Уладзімір Мацкевіч: Выступленне «Сасна црэр» у Арменіі мае антырасійскую накіраванасць

01.08.2016
Радыё «Свабода»

У армянскім грамадстве адчуваецца вялікая незадаволенасць палітычным рэжымам прэзідэнта Сержа Саргсяна, але да радыкальных метадаў, якія выкарыстоўвалі ў Ерэване байцы групоўкі «Сасна црэр», армяне не схільныя.

Такое меркаванне ў інтэрв’ю «Свабодзе» выказаў сябра Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, які знаходзіўся ў Арменіі якраз падчас драматычных падзей, звязаных з захопам будынка патрульна-паставой службы паліцыі.

— Учора чальцы ўзброенай групы «Сасна црэр», якія 17 лiпеня захапілі тэрыторыю палка патрульна-паставой службы паліцыі Арменіі ў Ерэване, cклалі зброю і здаліся ўладам. Ці вычарпаны на гэтым канфлікт?

— Сапраўды, учора чальцы «Сасна црэр» абвясцілі, што здаюцца ўладам, каб не правакаваць і не працягваць кровапраліцце. Таму што было зразумела, што пасля маршаў, якія адбыліся з цэнтра Ерэвану да захопленага паліцэйскага будынка, улады пачалі рэпрэсіўна ставіцца да грамадзян, якія збольшага падтрымліваюць ідэі і мэты тых, хто пайшоў на гэты захоп. Таму матывы людзей, якія прыпынілі гэтую акцыю, зразумелыя.

Іншая справа, ці скончылася ўсё гэтае супрацьстаянне? Мне падаецца, што не, бо напружанасць у Арменіі захоўваецца, праблемы нагрувашчваюцца. Прэтэнзіі да рэжыма Сержа Саргсяна вельмі вялікія, а ніякай свабоды грамадзянскага ці палітычнага дзеяння ў Арменіі ўжо не захавалася за гэтыя гады. Таму відавочна, што час ад часу незадаволенасць будзе праяўляцца, у такой форме ці ў іншай. Гэта можа выліцца ў вялікія пратэстныя акцыі.

— Наколькі ўплывовая групоўка «Сасна црэр»? Ці сапраўды яны маюць вялікую падтрымку ў грамадстве?

— Гэта вельмі слушнае пытанне. З аднаго боку, гэтая групоўка ніколі раней не праяўляла сябе ў палітычным жыцці. Гэта збольшага ветэраны Карабаскай вайны, і да іх вельмі-вельмі пазітыўнае стаўленне ў грамадстве. А адным з чыннікаў такога пазітыўнага стаўлення аказалася тое, што яны раней не закраналі палітычнага жыцця, не ўдзельнічалі ў выбарах, не вылучалі праграм і г.д.

На пачатку свайго выступу гэтая непалітызаваная групоўка выступала з канкрэтнымі патрабаваннямі: вызваліць іхняга лідэра Жырайра Сэфіляна, вызваліць усіх палітвязняў. Гэта найбольш гучныя патрабаванні, якія выстаўлялі яны першапачаткова. Потым гэтая гісторыя атрымала ўжо палітычнае развіццё. І гэта было надзвычай нечакана, што менавіта яны цяпер выставілі палітычныя патрабаванні.

Таму назіралася такая сітуацыя: з аднаго боку — вельмі пазітыўнае стаўленне да групоўкі, з іншага боку — нечаканыя палітычныя патрабаванні ад гэтай групоўкі. Гэта не дало магчымасці зарыентавацца пратэстным сілам у Арменіі — яны не ведалі, як да гэтага ставіцца, бо ніколі гэтых людзей не разглядалі як палітычных лідэраў. Але ў цэлым палітычныя заявы «Сасна црэр» узбудзілі грамадства і знайшлі станоўчы водгук у Арменіі.

Па маіх назіраннях, падтрымка «Сасна црэр» у армянскім грамадстве вельмі вялікая. Хаця, хутчэй, гаворка ідзе проста пра сімпатыі, бо гэта пасіўная падтрымка. Я не бачыў гатоўнасці далучыцца да гэтага. Прынесці ім ежу, пратэставаць супраць уладаў — на гэта яшчэ людзі былі гатовыя. А вось далучыцца да збройнага канфлікта — такога жадання, здаецца, не назіралася. Усё ж армяне не схільныя да тэрарызму, да кровапраліцця — гэта вельмі мірны народ у штодзённым жыцці.

— А як паводзілі сябе ў гэтай сітуацыі прадстаўнікі памяркоўнай апазіцыі?

— Трэба разумець, што ў армянскім парламенце на сённяшні дзень амаль усе фракцыі падпарадкаваныя рэжыму Сержа Саргсяна, і толькі асобныя людзі — апазіцыянеры. І за гэтыя дні, пакуль працягваўся гэты канфлікт, амаль усе яны зазналі ў той ці іншай форме рэпрэсіі. Кагосьці затрымлівалі на «суткі», кагосьці на гадзіны, кагосьці збілі і г.д.

Да ціску далучылі і так званых «цітушак» (тэрмін запазічаны з украінскіх падзей. — Радыё «Свабода») — людзей з крымінальным мінулым, якіх падбухторвалі, каб збівалі пратэстоўцаў.

— Ці мае выступленне «Сасна црэр» нейкі знешнепалітычны вектар — прарасійскі ці антырасійскі?

— Дзве заявы на гэты конт прагучала. Прадстаўнік «Сасна црэр» Варужан Авецісян у сваёй заяве адмыслова зрабіў акцэнт на супрацьстаянні расійскай акупацыі. Бо ўжо відавочна, што рэжым армянскі цалкам падпарадкаваны расійскаму ўплыву — ён, так бы мовіць, на кручку ў Крамля, і гэта вельмі не падабаецца армянскаму грамадству.

Першапачаткова знешнепалітычныя мэты і ідэі не гучалі ў гэтым пратэсце. А ўжо далей, у інфармацыйным змаганні з гэтай дзяржаўнай прапагандай, яны досыць канкрэтна выказаліся па знешнепалітычным пытанні. Таму — так, гэтае выступленне мае антырасійскую накіраванасць.

— Якія галоўныя прэтэнзіі мае сёння армянскае грамадства, апазіцыя і грамадзянская супольнасць да прэзідэнта Сержа Саргсяна?

— Па-першае, гэта зрошчванне гэтага рэжыма з крыміналам, карумпаванасць і крыміналізацыя ўлады. Па-другое, няздольнасць вырашаць эканамічныя праблемы Арменіі. Па-трэцяе, гэта зацісканне палітычнага жыцця, рэпрэсіі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Ну, і таксама залежнасць ад Крамля. Гэта такія агульныя прэтэнзіі.

— Ці можа ў Арменіі здарыцца рэвалюцыя? Ці склалася там рэвалюцыйная сітуацыя?

— Я думаю, што ў Арменіі магла б адбыцца мірная змена рэжыма, бо да грамадзянскай вайны ці нейкіх збройных форм змагання армяне не схільныя. На сёння відавочна, што незадаволенасць, напружанасць у грамадстве — падмурак для магчымых пратэстных дзеянняў. Але ж улады працуюць супраць гэтага вельмі пільна.

Я думаю, што ўлады ў Арменіі гатовыя да таго, каб дыскрэдытаваць апазіцыю, дыскрэдытаваць незадаволенасць людзей тым, што яны будуць правакаваць такія вось неадназначныя дзеянні. Бо яшчэ раз падкрэслю: збольшага армянскае грамадства вельмі прыхільна ставіцца да «Сасна црэр» і іхніх ідэй.

Але ж яны не маглі прыняць сам гэты збройны крок, бо загінула некалькі людзей з аднаго і другога боку, і гэта не можа быць прынята армянскім грамадствам — яны не хочуць смерці, не хочуць крыві. Там нейкія крывавыя, збройныя дзеянні не будуць мець поспеху. Прынамсі, як на сённяшні стан грамадства.

— Калі параўноўваць палітычную сітуацыю ў Беларусі і Арменіі, ці ёсць паміж імі нешта агульнае?

— Калі падабенства ёсць, то яно вельмі фармальнае. У нас працэсы зайшлі значна далей. Калі Серж Саргсян знаходзіцца ва ўладзе амаль у тры разы меней, чым Лукашэнка (Саргсян кіруе Арменіяй з 2008 года. — Радыё «Свабода»), то можна сябе ўявіць, што рэжым Лукашэнкі зруйнаваў грамадска-палітычнае жыццё ў значна большай ступені, чым у Арменіі гэта адбываецца.

Таму настроі ў грамадстве могуць быць падобныя, але схільнасць да нейкіх дзеянняў вельмі розная. Усё ж такі армянскае грамадства больш актыўнае. Арганізаванасць грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі ў Арменіі значна вышэйшая, чым у нас. Таму тут трэба ўлічваць стадыі развіцця (ці дэградацыі) грамадства і рэжыма ў нас і ў Арменіі. У нас дэградацыя зайшла значна далей.


Другие публикации