Беларусь—Еўрасаюз: першае пасяджэнне ў Бруселі (Аудыё)

06.04.2016
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Першае пасяджэнне каардынацыйнай групы Беларусь—ЕС пройдзе 6-7 красавіка ў Бруселі. Дэлегацыю Беларусі на мерапрыемстве ўзначальвае намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына.

У пасяджэнні каардынацыйнай групы Беларусь—Еўрасаюз прыме ўдзел Улад Вялічка з Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь». Пра гэта паведаміў метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, па наяўнай інфармацыі, на сустрэчу не запрасілі.

Уладзімір Мацкевіч распавёў, на што будзе зроблены ўхіл падчас перамоў намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной, якая ўзначальвае беларускую дэлегацыю, з еўрачыноўнікамі:

«Невядомая павестка дня гэтай сустрэчы. З 29 пунктаў супрацы Беларусі з ЕС, пазначаных раней, будуць абмяркоўвацца 11 пытанняў. Большасць з іх тычыцца экалогіі, энергетыкі. З грамадска-палітычных пытанняў можа прадстаўляць цікавасць інстытуалізацыя праваабарончай дзейнасці. То бок было б вельмі добра, каб паўстала пытанне пра ўтварэнне пасады амбудсмена ў Беларусі».

Напярэдадні сустрэчы ў Бруселі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што дзяржава плануе напоўніцу выкарыстаць новае акно магчымасцей у дыялогу з Еўропай.

* * *

Кіраўнік беларускай дэлегацыі правядзе таксама шэраг двухбаковых сустрэч у органах кіравання Еўрапейскага Саюза.

Каментуе Павел Севярынец:

«Прадстаўніца ЕС у Беларусі сказала, што гэта будуць рэгулярныя сустрэчы. І толькі калі будзе ўзаемная згода бакоў — Лукашэнкі і Еўропы, — могуць запрашаць на такія сустрэчы грамадзянскую супольнасць. Зразумела, рэжым ніколі не пагодзіцца на прысутнасць грамадзянскай супольнасці на гэтых перамовах. Таму пытанне можна лічыць закрытым. Еўрапейцы размаўляюць наўпрост з Лукашэнкам, а дэмакратычныя сілы застаюцца фактычна сам-насам з рэжымам. Тут наша задача, як кажуць, стаяць і спрабаваць зрабіць тое, што мы можам зрабіць».

Каардынацыйная група — гэта новы фармат для перамоў паміж афіцыйным Минскам і Бруселем, які прыйшоў на змену папярэдняму этапу кансультацый у Ещрапейским дыялогу па мадэрнізацыі (ЕДМ).

Група будзе сустракацца два разы на год.

* * *

Афіцыйны Мінск наладжвае стасункі з Еўрасаюзам. Сёння, 6 красавіка, у Бруселі пачнецца першае пасяджэнне каардынацыйнай групы, якое ачоліць намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына. Раней гучалі заявы з боку еўрапейскіх прадстаўнікоў, што грамадзянская супольнасць Беларусі таксама будзе прыцягвацца да дыялогу — калі гэта неабходна і ёсць згода абодвух бакоў.

Палітолаг Юрый Чавусаў лічыць, што неабходнасць такая існуе:

«З гледзішча міжнароднага права, узаемадзейнічаць на міжнароднай арэне могуць толькі дзяржавы. Іншая справа, што з развіццём міжнародных стасункаў усё часцей і часцей дзяржавы пагаджаюцца выслухоўваць меркаванні арганізацый грамадзянскай супольнасці. Гэта пачалося ў ХХ стагоддзі, і, вядома, гэта не робіць няўрадавыя арганізацыі паўнавартаснымі суб′ектамі, але даносіць нейкую інфармацыю і меркаванне тых народаў, якія ўзаемадзейнічаюць праз дзяржаву, але і апроч дзяржаўнай улады такая магчымасць ёсць».

Пакуль жа грамадзянская супольнасць Беларусі не запрошана да ўдзелу ў пасяджэнні каардынацыйнай групы з Еўрасаюзам. Палітолаг кажа, што гэта тлумачыцца ў тым ліку і галоўнай тэмай гэтага пасяджэння:

«Прадметам абмеркавання, якое ажыццяўляецца на гэтай пляцоўцы, будзе, хутчэй за ўсё, развіццё ўзаемадзеяння па ліні Брусель—Минск у накірунку падыходу да падпісання паўнавартаснай дамовы паміж Беларуссю і ЕС. Беларусь адзіная краіна пры межах Еўрасаюза, якая не мае паўнавартаснага пагаднення аб супрацоўніцтве з ЕС і ўзаемадзейнічае паводле шэрагу іншых дакументаў. Некаторыя з якіх былі заключаныя яшчэ ў савецкія часы паміж еўрапейскімі супольнасцямі і Минскам».

«Дыялог — гэта, вядома, добра», — каментуе адзін з лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Але ён прыгадвае, што ўлады Беларусі настойваюць на тым, каб у перамовах з Еўрасаюзам не ўдзельнічалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці:

«Гэта азначае толькі адно: усе грошы, якія дае Еўропа, будуць прызначацца т.зв. GONGO, гэта дзяржаўныя пад выглядам недзяржаўных арганізацыі, якія цяпер актыўна, як грыбы, растуць у кожным раёне. Праз гэта еўрапейскія грошы будуць ісці рэжыму, на патрэбы рэжыма».

У той жа час, прагучала заява Аляксандра Лукашэнкі, які лічыць важным працягнуць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленне супрацоўніцтва з Еўрасаюзам з улікам нацыянальных інтарэсаў. Заява прагучала ў час пасяджэння ў пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносін.

Беларускае Радыё Рацыя


Другие публикации