Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
Уладзімір Мацкевіч: «Трэці сектар» страчвае свой апазіцыйны характар
Якія тэндэнцыі назіраліся ў сферы недзяржаўных арганізацый Беларусі ў 2015 годзе? Ці ўзмацніў «трэці сектар» свае пазіцыі, ці павялічыў уплыў на грамадства? Як паўплывала на дзейнасць грамадзянскай супольнасці новае заканадаўства?
На гэтыя ды іншыя пытанні адказваюць палітолаг Юрый Чавусаў і кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч. Вядзе «Экспертызу Свабоды» — Віталь Цыганкоў.
«НДА падпалі пад тэндэнцыю адзяржаўлення»
Віталь Цыганкоў: Якія асноўныя тэндэнцыі мелі месца ў сферы недзяржаўных арганізацый Беларусі ў 2015 годзе?
Юрый Чавусаў: Мой адказ будзе, магчыма, парадаксальны. Мне падаецца, што 2015 год быў больш насычаны за іншыя гады падзеямі і тэндэнцыямі ў сферы грамадзянскай супольнасці. Магчыма, не ўсе гэтыя тэндэнцыі былі пазітыўныя, і ўплыў грамадзянскай супольнасці на грамадства не павялічыўся.
Аднак любая дынаміка, любое змяненне вонкавых умоў — чыннік, які ў перспектыве можа паўплываць на грамадзянскую супольнасць пазітыўным чынам. Мы бачым, як на фоне фінансавага крызісу адбываецца рост усялякіх краўндфаўндынгавых платформ, дабрачынных праектаў. Таму ў мяне ёсць стрыманы аптымізм.
Уладзімір Мацкевіч: Я б адзначыў трохі іншыя аспекты. Грамадзянская супольнасць пачынае патроху ўсведамляць сваю адрознасць ад НДА (недзяржаўных арганізацый) і «трэцяга сектару». Як мы гэта метафарычна называем — з’яўленне «чацвёртага сектару». Бо НДА досыць даўно ўжо падпалі пад тэндэнцыю адзяржаўлення і сталіся прыдаткамі альбо дзяржавы, альбо напаўдзяржаўных нейкіх фондаў.
Мы заўважаем, што грамадзянская супольнасць паціху пачынае жыць сваім жыццём, не зважаючы на дзяржаву, на бізнес і на НДА. Тое, што Юрый ўзгадаў, — гэта адбываецца па-за «трэцім сектарам», і яны нават не надта хочуць з ім звязвацца, хоць часам вымушаны ў пошуках сродкаў. І гэтая тэндэнцыя працягваецца, і, я мяркую, яна пойдзе на карысць грамадзянскай супольнасці.
«НДА перастаюць быць «школай дэмакратыі»
Юрый Чавусаў: Мне падаецца, Уладзімір слушна заўважыў пэўныя тэндэнцыі. Але я б дапоўніў іх сваімі песімістычнымі назіраннямі як юрыст, які займаецца кансультаваннем НДА. Мы бачым, што ўсё больш рэгіструецца арганізацый у форме «ўстаноў» — іх лёгка зарэгістраваць, ім прасцей дзейнічаць.
Самі НДА перастаюць быць «школай дэмакратыі». Гэта калі валанцёры прыходзяць у арганізацыю, укладаюць сваю працу, удзельнічаюць у сходах, вучацца ўнутранай дэмакратыі. Дык ва ўстановах усяго гэтага няма — яны ствараюцца адным чалавекам і ім кіруюцца. І мы бачым парадаксальную сітуацыю — можа існаваць установа, якая акумулюе дзейнасць сотняў людзей, але гэтая дзейнасць не пераўтвараецца ў дзейнасць арганізацыі, структуры грамадзянскай супольнасці.
На мой погляд, гэта даволі трывожная тэндэнцыя. Яна існуе і ў іншых краінах — паўсюль кажуць пра заняпад арганізацый, заснаваных на трывалым сяброўстве. Але ў Беларусі гэта абцяжарваецца кепскімі прававымі ўмовамі, калі многія арганізацыі, якія не маюць шанцаў зарэгістравацца як аб’яднанне, існуюць у форме ўстаноў. І гэта досыць сур’ёзная пагроза для доўгатэрміновай устойлівасці грамадзянскай супольнасці менавіта як супольнасці вольных, адказных грамадзян.
Віталь Цыганкоў: Як у 2015 годзе змянілася заканадаўства ў сферы недзяржаўных арганізацый?
Юрый Чавусаў: Гэты год будзе адзначаны ў гісторыі як год змянення заканадаўства пра замежнае фінансаванне. Год прэзідэнцкіх выбараў звычайна адзначаўся пагаршэннем умоў для атрымання замежнага фінансавання, але 2015 год гэтым не адзначаўся. Новы Дэкрэт пра замежную бязвыплатную дапамогу (распрацоўвалася з вясны 2015-га — значыць, да вызвалення палітвязняў, да прэзідэнцкіх выбараў), безумоўна, застаецца ў межах ранейшай кантраляванай дзяржавай працэдуры атрымання фінансавых сродкаў.
Але пагаршэння не адбылося. Для донараў, наадварот, з’яўляецца больш магчымасцей фінансаваць дзяржаўныя праекты ці праекты грамадзянскай супольнасці, якія рэалізуюцца з удзелам дзяржаўных органаў. Гэтым, дарэчы, тлумачыцца ўсё большая колькасць арганізацый, якія не назавеш дэмакратычнымі, хутчэй — лаяльнымі да ўлады.
«Калі традыцыйныя НДА захочуць існаваць гэтак сама, як раней, то ім давядзецца павялічваць сваю лаяльнасць рэжыму»
Віталь Цыганкоў: Уладзімір, а як вы ацэніце тое, што дзяржава ўсё больш актыўна ідзе на стварэнне лаяльных арганізацый «трэцяга сектару»?
Уладзімір Мацкевіч: Гэты працэс узмацніўся ў 2015 годзе, але назіраецца даўно. Ён быў вельмі заўважны, калі дзяржава пайшла на стварэнне Грамадска-кансультацыйнай рады, у якую яны самі вылучылі некаторых лідэраў грамадзянскай супольнасці. З гэтага часу яны не прыпынялі гэтыя працэсы, але ў 2015 годзе гэта стала відавочным для ўсіх.
І гэта распаўсюджваецца не толькі на так званыя GONGO-арганізацыі (недзяржаўныя арганізацыі, арганізаваныя дзяржавай. — Радыё «Свабода»), але і на традыцыйныя НДА, якія, паводле сваёй інтэнцыі быць апалітычнымі, вымушаны паддавацца гэтай тэндэнцыі і добраахвотна адзяржаўлівацца. І калі традыцыйныя НДА захочуць існаваць гэтак сама, як раней, то ім давядзецца павялічваць сваю лаяльнасць рэжыму. І тым самым «трэці сектар» губляе свой апазіцыйны характар, сваю сутнасць іншасці. Гэта стала вельмі заўважна ў 2015 годзе.
Віталь Цыганкоў: У 2015 годзе існаваў такі непрыемны для апазіцыі працэс, як спробы яе адсоўвання ад перамоў з Захадам, спробы ўладаў прадставіць сябе як адзінага перамоўшчыка з Захадам. Ці адбывалася тое самае з «трэцім сектарам»?
Юрый Чавусаў: Мне падаецца, тут не трэба разводзіць палітычныя і грамадзянскія структуры — яны ў аднолькавай ступені аказаліся адсунутымі ад працэсу прыняцця рашэнняў. Была і пэўная пыха асобных дзеячаў «трэцяга сектару», якія ў часы канфлікту Захаду і Мінска былі жаданымі прамоўцамі на розных канферэнцыях. Тады іхняя пазіцыя была запатрабаваная, цяпер — не. Таму голас грамадзянскай супольнасці на міжнароднай арэне гучыць усё менш. Але выклікана гэта перш за ўсё знешнімі прычынамі, геапалітычнымі падзеямі.
Уладзімір Мацкевіч: Сапраўды, уплыў і вага «трэцяга сектару», НДА значна зменшылася. І ў першую чаргу я гэта звязваю з паразаю ініцыятывы «Еўрапейскі дыялёг па мадэрнізацыі», калі лідэры грамадзянскай супольнасці недальнабачна і эгаістычна паводзілі сябе ў гэтым працэсе. І калі заходнія партнёры ўбачылі такую бяздзейнасць, пэўную імпатэнцыю грамадзянскай супольнасці, якая запалоханая кантактамі з апазіцыяй ды імкнецца да сепаратных стасункаў з дзяржавай, то на гэтыя НДА проста перасталі звяртаць увагу як на магчымых агентаў перамен.
Мы страцілі тыя магчымасці, якія адкрываліся перад намі з 2012 па 2014 год. Таму сёння мы альбо будзем цалкам выкінутыя з дыялёгу Еўропы і Мінска, альбо будзем прысутнічаць у ім у самым мінімальным выглядзе — як асобныя эксперты, кансультанты, якія не прадстаўляюць нейкія грунтоўныя арганізацыі.
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»