«Cogito Albarutheniae»: імёны, якія мысляць Беларусь (Фота і відэа)

13.09.2016
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

У Мінску адкрываецца ўнікальная выстава нацыянальнага мыслення з прыватных калекцый беларускіх філосафаў.

Лічаныя дні застаюцца да беспрэцэдэнтнай для Беларусі падзеі — Тыдня беларускага мыслення, які пройдзе з 19 па 25 верасня. Ён стане своеасаблівым вынікам Года беларускага мыслення (які, насамрэч, расцягнуўся больш, чым на год) і адзначыўся разнастайнымі даволі рэзананснымі акцыямі. Так, арганізатары намагаліся звярнуць увагу на мысленне як на з'яву ў нашым жыцці, культуры і самаразуменні. Найперш гэта было зроблена праз такія «папулярныя акцыі»: збор цытат айчынных мысляроў і выданне Цытатніка беларускага мыслення, цішотак з выслоўямі вялікіх беларусаў і г.д. А завяршаецца год максімальна грунтоўнай і напружанай падзеяй, якая будзе ўключаць самыя розныя фарматы.

Насамрэч, мысленне, канешне ж, немагчыма абмежаваць годам ці тыднем, яно часцей за ўсё цураецца шуму, масавасці і шырокай публічнасці, але арганізатары хацелі б канцэнтравана прадставіць нашыя здабыткі і актуальны стан, каб далей у «нармальным» рэжыме працаваць больш адпаведна таму ладу жыцця, які вымагае мысленне.

А адкрые Тыдзень 16 верасня незвычайная выстава «Cogito Albarutheniae. Панарама беларускага мыслення», якая дапаможа пераканацца: Беларусь — краіна мысляроў. Арганізатары выставы — Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», Лятучы ўніверсітэт, Беларускі калегіум — сабралі найцікавейшыя айчынныя інтэлектуальныя выданні ад пачатку 1990-х гадоў: ад самвыдатаўскіх улётак да часопісаў, зборнікаў, анталогій ды энцыклапедый.

Як распавяла адна з арганізатараў падзеі Таццяна Вадалажская, ідэя зрабіць падобны праект, прысвечаны беларускім інтэлектуальным часопісам, нарадзілася некалькі гадоў таму. Бо праз такі фармат бачны не толькі даробак за гэты час, але і вельмі жыва рэпрэзентуецца шлях, які выбудоўвае наш беларускі інтэлектуальны дыскурс. Але цяпер гэтая ідэя дапоўнілася яшчэ і іншымі перыядычнымі выданнямі, энцыклапедыямі, зборнікамі і асобнымі кнігамі. Гэта стварае ўжо шматгранную карціну, але па-ранейшаму ў ёй самае важнае — гэта магчымасць убачыць дынаміку, шлях ці нават шляхі, праз якія ідзе мысленне. Тыдзеь беларускага мыслення пачынаецца менавіта з выставы, каб задаць агульны кантэкст успрымання таго, што будзе адбывацца. Бо сённішнія праблемы, дыскусіі і тэмы вельмі важна разумець не толькі, як тое, што адбываецца тут і цяпер, а як частку агульнай прасторы, якая ахоплівае сабой і мінулыя гады. Гэта дае магчымасць памясціць сябе ў культуру і інтэлектуальную гісторыю.

У той жа час, нягледзячы на досыць актыўнае развіццё беларускай думкі ў апошнія гады, выставу «Cogito Albarutheniae» нельга назваць «дэкларацыяй адраджэння» нацыянальнага мыслення.

«Выстава дае магчымасць зразумець, што ў нас ёсць грунт і мы расцем, разготваемся, а не адраджаемся наноў у кожным пакаленні. Напэўна, самае цікавае — менавіта развіццё. Тое, як выбудоўваўся шлях асобных людзей, ідэй, ініцыятыў, ак паступова ад самвыдатаўскіх і поўных энтузіязму і радасці адкрыцця тэкстаў мы пераходзім да грунтоўных выданняў, серый і нават протаінстытуцый», — падзялілася Таццяна Вадалажская са Службай інфармацыі «ЕўраБеларусі».

Канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў даў беларусам першую за многія стагоддзі магчымасць вымавіць тое, што ўяўлялася важным, але немагчыма было сказаць раней. І вынік гэтых плёнаў стаў нечаканым для саміх беларусаў і іх суседзей. Бо выявіліся дзве тэндэнцыі. Адна палягала ў тым, што самыя розныя сферы думання зліваліся ў адзінае поле, адны і тыя ж людзі займаліся і гісторыяй, і этнаграфіяй, і інтэлектуальнай праблематыкай. «Старажытны чалавечы сінкрэтызм навук і мастацтваў раптам праявіўся напрыканцы ХХ стагоддзя ў беларускіх інтэлектуальных даследваннях», — адзначыла акадэмічны дырэктар Беларускага калегіума, доктар філасофіі і сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая.

З гэтага сфармавалася другая тэндэнцыя: усё, пра што пісалі беларусы, атрымлівала інтэлектуальнае вымярэнне. Нават першыя спробы шукаць сваю палітычную сцяжыну — што добра бачна па прадстаўленых на выставе самвыдатаўскіх газетах і часопісах. І гэта нас вылучае сярод суседзей: беларускія шляхі да вызвалення ішлі праз інтэлектуальнае мысленне.

У выставе цікавыя не толькі самі выданні, але і тое, як яны збіраліся. У гэтым дапамагалі выдавецтвы «логвінаЎ» і «Тэхналогія», сюды ўвайшлі калекцыі Беларускага калегіума, Лятучага ўніверсітэта і «Палітычнай сферы», але асноўную масу складаюць прыватныя кнігазборы Валянціна Акудовіча, Ірыны Дубянецкай, Таццяны Вадалажскай, Міхала Анемпадыстава, Уладзіміра Мацкевіча, Станіслава і Эдуарда Дубянецкіх, Андрэя Шутава.

«Выданні прадстаўлены ў максімальна шырокім дыскурсе, пачынаючы з асэнсавання ўласнай гісторыі, нацыянальнай ідэнтычнасці, модуса ў геапалітыцы, культуры, мовы, і завяршаючы асэнсаваннем свайго месца ў сусвеце», — абмалёўвае маштаб выставы кіраўнік аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага калегіума Валянцін Акудовіч.

На думку адной з экспазітараў выставы Сафіі Садоўскай, тэма гісторыі беларускай думкі апынулася амаль непад'ёмнай для такога мерапрыемства — так шмат хочацца змясціць і так шмат створана. Некаторыя кнігі, часопісы вартыя асобных выстаў і індывідуальнай увагі. Усё гэта сабрана ў адной выставе, таму што, па задумцы арганізатараў, гэта павінна быць панарама беларускай думкі, якая дасць магчымасць гледачам убачыць, як шмат напісана, зроблена і выдадзена, пакажа грандыёзнасць маштабу нацыянальнага мыслення. Унікальнай падзею робіць тое, што падобнае арганізуецца ў Беларусі ўпершыню.

Выстава паказвае, што мы маем на сённяшні дзень — а гэта звыш за 250 імён, якія мысляць Беларусь. Спіс застаецца адкрытым, і гэта тое, што можа натхняць і надаваць крылы.

UPD.: Канцэрт гурта EVAND — падчас адкрыцця выставы:

Відэазапіс імпрэзы:


Другие публикации