Як і чаму Мацкевіч перамог Шуневіча? (Аўдыё)

07.04.2016
Радыё «Свабода»

Чаму міністр унутранных спраў Ігар Шуневіч прызнаў памылку міліцыі ў справе філосафа Уладзіміра Мацкевіча?

Валер Карбалевіч: Нагадаю гісторыю. 15 сакавіка філосафа і грамадскага дзеяча Уладзіміра Мацкевіча судзілі ў Цэнтральным раённым судзе Мінска за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла 15 лютага. Сведкамі выступілі міліцыянеры, якія даводзілі ў судзе, што бачылі там Мацкевіча з плакатам. Аднак у ходзе працэсу высветлілася, што Мацкевіч у гэты дзень быў у Варшаве, што пацвярджаюць штампы ў пашпарце аб выездзе і ўездзе ў краіну і квіткі на самалёт.

І вось міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, адказваючы на пытанні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў, прызнаў, што супрацоўнікі міліцыі зрабілі памылку пры ідэнтыфікацыі асобы чалавека і ідзе разбор.

Дасюль улады дзейнічалі паводле прынцыпу: нашы органы не памыляюцца. Любыя факты і сведчанні пра незаконныя дзеянні міліцыі і іншых праваахоўных органаў адмяталіся з парога. Як, напрыклад, у справе збіцця журналіста Паўла Дабравольскага ці па фактах грубага стаўлення міліцыянераў да футбольных заўзятараў. Нават афіцыйныя асобы, дзяржаўныя медыя казалі, што нібыта апаненты распачалі кампанію шальмавання міліцыі.

А вось цяпер міністр прызнае, што міліцыянеры памыліліся. Таму што факт ужо вельмі відавочны? Але і ў іншых выпадках факты былі не менш відавочныя. Напрыклад, медычная даведка аб слядах збіцця на целе Паўла Дабравольскага. І скандал тады быў не меншы. І ўвогуле, паводле нармальнай логікі, біць нявіннага чалавека — большае злачынства, чым ілжэсведчыць.

Тут можна вылучаць толькі версіі. Магчыма, колькасць скандалаў перайшла ў якасць, і перад міністрам паставілі пытанне пра адказнасць. Магчыма, у гэтым выпадку была негатыўная рэакцыя на самым версе. Магчыма, згаданая сітуацыя была звязаная з паездкай Мацкевіча ў Варшаву, а адносіны з ЕС цяпер важныя.

А магчыма, тут якасна іншая сітуацыя. Грубасць беларускіх міліцыянераў — гэта іх родавая якасць, змяніць якую немагчыма і, можа, нават не варта гэтага рабіць. А вось арганізацыя суда над Мацкевічам — гэта цэлая спецаперацыя, у якой задзейнічаны шэраг супрацоўнікаў. І няўменне праводзіць загадзя падрыхтаваныя аперацыі — вось гэтага дараваць міліцыі палітычнае кіраўніцтва не можа. Таму міністр і атрымаў моцны наганяй і вымушаны быў прызнаць памылку.

Юрый Дракахруст: На мой погляд, тут сыйшліся два моманты. Першы — гэта абсалютна бясспрэчны характар фальсіфікацыі. Ну, вось сітуацыя з Дабравольскім. Збіццё даказана, але якая версія міліцыі? Ён супраціўляўся. Хто супраць гэтага гаворыць? Сам Дабравольскі, сведкі — гэта нібыта не ёсць бясспрэчны доказ: можа, яны зацікаўленыя, можа, гэта яны хлусяць. Часта ў сітуацыях, якія нам з вамі падаюцца бясспрэчнымі, ёсць момант «верыш — не верыш». Калі б Мацкевіч сказаў на судзе: «Я, насамрэч, быў дома і ў мяне мільён сведак, якія мяне там бачылі», — ніякіх выбачэнняў не было б. А тут рэдкі выпадак. Прычым бясспрэчны доказ, забяспечаны сістэмай беларускай улады! Пашпарт, на якім стаіць пячатка, пастаўленая беларускім дзяржаўным службоўцам. Такім самым, як гэтыя міліцыянеры.

А другі момант — статус самога Уладзіміра Мацкевіча. Бо мы памятаем абсалютна бясспрэчныя сітуацыі, калі асуджалі аднарукага чалавека за воплескі, нямога — за антыдзяржаўныя воклічы. Але гэта невядомыя людзі, а Мацкевіч — чалавек у Беларусі вядомы. Да ягонай думкі прыслухоўваюцца, і калі ён пачаў пра гэта пісаць, шмат хто падхапіў, і шум, які ўзняўся вакол гэтай справы, уладам быў нявыгадны.

Віталь Цыганкоў: Так, гэта такая справа, дзе не было як адкруціцца. Усё дакументальна пацверджана, і ў супрацоўнікаў міліцыі не было ніякіх доказаў сваёй версіі.

Але я б не лічыў гэта нейкім знакам. Гэта адзінкавы выпадак, звязаны з тым, што Мацкевіч — даволі вядомы чалавек, і з тым, што надта відавочныя былі доказы ягонай рацыі.

Ілжэсведчанне міліцыянераў — гэта не грубасць, а свядомая палітыка. Яны выконваюць загад зверху, прытым ведаючы, што парушаюць закон, нават сваю прысягу. Гэта адбываецца гадамі, гэта наладжаная сістэма, і ці не адзіны раз яна напаролася на такі выпадак, што чалавек змог прадставіць дакумент, што ён там не быў. Гэта сапраўды ўнікальны выпадак — усё ж звычайна затрымліваюць людзей, якія былі на акцыі, і сведчаць супраць рэальных удзельнікаў. Здаецца, упершыню такі пракол атрымаўся, калі, як выказаўся сам міністр Шуневіч, «проста яны абазналіся па знешнім выглядзе». Мы ў Інтэрнэце бачылі, што быў такі ўдзельнік акцыі, чалавек ва ўзросце, таксама сівы і, у пэўным сэнсе, мог нагадваць Мацкевіча. І вось якое сярэдняе кіраўніцтва міліцыі прыйшло да высновы, што гэта быў ён і яго трэба судзіць. Дай божа, каб яны пасля гэтага праколу ставіліся больш асцярожна да гэтага механізму судоў, ілжэсведчання. Але я ні ў якім разе не лічу, што гэтая практыка спыніцца. Прагучала слова «выбачэнні» — выбачэнняў няма і не было. Шуневіч проста прызнаў памылку, але ніякія выбачэнні ні самому Мацкевічу, ні грамадскасці не былі прынесеныя. Больш за тое, магу спрагназаваць, што ніхто з міліцыянераў не будзе пакараны за наўмыснае ілжэсведчанне.

Радыё «Свабода»


Другие публикации