Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
«Вельмі важна, што сення экзістэнцыяльныя пытанні ставіла на ўвесь свет наша суайчынніца»
Ці можна крытыкаваць першага ў гісторыі незалежнай Беларусі Нобелеўскага лаўрэата? Як беларускае грамадства і сацыяльныя сеткі адрэагавалі на Нобелеўскую прамову Святланы Алексіевіч?
На гэтыя ды іншыя пытанні ў перадачы «Экспертыза Свабоды» адказваюць каардынатар Лятучага ўніверсытэта Таццяна Вадалажская і шэф-рэдактар часопіса «Архэ» Алесь Пашкевіч.
«Алексіевіч засведчыла, што ў беларускую літаратуру сама яна не імкнецца, ёй больш камфортна ў рускай»
Віталь Цыганкоў: Калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію 8 кастрычніка, тады рэакцыя большасці беларусаў была пераважна станоўчай. Людзі, якія нават не падзялялі палітычныя ці творчыя падыходы Алексіевіч, захапляліся тым, што грамадзянін Беларусі ўпершыню атрымаў Нобеля. Цяпер жа водгукі на Нобелеўскую прамову ўжо былі не настолькі адназначнымі. Напрыклад, удзельнік нашай перадачы Алесь Пашкевіч напісаў у Фэйсбуку: «Што ж, лекцыя сама па сабе добрая. Але, вядома, гэта прамова не беларускай пісьменніцы». Алесь, вы настойваеце на сваіх словах?
Алесь Пашкевіч: Святлана Алексіевіч — асоба ў літаратуры не адназначная, адносна яе прыналежнасці менавіта да беларускай літаратуры вядуцца даўнія спрэчкі цэлымі гадамі. Для таго, каб судзіць, з’яўляецца яна беларускай літаратаркай ці расейскай — для гэтага, на маю думку, патрэбна было цвёрдае слова самой Алексіевіч. І найлепшым момантам для гэтага была Нобелеўская лекцыя.
Я чакаў, што нешта такое, магчыма, прагучыць. Але, на жаль, не дачакаўся. І мне здаецца, гэтым Алексіевіч засведчыла, што менавіта ў беларускую літаратуру сама яна не так і імкнецца, што ёй больш камфортна ў літаратуры рускай.
Віталь Цыганкоў: Аднак, з пункту гледжання інтарэсаў Беларусі як дзяржавы больш важна, магчыма, грамадзянства Алексіевіч. Яна грамадзянка Беларусі, называе Беларусь сваёй радзімай. Магчыма, яе літаратурная прыналежнасць у дадзеным выпадку адступае на другі план?
Алесь Пашкевіч: З гэтым я згодны, гэтыя паняткі трэба адрозніваць. Алексіевіч — грамадзянка Беларусі, жыла тут амаль усё жыццё, знаёмая з нашымі рэаліямі. Нельга адмяняць усяго таго пазітыўнага, што нясе гэтая прэмія для Беларусі. І зусім не гэта я хацеў сказаць. Але пытанне ў тым, ці атрымала Нобелеўскую прэмію беларуская літаратура — зусім не адназначнае. Мне здаецца, беларуская літаратура пакуль гэтую прэмію не атрымала.
«Мне асабіста падалося важным ў лекцыі Святланы тое, што яна была абсалютна шчырая»
Віталь Цыганкоў: Таццяна, вы стварылі ў Фэйсбуку групу «Святкуем Нобеля разам», куды ўжо ўваходзіць 2,5 тысячы чалавек. Ці правільна я разумею, што, у большасці, рэакцыя беларусаў у сацыяльных сетках была якраз не крытычнай, а пазітыўнай і захопленай?
Таццяна Вадалажская: Мне здаецца, так. Увогуле сам факт гэтага ўзнагароджання даволі пазітыўна ўспрымаецца. Той негатыў, які ёсць, звычайна звязаны з пошукамі адказаў на рыгарыстычныя пытанні: беларуская літаратура ці не, на якой мове сказала. А не на жаданні пачуць, што яна казала.
Гэтая лекцыя павінна была быць пачутай і зразуметай. Не трэба было ў ёй шукаць адказы на тыя пытанні, на якія Алексіевіч не давала адказы.
Віталь Цыганкоў: Нобелеўская лекцыя — такая рэч, якую трэба асэнсоўваць, аналізаваць, дыскутаваць. Але ў тых самых сацыяльных сетках гучыць такі матыў, што не трэба нічога каментаваць, трэба проста радавацца. Як можна радавацца з нагоды лекцыі?
Таццяна Вадалажская: Я таксама лічу, што лекцыя — гэта перш за ўсё нагода для роздуму. І для пачуццяў, бо гэта яшчэ і рэч высокаэмацыйная. Не трэба ніякай забароны на крытыку. Але пакуль я ў асноўным чую крытыку наконт таго, што штосьці было не сказана. Тое, што казала Алексіевіч, — не так і шмат разбіраецца.
Віталь Цыганкоў: То бок людзі хочуць ад публічнага вядомага чалавека чуць тое, што ім бы хацелася? Не звяртаючы асаблівай увагі на яе асобу і творчасць?
Таццяна Вадалажская: Так. Таксама ў нас ёсць такая рыса, што вядомаму чалавеку мы пачынаем прыпісваць усе ідэалістычныя рысы, каб ён адпавядаў усім нашым чаканням. Мне асабіста падалося важным ў лекцыі Святланы тое, што яна была абсалютна шчырая. Яна была такая, як заўсёды, яна не падманула нікога, хто больш-менш сачыў за яе творчасцю.
Віталь Цыганкоў: Калі казаць пра змест лекцыі Алексіевіч, ці спадабалася вам тое, што яна складалася на 70-80 працэнтаў з таго, што людзі ўжо маглі прачытаць раней у яе творах?
Алесь Пашкевіч: Я не вазьму на сябе смеласць крытыкаваць Нобелеўскага лаўрэата за тое, як яна пабудавала сваю лекцыю. Яна сапраўды сказала тое, пра што пісала ў сваіх творах. Яна, магчыма, хацела данесці змест сваіх твораў да шырокай сусветнай аўдыторыі.
Змест яе выступу амаль ні ў каго не выклікаў нейкіх пярэчанняў. Бо гэта супадала з тымі поглядамі, якіх трымаецца большасць з нас: антыкамуністычныя, крытычна настроеныя да таго, што адбывалася ў СССР.
Віталь Цыганкоў: Алесь, а вы не адчулі сябе нейкім ледзь не ізгоем у нашым асяроддзі: у той час, калі ўсе захапляюцца Алексіевіч, знаходзяцца нейкія ненармальныя, якія яе крытыкуюць за нешта?
Алесь Пашкевіч: Найбольш каштоўнае дасягненне таго, што знікла эпоха «чырвонага чалавека» якраз у тым, што няма агульнай усталяванай думкі. Я выказваю сваю ўласную думку, і яе абараняю і аргументую. Не магу сказаць, што я знаходжуся ў нейкай адзіноце. Ёсць шмат людзей, якія трымаюцца нават больш радыкальнай думкі, і кідаюць камяні ў Алексіевіч як у творца і чалавека. Я супраць іх таксама выступаю. Я толькі выказваю шкадаванне з той нагоды, што Алексіевіч не пазначыла сябе ў якасці беларускай пісьменніцы. Усё астатняе я шаную і паважаю ў яе творчасці.
І гэта тычыцца не толькі «чырвонага чалавека», а ў прынцыпе шляху чалавека да сябе, да свабоды
Віталь Цыганкоў: Зараз у сацыяльных сетках з’яўляецца нават прапанова сустрэць час уручэння Алексіевіч Нобеля феерверкам. Таццяна, ці падтрымае ваша суполка гэтую прапанову? І як бы вы далі гістарычную ацэнку першай Нобелеўскай прэміі для грамадзяніна Беларусі?
Таццяна Вадалажская: Мы прапануем сустракацца ў розных месцах і адзначаць гэта такім чынам, якія самі людзі палічаць неабходным.
Мне таксама, можа, хацелася б, каб Святлана больш увагі надала Беларусі. Але я не буду гэтага чакаць, бо мне найперш цікава, што яна скажа. Без ідэалізацыі, без абавязковага захаплення. Бо мне здаецца, што ў лекцыі і шматлікіх інтэрв’ю Алексіевіч падымае пытанні, якія мы не заўважаем ці спрабуем апусціць. Напрыклад, пытанне ідэнтычнасці. Тое, як Святлана рознымі словамі абазначала сябе, свае вытокі, — гэта вельмі важна.
Наконт самой падзеі — мне падаецца, вельмі важна, што сёння экзістэнцыяльныя пытанні ставіла на ўвесь свет наша суайчынніца. І гэта тычыцца не толькі «чырвонага чалавека», а ў прынцыпе шляху чалавека да сябе, да свабоды. І хаця Алексіевіч не аднесла сябе наўпрост да беларускай літаратуры, але менавіта Алеся Адамовіча яна пазначыла як свайго настаўніка.
Гэта нагода для павагі да саміх сябе, да разумення сябе. Я думаю, пэўная хваля эмоцый сыйдзе, і мы спакойна і станоўча будзем да гэтага ставіцца.
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»