаму Лукашэнка не паехаў у Маскву, а вырашыў сустрэцца з Аліевым у Мінску?

26.11.2015
Алесь Дашчынскі, Радыё «Свабода»

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў 27-28 лістапада наведае з афіцыйным візітам Беларусь.

Чаму Аляксандр Лукашэнка перанёс візіт у Маскву, аднак вырашыў сустрэцца ў Мінску з прэзідэнтам Азербайджана?

Дырэктар мінскага Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў ў інтэрв’ю «Свабодзе» адзначыў, што дастатковай інфармацыі аб прычынах візіту Аліева ў Мінск няма. Паводле Ягорава, апошнім часам у Азербайджана ўскладніліся дачыненні з Еўрасаюзам, гэта прывяло фактычна да выхаду Азербайджана з Парламентскай асамблеі Усходняга партнёрства «Еўранэст»:

— Але гэта не спыняе перамоў Азербайджана і ЕС наконт стратэгічнага партнёрства і заключэння дамовы па мадэрнізацыі Азербайджана. Але напружанне ёсць, і гучаць пэўныя заявы пра магчымасць уключэння Азербайджана ў Еўразійскі эканамічны саюз. І ў сувязі з магчымым візітам Лукашэнкі ў Расію гэтае пытанне ўваходзіць у парадак дня. Тут могуць быць сяброўскія кансультацыі паміж Лукашэнкам і Аліевым.

Таксама ёсць складанасці Беларусі, звязаныя з эканамічным станам, а Азербайджан у крызісных умовах можа нечым дапамагчы. Але аб’ём гандлёвага абароту паміж Беларуссю і Азербайджанам мізэрны. Нейкага ўплыву Беларусі на значныя для Азербайджана пытанні няма. Да таго ж Азербайджан цяпер таксама ў крызісным стане, цэны на нафту падаюць. Таму невядома, ці можа Азербайджан нечым дапамагчы Беларусі.

Палітолаг Андрэй Фёдараў лічыць, што візіт Аліева ў Мінск досыць нечаканы:

— Не выключаю, што гэта нейкім чынам звязанае з тым, што адбываецца на расійска-турэцкім кірунку. Калі абвастрэнне паміж Расіяй і НАТА будзе ўзмацняцца, дык зразумела, што тая самая расійская авіябаза стане вельмі важным фактарам двухбаковых дачыненняў. Не выключана, што Расія хоча неяк падключыць да процістаяння з Турэччынай сваіх каўкаскіх партнёраў. А тыя не хочуць гэта вырашаць без хаця б кансультацый з беларускімі калегамі.

— То бок Аліеў хоча пракансультавацца з Лукашэнкам, як сябе паводзіць?

— Я не думаю, што яму патрэбныя парады беларускага кіраўніцтва, як сябе паводзіць, але яму б хацелася ведаць пазіцыю беларускіх уладаў на гэты конт. І гэты абсалютна не анансаваны і нечаканы візіт сведчыць, што нешта адбываецца даволі неспадзяванае на постсавецкай прасторы, менавіта ў каўкаскім рэгіёне. Я думаю, што Баку будзе бліжэй да Анкары, чым да Масквы.

Напярэдадні было абвешчана, што Аляксандр Лукашэнка пераносіць свой візіт у Маскву, анансаваны раней і запланаваны на 25-26 лістапада, «у сувязі з загружанасцю працоўных графікаў прэзідэнтаў Беларусі і Расіі».

Амаль год таму міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пасля сустрэчы са сваім азербайджанскім калегам Эльмарам Мамед’яравым заявіў, што Ільхам Аліеў наведае Беларусь у 2016 годзе.


Другие публикации