Таццяна Вадалажская: Нобелеўская прэмія Алексіевіч аддаляе нас ад «рускага свету»

07.12.2015
Аляксей Юрыч, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусь»

Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч — падстава выявіць найлепшае, што ёсць у беларусах, прычым не ў кожнага паасобку, а выявіць найлепшыя нацыянальныя рысы.

10 снежня ў Стакгольме і Осла ўручаць нобелеўскія прэміі 2015 года за дасягненні ў розных галінах дзейнасці. Напярэдадні цырымоніі, 7 снежня, усе лаўрэаты, у тым ліку нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч, выступяць з г.зв. «Нобелеўскай мемарыяльнай лекцыяй».

Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы не плануюць трансляваць уручэнне Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі, спаслаўшыся на арганізацыйныя, юрыдычныя ды фінансавыя складанасці. Дарэчы, паводле намесніцы міністра культуры Ірыны Дрыгі, Святлана Алексіевіч не мае ніякіх дзяржаўных узнагарод, а значыць, не можа лічыцца «дзяячкай культуры», а толькі «творчым работнікам».

Дзяржава — ігнаруе, грамадзяне — святкуюць. Флэшмоб, што ставiць мэтай усёй краiнай адсвяткаваць Нобелеўскую прэмiю Святланы Алексіевіч, аб’яднаў шматлікія мінскія бары. Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» афіцыйна аб’явіла пра свае планы трансліраваць прамову Святланы Алексіевіч падчас уручэння прэміі 10 снежня.

Чаму так па-рознаму адносяцца да Нобелеўскай прэміі Алексіевіч дзяржава і беларусы?

На пытанні Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» адказала каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

— Што азначае для Беларусі Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч?

— Найперш, атрыманне Нобелеўскай прэміі Святланай Алексіевіч азначае роўнасць беларускай кульутуры сярод еўрапейскіх і краін свету. Нобелеўская прэмія пацвердзіла, што мы нічым не горшыя, нічым не лепшыя — стаім у адным шэрагу з еўрапейскімі культурамі.

Па-другое, для самой Беларусі гэта вельмі важная адзнака годнасці. Прычым годнасці не гістарычнай, а сучаснай: наша сучасніца вартая адзнакі сусветнай прэміяй.

Па-трэцяе, Нобелеўская прэмія — проста важкая падстава для беларусаў адчуць сябе адзіным цэлым, супольнасцю, бачыць нешта светлае, бачыць надзею на лепшае.

— Чым патлумачыць абыякававыя, калі не сказаць зняважлівыя, адносіны дзяржавы да першага ў гісторыі краіны Нобелеўскага лаўрэата? Ніводзін беларускі тэлеканал не вядзе прамой трансляцыі з цырымоніі ўручэння прэміі, юрыдычна Святлана Аллексіевіч не з’яўляецца дзеячом культуры. Па логіцы падзей, наступны крок — прызнанне Святланы Алексіевіч дармаедкай?

— Мне падаецца, што пытанне «чаму так здарылася?» сёння няправільнае — нібыта нехта чакаў другога. Калі ў нас з’яўляецца такая нагода, прычына, то не трэба думаць пра тое, што не зрабіла ўлада, давайце лепш думаць пра тое, што робім, што адчуваем мы самі. Ад улады ніхто іншага не чакаў — гэта абсалютна лагічны працяг палітыкі беларускай улады ўжо цягам 20 гадоў: яна не прымае аўтарытэтаў, тым больш у інтэлектуальнай, культурнай сферы, яна не паважае апанентаў, яна не шукае нечага глыбокага, а імкнецца да простага. Усё гэта абсалютна лагічна ў беларускай сітуацыі.

Шчыра кажучы, больш важна паглядзець на грамадзян, чым ацэньваць, што рэакцыйна робіць ці не робіць улада. Трэба зазірнуць у сябе: ці святкуем, ці радуемся, ці бачым сябе глыбей, ці з’яўляюцца ў нас новыя крылы надзеі, новыя амбіцыі?.. Гэта падстава разабрацца ў сабе, а не ва ўладзе.

— 10 снежня беларусы стыхійна збіраюцца ў публічных месцах, каб глядзець цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі, каб салідарызвацца з Алексіевіч, падтрымаць яе. Пра што сведчаць такая самаарганізацыя беларусаў? Ці можна спадзявацца, што Нобелеўская прэмія беларускай пісьменніцы стане штуршком для яднання беларусаў?

— Мне падаецца, што гэта падстава выявіць найлепшае, што ёсць у беларусах, прычым не ў кожнага паасобку, а выявіць найлепшыя нацыянальныя рысы. Сапраўды, убачыць самых сябе. Беларусы — нармальныя людзі, і, нягледзячы на ўсе абставіны, мы здольныя да адчування прыемнага, светлага, мы здольныя сабрацца, адсвяткаваць — нам не патрэбныя загады ці афіцыйныя святы.

— Ці стане Нобелеўская прэміія штуршком, каб Беларусь, беларусы дыстанцыяваліся ад «рускага свету»?

— Так склаўся лёс, што сітуацыю трэба разглядаць сістэмна. Мне падаецца, што за апошнія два гады нас многае аддаліла ад «рускага свету», нават не палітычна ангажаваную частку грамадства, а простых людзей. Зразумела, Нобелеўская прэмія, нават не сама прэмія, а рэакцыя на яе расійскіх СМІ, расійскіх дзеячоў культуры, дадае адчуванне аддалення і выяўляе межы паміж беларусі і «рускім светам». Але на тое працуе не сама Нобелеўская прэмія, а геапалітычная сітуацыя, а Нобелеўская прэмія робіць свой унёсак у гэтую справу.


Другие публикации