Уладзімір Мацкевіч: Фэйсбук дазваляе быць бессаромнымі (Аўдыё)

05.02.2016
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

4 лютага — дзень нараджэння Фэйсбука.

У перадачы «Інтэрв’ю тыдня» філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч разважае пра тое, што прынеслі ў наша жыццё сацыяльныя сеткі і новыя тэхнічныя гаджэты, як з жывога чалавека робіцца камунікацыйная машына і ці можа Твітэр паспрыяць рэвалюцыі.

«Інтэрнэт дысцыплінуе — трэба ўзважваць свае словы, разумець, што яны застаюцца»

Віталь Цыганкоў: Фэйсбук для многіх людзей у Беларусі стаў значнай платформай, каб выказваць сваю думку, знаходзіць новых сяброў, кантактаў. А што Фэйсбук азначае для вас — філосафа і метадолага?

Уладзімір Мацкевіч: Я сталы карыстальнік Фэйсбука ўжо гадоў пяць. Інтэрнэт-камунікацыяй я зацікавіўся яшчэ ў канцы 1990-х, я разглядаў гэтую з’яву як нейкую новую плынь у сусветнай камунікацыі. Як філосаф я цікаўлюся праблемамі камунікацый, дыялогу, стасункаў з пункту гледжання дасягнення паразумення, развіцця тэмы. Наколькі магчыма ўвогуле ў апасродкаванай камунікацыі працягнуць старую філасофскую традыцыю дыспуту, спрэчкі, абмеркавання?

Віталь Цыганкоў: І вы ўбачылі нейкія адрозненні гэтай старой традыцыі ва ўмовах Інтэрнэта і сацыяльных сетак?

Уладзімір Мацкевіч: Так, вядома. Новыя ўмовы мяняюць не толькі манеру, не толькі этыку, этас і этыкет камунікацыі, але гэта ўплывае і на сумленне і свядомасць чалавека. У непасрэднай камунікацыі ёсць шмат такіх чыннікаў, як міміка, пантаміміка — гледзячы вочы ў вочы, людзі паводзяць сябе зусім інакш. У непасрэднай камунікацыі, калі людзі саромеюцца, напрыклад, сказаць глупства — то мімікай і эмоцыямі яны могуць скарэктаваць свае выказванні, неяк улагодзіць суразмоўцу. Усё гэта адсутнічае ў інтэрнэт-камунікацыі. Вось гэтая малая доля сумлення, сораму ў інтэрнэт-камунікацыі ўносіць вялікія скажэнні ў чалавечыя стасункі.

Віталь Цыганкоў: Так, часам запрашаеш у студыю за адзін стол, напрыклад, палітыкаў, якія нядаўна вельмі рэзка выказаліся адзін пра аднаго ў сетках — і бачыш, як, гледзячы адзін аднаму ў вочы, яны выказваюцца значна больш мякка і ветліва. То бок Інтэрнэт дазваляе быць больш разняволеным?

Уладзімір Мацкевіч: Так, бессаромным, я б сказаў. Гэта адзін са шматлікіх негатыўных чыннікаў сеткавай камунікацыі. Але ёсць і станоўчыя. У жывой размове словы знікаюць, а ў пісьмовым выглядзе ў сацыяльных сетках словы застаюцца. Вядома, ёсць магчымасць карэктаваць, рэдагаваць выказванні — і людзі часам гэта робяць. Але ў фэйсбучнай камунікацыі заўсёды можна вярнуцца да ранейшых выказванняў, нагадаць суразмоўцу, што ён сказаў. У жывой размове гэта немагчыма.

І гэта дысцыплінуе пэўным чынам — трэба ўзважваць свае словы, разумець, што яны застаюцца. Гэта прымушае больш адказна ставіцца да сваіх выказванняў. Але ж гэта тычыцца толькі тых, хто ўсур’ёз ставіцца да сеткавай камунікацыі. Гэта не тычыцца троляў ці тых людзей, якіх цікавіць не змест размовы, а толькі самапрэзентацыя.

Віталь Цыганкоў: Давайце закранем не толькі філасофска-лінгвістычны аспект сацыяльных сетак, але і грамадска-палітычны. Калі адбывалася «арабская вясна», то шмат казалі пра тое, што Інтэрнэт становіцца яе рухавіком, што рэвалюцыі адбыліся ледзь не дзякуючы Фэйсбуку і Твітэру. Ці так гэта, ці ўсе «па-старому» залежыць найперш ад настрою людзей? І калі няма настрою выходзіць на вуліцу — ніякі Твітэр тут не дапаможа?

Уладзімір Мацкевіч: Так, я згодны з вашымі апошнімі словамі. Ніякія тэхнічныя прылады не ў стане змяніць настрой супольнасці, грамадства. Яны могуць дапамагчы кіраваць ужо тым, што існуе. Той жа Твітэр дазваляе перанакіраваць людзей — «зараз бяжым на тую ці іншую плошчу». Але — гэта ў выпадку, калі людзі ўжо рухаюцца. Аднак калі яны сядзяць па хатах, ніякі Фэйсбук іх на вуліцу не выведзе. Калі руху няма, нічога Твітэр не зробіць.

«Знікае нешта істотнае ў адносінах паміж людзьмі»

Віталь Цыганкоў: Як сацыяльныя сеткі, новыя гаджэты мяняюць камунікацыі людзей? Часам кажуць, што сучасныя людзі сталі менш кантактаваць паміж сабой. Але гэта не заўсёды так. Калі глядзіш на маладых, дык яны ўвесь час сядзяць у гаджэтах, у сацыяльных сетках, яны там пераважна кантактуюць са сваімі равеснікамі. Што гэта кажа пра будучыню чалавечых зносін?

Уладзімір Мацкевіч: Знікае нешта істотнае ў адносінах паміж людзьмі. Бо калі мы гаворым з чалавекам тэт-а-тэт, то мы ўлічваем і яго рэакцыі, эмоцыі, стаўленне да вас. А калі ты робіш выказванні ў Фэйсбуку — ты губляеш непасрэднага адрасата. Цябе чуе не некалькі чалавек, рэакцыю якіх ты бачыш — а дзясяткі, сотні людзей. Камунікацыя набывае больш ананімнасці, ты надзяеш пэўную маску. Мы перастаём быць самі сабой, а ў большай ступені граем пэўныя ролі. І гэта незалежна ад таго, ці хуліганіш ты, троліш — гэта адбываецца нават з вельмі сумленнымі і шчырымі людзьмі.

«З жывога чалавека робіцца камунікацыйная машына»

Віталь Цыганкоў: Няўжо няма магчымасці заставацца ў сетках сабой?

Уладзімір Мацкевіч: Заставацца сабой, разумець сябе ў сетках значна цяжэй. Непасрэдная камунікацыя дае магчымасць не толькі падтрымліваць больш шчыльныя, чалавечыя стасункі — яна дае матэрыял для самаспазнання. Гэта губляецца ў віртуальнай камунікацыі, бо ты не бачыш рэальнай ацэнкі сябе з боку суразмоўцаў.

Віталь Цыганкоў: Яны ж лайкаюць, каментуюць — гэта і ёсць ацэнка.

Уладзімір Мацкевіч: Дакрануцца рукой да чалавека, усміхнуцца, падміргнуць, нешта сказаць — гэта зусім іншае, чым лайк. Лайк — гэта вельмі фармальная рэч. Калі мы вітаемся «добры дзень» — гэта на самой справе не значыць, што дзень добры, гэта проста фармальнасць. Ёсць людзі, якія раздаюць лайкі налева і направа, ёсць тыя, якія вельмі ўважліва і асцярожна да іх ставяцца. І калі вы атрымліваеце сотні лайкаў пад нейкім сваім допісам — вы ж не ведаеце, ці яны фармальныя, ці шчырыя. Вы толькі самі фантазуеце наконт таго, што гэта значыць.

А вось усмешку, падбадзёрванне, пацісканне плячыма — фармальна інтэрпрэтаваць ужо нельга. І калі гэтыя жывыя рэчы знікаюць, то з жывога чалавека робіцца камунікацыйная машына.


Другие публикации