Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
Святлана Мацкевіч — пра рэформу школьных экзаменаў: Міністэрства адукацыі пачынае з канца
Міністэрства адукацыі рыхтуе чарговую рэформу, якая будзе тычыцца механізма кантролю ведаў выпускнікоў 9-х і 11-х класаў.
Рэформа закране два аспекты правядзення выпускных іспытаў у школах: прымаць іх будзе незалежная камісія, а ў сам экзамен дададуць частку, скіраваную на паступленне ў ВНУ.
Пра тое, ці прынясе карысць такое новаўвядзенне, «Свабода» пагутарыла з экспертам Агенцтва гуманітарных тэхналогій, кандыдатам педагагічных навук Святланай Мацкевіч.
— Як вы можаце ацаніць ідэю незалежнай камісіі для прыёму экзаменаў?
— Ідэя, каб іспыт прымалі незалежныя суб’екты, правільная, але адначасова і вельмі складаная. Таму я вельмі моцна сумняюся ў правільнасці яе рэалізацыі ва ўмовах школы. Чаму? Таму што школа — гэта заўсёды арганізм з яскрава выяўленымі карпаратыўнымі рысамі. Таму арганізаваць незалежную экспертызу ацэнкі ведаў будзе немагчыма. Любы дырэктар любой школы будзе імкнуцца, каб ацэнку яго вучняў давалі яго знаёмыя выкладчыкі. Таму цалкам выключыць суб’ектывізм у ацэнцы не атрымацца. Гэта па-першае. Па-другое, рэалізацыя гэтай ідэі можа пацягнуць з’яўленне карупцыйных механізмаў. Таму пакуль, не ведаючы, як гэтая ідэя будзе рэалізоўвацца, магу сказаць толькі адно: задума добрая, але ў нашых умовах яе цяжка рэалізаваць, а нават калі і атрымаецца, то яна будзе ствараць хутчэй адмоўныя, чым станоўчыя з’явы.
— А што наконт другой прапановы міністра адукацыі? Ці пойдзе на карысць, калі да ўжо звыклага цэнтралізаванага тэставання дададуцца сумоўе, творчы экзамен ці сачыненне?
— Магу сказаць, што цэнтралізаванае тэставанне, якое ёсць цяпер, вельмі недасканалы механізм, які цалкам выпусташыў змест адукацыі. Цяпер практычна адна мэта навучання ў школе — вымуштроўваць вучняў для ЦТ. Атрымалася акурат тое, пра што папярэджвалі эксперты ў пачатку эпохі тэстаў. Пра гэта гавораць і цяпер: тэставанне — зусім не той механізм ацэнкі, які дазволіць аб’ектыўна ацаніць веды, але хутчэй выкліча новыя праблемы. Гэтыя праблемы мы і маем сёння.
— У чым асноўныя хібы ЦТ?
— Сёння студэнт, які паспяхова здаў тэставанне і паступіў у ВНУ, не ў стане выканаць элементарнае заданне іншага кшталту. Напрыклад, тыя, хто паспяхова здаюць ЦТ па мовах, пры напісанні дыктанта робяць безліч памылак. Гэта выразна сведчыць пра тое, што тэст — не самая добрая форма праверкі ведаў. Я ўжо не кажу пра тое, што былі выпадкі, калі нехта ішоў на ЦТ, адказваў наўгад і ў выніку набіраў балы, неабходныя для паступлення. Таксама тэставанне зусім не закранае такі важны аспект, як жывы механізм дыскусіі і камунікацыі. І тут маем замкнёнае кола. Бо ў прынцыпе тэставанне і ўводзілі для таго, каб пазбегнуць суб’ектывізму ацэнкі, які ўзнікае падчас вуснага экзамена. З аднаго боку, гэта непазбежна: нехта валодае абаяльнасцю, харызмай, нехта — не. Механізм ЦТ начыста выключыў магчымасць суб’ектывізму ў ацэнцы. Але стварыў сітуацыю, калі нават на гуманітарную спецыяльнасць могуць паступіць тыя, хто не валодае навыкамі камунікацыі. Таму цяпер і маем у ВНУ студэнтаў, якія ўвогуле не ўмеюць размаўляць, баяцца зносін з людзмі і не разумеюць механізмаў сацыяльнага ўзаемадзеяння. Гэта ёсць вынік тэставання.
— Атрымліваецца, што прыход тэставання як асноўнага механізму для здачы выпускных і ўступных іспытаў рэзка змяніў падыходы да школьнай адукацыі?
— Так. Настаўнікі муштруюць вучняў для паспяховай здачы тэстаў і зусім не заклапочаны працэсамі разумення, навучання. Ёсць вельмі розныя педагагічныя працэсы: вымуштроўванне і засваенне ведаў праз разуменне. Цяпер школа скіраваная на вымуштроўванне, на жаль.
— Тады варта вітаць, калі ў ЦТ дададуць складнік гутаркі ці сачынення?
— Усё будзе залежаць ад таго, як будзе ацэньвацца гуманітарны складнік іспытаў. Важна, ці будуць ацэньвацца альтэрнатыўныя падыходы да праблем, незалежная думка. Калі так, то гэта добра. Але ж ёсць верагоднасць, што нават падчас камунікатыўнага экзамена будуць патрабаваць ад абітурыентаў жорстка стандартызаванага падыходу. Будзем усё ж спадзявацца, што рэформа, якую рыхтуе Міністэрства адукацыі, нейкім чынам запоўніць недахопы сучаснага ЦТ, але пераход на новыя формы кантролю павінен праходзіць вельмі акуратна і паступова.
— Міністэрства адукацыі заявіла, што рэформа пройдзе толькі праз 5-6 гадоў. Выглядае, што спешкі няма, што ўсё рыхтуецца грунтоўна.
— Я лічу, што Міністэрства адукацыі ўвогуле няслушна падыходзіць да рэформы. Усё робіцца з канца. Насамрэч цяпер трэба думаць не пра ацэнку якасці ведаў. Трэба думаць пра тое, якімі спосабамі гэтую якасць дасягаць. Трэба думаць пра змену працэсаў адукацыі, пра захаванне кадравага патэнцыяла. Іншымі словамі, трэба дбаць пра тыя механізмы, якія наўпрост ці ўскосна гэтую якасць гарантуюць. І толькі пасля можна думаць пра тое, як гэтую якасць вымераць. А цяпер я бачу, што змястоўны складнік рэформы адсутнічае. Таму пачынаюць з канца — маўляў, давайце ацэнім. І што? Ну ацэнім. Скажам, што кепская якасць. І што далей? Напэўна, чарговы раз кагосьці пакараюць. А праз тое, што караць ужо няма каго, адказваць зноў давядзецца настаўнікам, якім і так ужо няма калі вучыць дзяцей, бо загружаныя бюракратычнай папяровай працай.
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»