Андрэй Ягораў: Беларусь можа нарабіць шмат шалёнага, калі Расія пойдзе на абвастрэнне сітуацыі (Аўдыё)

13.07.2016
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

У Варшаве праходзіў Саміт НАТА. Як новыя вайсковыя крокі альянса мяняюць геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне? Ці гэта ўплывае на ваенна-стратэгічнае месца Беларусі і яе статус як саюзніка Расіі?

На гэтыя ды іншыя пытанні ў перадачы «Экспертыза Свабоды» адказваюць палітолаг Андрэй Ягораў і ваенны эксперт Аляксандр Алесін. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў: 8-9 чэрвеня ў Варшаве адбылася сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў урадаў краін-удзельнікаў Паўночнаатлантычнага альянса. На саміце ў Польшчы было абвешчана пра аператыўную гатоўнасць сістэмы супрацьракетнай абароны альянса. Як новыя вайсковыя крокі альянса ўплываюць на геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне?

Андрэй Ягораў: Натуральна, што пашырэнне прысутнасці НАТА ў рэгіёне — гэта адказ на агрэсію Расіі. Гэта найбуйнейшая мабілізацыя сіл альянса з канца «халоднай вайны». Гэта знак Расіі, што ўсе сябры альянса знаходзяцца пад абаронай усіх краін альянса. Гэта вельмі значна для ўсяго рэгіёна, гэта прыносіць больш стабільнасці. Бо стратэгія дзеянняў Расіі тычылася пэўных правакацый і абапіралася на спадзевы, што рэакцыя НАТА не будзе рашучай. Таму большая дэманстрацыя гатоўнасці НАТА бараніць сваіх сябраў можа астудзіць імпэт Расіі і стабілізаваць вайскова-стратэгічную сітуацыю ў рэгіёне.

Аляксандр Алесін: Мне здаецца, падзеі ўжо развіваюцца паводле логікі эскалацыі, дзеянне нараджае супрацьдзеянне. Расія загадзя падрыхтавалася да рашэнняў Саміта НАТА. Калі паглядзець паведамленні пра фармаванне новых дывізій і размяшчэнне баз і вайсковых абʼектаў, то іначай як падрыхтоўкай адказу на ўзмацненне сіл НАТА ў краінах Балтыі і Польшчы гэта не назавеш. Далей, я мяркую, калі рэальна з’явяцца гэтыя брыгады на тэрыторыі краін Балтыі — то Расія будзе працягваць нарошчваць свае сілы, Калінінград будзе мілітарызоўвацца, туды паступяць «Іскандэры». Магчыма, у Крыме з’явяцца бамбавікі вялікай дальнасці.

Відавочна, будзе ўзмацняцца ціск на Беларусь, каб яна або размясціла на сваёй тэрыторыі расійскія вайсковыя базы, або дазволіла Расіі выкарыстоўваць сваю інфраструктуру для нарошчвання сіл супрацьдзеяння НАТА.

Я думаю, што такое развіццё падзей на руку ўладам Расіі. Улічваючы эканамічны крызіс, гэта ўсё прымушае кіраўніцтва Расіі шукаць знешняга ворага, на хвалі ўра-патрыятызму ў заканадаўчы орган яўна пройдуць імперыялісты, прыхільнікі жорсткага курса.

Віталь Цыганкоў: Аляксандр, а хіба НАТА не магло не рэагаваць на дзеянні Расіі ва Украіне? Якраз альянс многія палітыкі крытыкавалі за недастаткова моцны адказ на дзеянні Масквы. З іншага боку, апошнія тэндэнцыі ў Расіі прыводзяць да перамогі «імперыялістаў», незалежна ад таго, што будзе рабіць НАТА.

Аляксандр Алесін: Калі становіцца халадней і галадней, то аргументаў трэба больш, і тут дапамагае тое, што можна паказаць на ворага. Але НАТА тут таксама не вольнае ў сваіх рашэннях, бо грамадская думка ў краінах Балтыі і Польшчы не зразумее свайго кіраўніцтва, калі тое не будзе нічога прадпрымаць. Гэта больш палітычны крок, бо ніякія батальёны ў некалькі сотняў не ў стане будуць процістаяць Расіі, калі тая прадпрыме атаку. Але палякі спадзяюцца, што калі на іх тэрыторыі будуць амерыканцы, то амерыканцы тады не кінуць і палякаў.

Віталь Цыганкоў: Палітолагі ўжо выказваюць меркаванне, што ўзмоцніцца ціск на Беларусь наконт размяшчэння тут расійскай вайсковай базы. Як Беларусь здолее абараняцца ад гэтага, ці ёсць у афіцыйнага Мінска козыры, каб адстойваць сваю пазыцыю?

Андрэй Ягораў: Вядома, я думаю, што ціск узмоцніцца. Але, у асноўным, гэта псіхалагічны ціск, на перамовах, які не мае пад сабой грунтоўных захадаў, якія дазволяць прыціснуць Мінск да сценкі. Бо інструментаў уплыву на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі ў Расіі не так шмат. Пры тым кантэксце адносін, якія існуюць сёння, Масква вымушана мець сімвалічную лаяльнасць Мінска, ставіцца да Беларусі як да саюзніка — таму яны абмежаваны ў сродках ціску.

Таму, я думаю, Беларусь можа даволі паспяхова супраціўляцца гэтай базе. І, акрамя таго, у вайсковым сэнсе, гэтая база не мае такога вырашальнага стратэгічнага інтарэса, Мінск можа адбіцца. Або Расія павінна значна павысіць эканамічныя субсідыі, каб Беларусь пагадзілася на базу.

Аляксандр Алесін: Калі паглядзець на мапу, то беларускі клін-балкон выступае ў краіны НАТА і навісае над Украінай. Таму, з стратэгічнага пункту гледжання, Беларусь — найважнейшы плацдарм. І я не зусім згодны, што ў Расіі зусім няма сродкаў ціску. Гэта найперш эканамічныя рычагі, цана на газ, допуск на расійскі рынак нашых сельгаспрадуктаў і г.д.

Андрэй Ягораў: Беларусь на гэтыя крокі можа адказаць выхадам з Еўразійскага саюза, з АДКБ, і цалкам прыпыніць гэтую гульню Расіі. Шмат ёсць шалёнага (напрыклад, перапыніць пастаўкі газу), што можна зрабіць, калі Расія ідзе на абвастрэнне сітуацыі. Да таго ж можна пайсці на Захад ужо не жартачкамі, як цяпер, а ўсурʼёз. І пасля такіх рэзкіх крокаў Беларусі Расіі давядзецца ўводзіць сілавыя варыянты. А гэта будзе значна даражэй.


Другие публикации