Уладзімір Мацкевіч: Прафесар ЕГУ Міхайлаў заўсёды балансуе на мяжы, ходзіць па лазу праўды і хлусні

13.06.2016
Іна Студзінская, Радыё «Свабода»

Прэзідэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Анатоль Міхайлаў даў інтэрв’ю выданню The EHU Times, якое называецца «Я згодны з тым, што сітуацыя вакол універсітэта абвастрылася».

Прафесар Міхайлаў прызнае праблемы, якія ўтварыліся ў ЕГУ апошнім часам. Колькасць акадэмічных праграм зменшылася з 15 да 10, скарочана колькасць дэпартаментаў — з 6 да 4, замест 27 падраздзяленняў засталося 16. Пачынаючы з 2009 года колькасць студэнтаў ЕГУ паступова змяншалася. У 2009 годзе іх было кала 2 тысяч, а ў 2016 годзе засталося кала 650.

Вось і цяпер з ініцыятывы асноўнага донара — Еўракамісіі — спыняе сваю працу Траставы фонд Савета міністраў паўночных краін. Сенат запатрабаваў адстаўкі двух сябраў Кіроўнай рады ЕГУ. Неўзабаве выбары новага рэктара.

Пагадзіўся прафесар Міхайлаў і з тым, што імідж універсітэта сапсаваны.

Але звяртаюць на сябе ўвагу вось гэтыя развагі Міхайлава пра «беларускасць» і пра патэнцыял Беларусі ў сферы гуманітарных і сацыяльных навук:

«Вось і цяпер, напрыклад, спрабуюць сцвярджаць, што ЕГУ страціў сваю «беларускасць». Што гэта азначае, мне цяжка зразумець...

Як бы мы ні ставіліся да рэйтынгаў універсітэтаў, імёны Гарварда, Кембрыджа або Сарбоны ўсім добра вядомыя. І калі мы сустракаем там студэнтаў з розных краін свету, то яны прыязджаюць туды зусім не дла таго, каб, напрыклад, вывучаць нейкую «польскасць», «вугорскасць» або «казахскасць». Яны імкнуцца паступіць у гэтыя прэстыжныя ўніверсітэты дла набыцця якасных ведаў, якія далёка не ўсюды забяспечваюцца на такім узроўні. Якасць гэтых ведаў назапашвалася на працягу стагоддзяў, яна забяспечана размахам і маштабам даследаванняў і публікацый, інтэнсіўнай перакладчыцкай і інтэрпрэтацыйнай працай. Беларусь, на жаль, не можа пахваліцца наяўнасцю магутнага патэнцыялу ў сферы гуманітарных і сацыяльных навук — тых ведаў, якія асабліва неабходныя дла асэнсавання і трансфармацыі рэальнасці, у якой мы знаходзімся, а таксама вашага прафесійнага станаўлення ў гэтай сферы. Гэты прыкры факт варта было б усвядоміць і зрабіць з яго належныя высновы, паказаўшы на асабістым прыкладзе канкрэтныя вынікі, а не марнаваць энергію на павучанне іншых... Дарэчы, на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі дла гэтага існавала ўнікальная магчымасць, можна было б стварыць дзясяткі ўніверсітэтаў, але чамусьці ёю не скарысталіся тыя, хто цяпер марнуе сваю энергію на парады і рэкамендацыі іншым».

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч так пракаментаваў «Свабодзе» заявы прафесара Міхайлава:

«Гэты нагавораны тэкст, гэтае інтэрв’ю — такая езуіцкая маніпулацыя. Па-першае, Міхайлаў робіць усіх сваіх апанентаў і тых, хто імкнуўся неяк рэфармаваць ці нармалізаваць працу ЕГУ, недарэчнымі нейкімі людзмі. І, наадварот, уздымае ўсіх тых, хто давёў ЕГУ да сённяшняга гаротнага стану. То бок цалкам перакручвае адказнасць і вінаватасць — з хворай галавы на здаровую.

Па-другое, у Міхайлава — старая песня пра тое, што ў Беларусі нічога няма, і тое, што робіць ён сам і ЕГУ, — гэта прыцягненне ў Беларусь прагрэсіўнай, перадавой заходняй думкі, прычым на пустое месца. Гэта тое, што выклікала нават абурэнне ад самага пачатку дзейнасці ЕГУ на чале з Міхайлавым. Бо без апоры на традыцыю, на акумулаваныя ў Беларусі навуковыя, філасофскія рэчы пабудаваць у нашай краіне можна толькі ўніверсітэт каланіяльны, скажам так, ці акупацыйны ўніверсітэт.

Міхайлаў заўсёды балансуе на мяжы, ходзіць па лазу праўды і няпраўды, праўды і хлусні.

З аднаго боку, трэба прызнаць, што не бывае ніякіх нацыянальных універсітэтаў, якія б выгадоўвалі казахскасць, беларускасць, амерыканскасць у навучальным працэсе. Навучальны працэс ва ўніверсітэтах павінен быць касмапалітычны і павінен быць на ўзроўні ўсясветных глабальных тэндэнцый.

Іншая справа, што ўніверсітэт не замыкаецца толькі на навучальных працэсах. Ёсць студэнцкая супольнасць, ёсць клубнае жыццё, ёсць студэнцкія карпарацыі, асацыяцыі і г.д.

І вось выхаванне нацыянальнай эліты адбываецца ва ўніверсітэтах заўсёды па-за навучальным працэсам. А калі ў навучальным працэсе пануе ўстаноўка Міхайлава, што ўсё, што ў Беларусі ёсць, не вартае нічога, а трэба толькі запазычваць, — то вось гэта ёсць пэўны неакаланіялізм, які праводзіцца такой кампрадорскай акадэмічнай элітай.

У асобе Міхайлава гэта ўвасаблаецца настолькі яскрава, што гэтым немагчыма не захапіцца.

На пачатку 1990-х у разгубленасці яшчэ можна было б прызнаць міхайлаўскую ўстаноўку на тое, што ў Беларусі нічога свайго вартага няма. Можна было з гэтым спрачацца, але немагчыма было гэтага не ўлічваць.

За апошнія 25 гадоў беларуская філасофія, беларускае мысленне, беларускія інтэлектуалы прасунуліся далёка, і ў тым ліку дзякуючы дзейнасці ЕГУ. Можа, насуперак волі і жаданню самога Міхайлава, але дзейнасць супольнасці ЕГУ гэтаму вельмі паспрыяла.

І сёння размовы пра тое, што ў Беларусі нічога свайго няма — гэта ўжо поўная недарэчнасць і поўная хлусня».


Другие публикации