Уладзімір Мацкевіч: На жаль, мы не зрабілі высновы з падзей пяцігадовай даўніны (Відэа)

19.12.2015
Аркадзь Несцярэнка, Belsat.eu

19 снежня 2010 года на Плошчу выйшла некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, сёлета — амаль нікога. Беларусы зрабілі высновы? Эксперты лічаць, што не.

У сваёй Нобелеўскай прамове Святлана Алексіевіч сказала: нашая рэвалюцыя не перамагла, але героі рэвалюцыі ў нас ёсць. Алексіевіч не ўдакладняла, якія менавіта падзеі яна мела на ўвазе, але апошняя спроба рэвалюцыі адбылася ў Беларусі пяць гадоў там. Увечары 19 снежня 2010 года людзьмі быў цалкам запоўнены адрэзак праспекта Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да Дома ўраду.

Паводле розных ацэнак, на вуліцу выйшлі ад 30 да 100 тысяч беларусаў, якія былі нязгодныя з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Пасля жорсткага разгону акцыі пратэсту за кратамі аказаліся 639 удзельнікаў мітынгу, у тым ліку 7 кандыдатаў на прэзідэнцтва. Апошнім з усіх удзельнікаў Плошчы на волю выйшаў Мікола Статкевіч, ён жа атрымаў максімальны тэрмін — 6 гадоў пазбаўлення волі.

Апроч Статкевіча па «справе 19 снежня» прайшлі амаль усе актывісты дэмакратычнай супольнасці, журналісты, грамадскія дзеячы. Але не ўсе з іх лічаць тую дату нейкай трагічнай. Грамадскі актывіст Павел Вінаградаў кажа, што калі б не нагадаў «Белсат», ён навогул не ўзгадаў бы пра гадавіну Плошчы:

«Мае стаўленне да таго, што адбылося, не змянілася ніяк, я не драматызую: менавіта так і мяняюцца рэжымы, так змяняюцца дыктатуры».

Неадэкватная рэакцыя ўладаў на Плошчу і санкцыі заходніх краін супраць афіцыйнага Мінска фактычна на пяць гадоў замарозілі двухбаковыя стасункі Беларусі і ЕС.

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць, што беларусы не вынеслі высноў з той Плошчы:

«Усе, што рабілася ў 2010 годзе, было памылковым: злачынным — з боку ўладаў і бязглуздым — з боку апазіцыі. На жаль, мы не зрабілі з гэтага высновы і дазволілі маніпуляваць электаратам і грамадскай супольнасцю з боку ўладаў і ў 2015 годзе».

Паводле ацэнак удзельнікаў выбарчай кампаніі 2010 года, Аляксандр Лукашэнка не набраў агучаныя ЦВК 79,65% галасоў выбаршчыкаў. Зыходзячы з пратаколаў незалежных назіральнікаў, прынамсі паводле вынняў па Мінску, у 2010 годзе мусіў адбыцца другі тур выбараў, куды выходзілі Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Саннікаў.


Другие публикации