Мацкевіч напісаў Шуневічу...

08.04.2016
Сяргей Дубавец, Радыё «Свабода»

Філосаф Уладзімір Мацкевіч напісаў адкрыты ліст міністру ўнутранных спраў Шуневічу, размясціў спасылку ў Фэйсбуку і заінтрыгаваў: «Ведаю, рэдкі чытач дачытае гэты ліст да сярэдзіны. Але я не магу ісці на ланцугу інформ-глабалізацыі і казаць твітэрным стылем і памерам».

Пасля гэтых слоў рэдкі зацікаўлены ў лёсах Бацькаўшчыны чытач не дачытае тэкст да канца. І не таму толькі, што ўсіх цікавіць працяг судовага казусу, калі трое міліцыянераў «апазналі» Мацкевіча на мітынгу ў той час, калі Мацкевіч быў у Польшчы. І не таму нават, што аўтар робіць пранізлівы аналіз дачыненняў міліцыі з беларускім грамадствам, прапануе разбурыць гэтую глухую сцяну недаверу і наладзіць грамадскі кантроль за дзейнасцю міліцыі. І не таму ўрэшце, што ліст месцамі чытаецца як добрая проза (мне чамусьці прыходзіў на розум Чэхаў).

Зараз, відаць, здзіўлю вас, калі скажу, чаму. Здзіўлю, бо «ўсё наадварот». Таму што — «многабукаф».

На рэдкасць знакавы для нашага часу тэкст.

Не буду абвяргаць згаданага Чэхава, які пісаў пра сцісласць — сястру таленту. Але тут у нас зусім не той выпадак.

Глядзіце. Мысленне чалавека не змянілася, як не змяняецца за стагоддзі чалавечая прырода. Сур’ёзныя, таленавіта напісаныя аналітычныя тэксты адлюстроўваюць сутнасць гэтага мыслення. На такіх тэкстах зараджаецца і фармуецца грамадская думка, іерархія аўтарытэтаў і само грамадства.

Даволі нечакана для сябе, чытаючы ліст Мацкевіча, я адчуў, што такіх тэкстаў у нас папросту няма. Ёсць нейкія фрагменты, але яны не становяцца падзеяй. І я адчуў, што даўно хочацца тэкстаў, якія б станавіліся падзеяй. Як «Адвечным шляхам» Абдзіраловіча ці «Незалежнасць — гэта...» Арлова. Проста фізічна хочацца разумных і таленавітых «многабукаф».

А чаму хочацца? Бо ці не ў адсутнасці такіх тэкстаў, як у перадумове, прычыніцца і адсутнасць у нас грамадства? Мода на «твітэрны стыль і памер» — толькі мода, бо ў «твітэрным стылі і памеры» не фармуецца супольнае мысленне, грамадская думка, іерархія аўтарытэтаў і самое грамадства.

Нічога не маю супраць усіх магчымых стылей і памераў, у тым ліку твітэрнага, але ён, які здольны нараджаць толькі супольныя мемы, не мусіць заступаць месца той інтэлектуальнай прасторы, дзе нараджаецца і самаўзнаўляецца грамадства.

Чаму я мяркую, што ў Беларусі так і адбываецца? Таму што назіраю непрыемны феномен — атрафацыю чакання тэкста-падзеі. Можа быць, само гэтае чаканне і ёсць той пяшчотны зачаткавы момант, калі адбываецца цуд, і літаральна з нічога ўзнікае чалавечая супольнасць, здольная на многае, калі не сказаць, на ўсё.

Пасля могуць быць доўгія дыскусіі, можа быць і расчараванне, але грамадства нарадзілася. Гісторыя зрушыла з мёртвай кропкі.

Калі публіка не чакае тэкста-падзеі, яна атамізаваная, яе нельга назваць грамадствам і калі называць народам, дык тым, які спіць.

Даўно заўважана, што з соцень тысяч заяўленых у твітэры дэманстрантаў на Плошчу выходзяць адзінкі. А тыя, хто выйшаў, у якасці матывацыі назавуць вам Уладзіміра Караткевіча ці пэўны тэкст-падзею, а не «твітэрны памер і стыль».

Тэкст становіцца падзеяй, калі пра яго паведамляюць СМІ, калі яго абмяркоўвае публіка і вакол узнікае грамадская дыскусія. Але перадумовай гэтага ёсць чаканне. У нас жа назіраецца адваротны працэс — мацней чуваць галасы тых — і з афіцыёзу, і з апазіцыі, — хто з усіх сіл не чакае нічога, прынамсі, нічога добрага. Пры гэтым спасылаюцца на «свет», дзе ідуць тыя ж працэсы і «твітэрны стыль і памер» перамог «традыцыйныя СМІ» (а гэта няпраўда).

Зараджэнне грамадства паўсюль адбывалася і адбываецца аднолькава, але ў кожнага на сваім шляху. Добры сейбіт пры гэтым з вялікай надзеяй і асцярогай глядзіць на інтэлектуальнае поле краіны. У нас сапраўды свой шлях і мы мусім дбаць пра кволае пачуццё супольнага чакання. Сцвярджаць адваротнае бессэнсоўна, бо для таго, каб у Беларусі ўзнікла грамадства, усё неабходнае ў нас ёсць.

Радыё «Свабода»


Другие публикации