Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
«Трэба мяняць усю сістэму», — эксперты пра тое, як выкараніць міліцэйскі гвалт і бязмежжа
22 лістапада ў Слуцкім раённым судзе абвешчаны прысуд Івану Барбашынскаму, якога абвінавачваюць у супраціве міліцыі, спалучаным з гвалтам.
Ягоны брат Ігар Барбашынскі таксама мусіў паўстаць перад судом, але 20 верасня ён памёр у жодзінскай турме. На целе Ігара Барбашынскага знайшлі не менш як 17 слядоў удараў цвёрдым тупым прадметам. Хоць братоў Барбашынскіх абвінавачвалі ў супраціве міліцыянтам, Іван сцвярджае, што супрацоўнікі патрульна-паставой службы пры затрыманні іх жорстка збілі. Акрамя шматлікіх кровападцёкаў, у Івана зафіксавалі пералом дзвюх рабрын.
«Не — бязмежжу і беспакаранасці праваахоўных органаў Беларусі»
Грамадскі форум «Свабоду палітвязням Беларусі» збірае подпісы пад петыцыяй «Не — бязмежжу і беспакаранасці праваахоўных органаў Беларусі». Актывісты прыводзяць амаль два дзясяткі прыкладаў злачынстваў, учыненых міліцыянтамі, ганебных паводзін супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія ўчынілі гвалт над грамадзянамі, падлеткамі, пра беззаконні ў турмах, калоніях, СІЗА. Петыцыя адрасаваная міністру ўнутранных спраў Ігару Шуневічу.
«Неабгрунтаваная агрэсія, грубасць, распуста, усёдазволенасць, беспакаранасць робяць супрацоўнікаў унутраных спраў сацыяльна небяспечнымі для грамадства...
Мы патрабуем неадкладна навесці парадак у органах унутраных спраў, правесці праверку ўсіх супрацоўнікаў на адпаведнасць сваім пасадам, абавязкова праверыць псіхічнае здароўе супрацоўнікаў МУС, правесці праверку на дэтэктары хлусні ўсіх без выключэння супрацоўнікаў РАУСаў, АМАП, ДВП на дачыненне да злачынстваў супраць грамадзян Рэспублікі Беларусь і прыцягнуць да адказнасці тых, хто мае дачыненне да гібелі, збівання, знявагі людзей».
Як змагацца з міліцэйскім гвалтам, бязмежжам і беспакаранасцю? «Свабода» пацікавілася думкамі былых супрацоўнікаў міліцыі, праваабаронцы і філосафа.
Мікалай Казлоў: «Што вы хочаце ад шараговага міліцыянта, калі палкоўнік Яўсееў дубасіць нагамі журналіста на плошчы?»
Падпалкоўнік міліцыі запасу Мікалай Казлоў лічыць, што самае галоўнае, каб у міліцыі служылі толькі прафесіяналы:
«У Законе аб органах унутраных спраў дакладна прапісана, у якіх выпадках міліцыя мае права выкарыстоўваць фізічную сілу і спецсродкі, у якіх — не. І празмернае выкарыстанне фізічнай сілы — гэта перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а ў пэўных канкрэтных выпадках — ужо і злачынства. У выпадку з Ігарам Барбашынскім — гэта менавіта злачынства, паколькі даволі малады, здаровы чалавек памёр у турме. Я, праўда, не ведаю ўсіх дэталей, трэба чытаць матэрыялы справы, вывучаць матэрыялы экспертызы, слухаць сведкаў...
Мая думка — у міліцыю трэба набіраць прафесіяналаў. Пры наборы ў міліцыю трэба запрашаць псіхолагаў, каб прэтэндэнты выконвалі пэўныя тэсты і каб не было магчымасцей абысці гэты этап уладкавання на службу.
І самае галоўнае — гэта нецярпімасць кіраўніцтва міліцыі. Што вы хочаце ад шараговых супрацоўнікаў міліцыі, калі палкоўнік Яўсееў дубасіць нагамі журналіста на цэнтральнай плошчы Мінска, а потым атрымлівае званне генерала! У яго з кар’ерай усё ў парадку. Дык чаго мы чакаем ад шараговых супрацоўнікаў міліцыі, якія ўсё гэта бачаць? Гэта нават заахвочваецца, і чалавек робіць на гэтым кар’еру!!! Яўсеева ж ніхто не асудзіў, ён нават атрымаў павышэнне! Паглядзіце на АМАП, які «на блакітным воку» лжыва сведчыць у судах. З самага верху культывуецца, што, маўляў, міліцыі ўсё дазволена. Паціху ўсе за гэтай усёдазволенасцю назіралі, і паступова тыя дзеянні, якія прымянялі толькі да асабліва небяспечных, сапраўдных бандытаў, цяпер выкарыстоўваюць да звычайных грамадзян ці вольнадумцаў-апазіцыянераў. Для таго, каб міліцыя выкарыстоўвала фізічную сілу, раней патрэбны былі сур’ёзныя падставы. Калі я яшчэ працаваў, трэба было быць упэўненым, што чалавек мог быць узброеным ці раней чыніў сур’ёзны супраціў. А калі гэта проста нецвярозы чалавек — скруцілі, але зусім не абавязкова яго закідваць у аўтазак і працягваць дубасіць. У гэтым няма неабходнасці. Але гэта ўжо стала нездаровай традыцыяй, і гэта дрэнна.
Але, зноў жа, калі мы паглядзім на міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, які на свята апранае форму НКУС, гэта ж шмат пра што сведчыць! І самае жахлівае — ніхто за гэта не адказвае. На варце гэтай сістэмы стаяць суддзі, пракуроры, дзяржаўныя СМІ, яны плячом у плячо становяцца і абараняюць вось гэтае бязмежжа. Ім вельмі зручна, калі людзі баяцца ўлады. Ва ўсіх сітуацыях — калі чалавек нецвярозы, калі чалавек апазіцыянер — метады прыкладна аднолькавыя, і канчатковая іх мэта — каб баяліся: маўляў, «я гаспадар». Гэта неабходна мяняць, хоць гэта цяжка, складана. Але трэба мяняць неадкладна».
Мечыслаў Грыб: «Трэба мяняць заканадаўства, міліцыянты не могуць сведчыць у судах»
Экс-старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мечыслаў Грыб у 1980-я гады быў начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму. Генерал міліцыі ў адстаўцы перакананы, што неабходна мяняць заканадаўства:
«Міліцыянтаў, якія ідуць сведкамі пры затрыманні людзей, трэба пазбаўляць права сведчыць. То бок паказанні тых міліцыянтаў, якія прымаюць удзел у затрыманні правапарушальнікаў, не павінны прымацца як паказанні сведкаў. Гэта значыць, трэба мяняць заканадаўства. Але сёння мы маем тое, што маем, і гэта дрэнна. Зараз судовыя органы і праваахоўныя органы цесна звязаныя паміж сабой і адзін аднаго падтрымліваюць. Так было і пра савецкай уладзе, так ёсць і сёння, і пакуль нічога не змянілася.
Калі я ўзначальваў упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму, такога міліцэйскага бязмежжа не было. Нейкія дробныя парушэнні здараліся, але не ў такіх памерах. Тады і гумавых дубінак не было, і на ахову парадку накіроўвалі супрацоўнікаў наагул бяз зброі. Іншыя часы былі, іншыя падыходы. А сёння ўсё памянялася. На жаль, не ў лепшы бок».
Валянцін Стэфановіч: «Сістэма МУС вельмі закрытая, яна вельмі неахвотна «здае» сваіх»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што супрацоўнікі міліцыі і ўнутраных войскаў павінны проста ведаць і дакладна выконваць Закон аб органах унутраных спраў:
«Міліцыянты могуць выкарыстаць фізічную сілу ў адпаведнасці з Законам аб органах унутраных спраў. Там выкладзены ўсе падставы, у якіх выпадках пры затрыманні грамадзян можна выкарыстаць сілу, але з найменшай шкодай і наступствамі для здароўя. Гэта звязана з непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, нападам на супрацоўніка міліцыі і гэтак далей — усё дакладна прапісана.
Сапраўды, выпадкаў, калі міліцыя збівае людзей, багата, і вельмі цяжка разабрацца, хто вінаваты. Праваабаронцы са свайго боку асабліва і не павінны ўнікаць, даказана ці не, што міліцыянты білі. Гэта пытанні больш маштабныя — справядлівага суду. Але тое, што супрацоўнікі міліцыі павінны дзейнічаць у строгай адпаведнасці з законам — гэта адназначна. У выпадку, калі падлеткі быццам бы напалі на амапаўца, розніцы няма, учыняў падлетак супрацьпраўныя дзеянні ці не. У законе не напісана, што амапаўцу дазволена памачыцца на галаву падлетка. Такога ў Законе аб органах унутраных спраў няма. Гэта дзеянні, якія абражаюць чалавечую годнасць.
Верагодна, што ў Слуцку міліцыянты ведалі братоў Барбашынскіх і помсцілі за штосьці, улічваючы, што нябожчык сам служыў у міліцыі. Усялякае магло быць.
Як з гэтым змагацца? Змагацца складана. Сістэма МУС вельмі закрытая. Бесперашкоднага доступу ў пастарункі ніхто з прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый не мае. Прэвентыўных інстытуцый катаванням і жорсткаму абыходжанню на нацыянальным узроўні няма — я маю на ўвазе амбудсмена ці грамадскія рады пры МУС, абласных, раённых упраўленнях унутраных спраў. Так, прадстаўнікі нейкай рады Дарафеева і Давыдзька наведалі магілёўскую турму, іх там пакармілі, і яны зрабілі выснову, што ў нашай пенітэнцыярнай сістэме кормяць, як у рэстарацыі. Але мы ў сваёй практыцы сутыкаемся з зусім іншымі сведчаннямі і адносна пенітэнцыярнай сістэмы, і адносна абыходжання з людзмі ў пастарунках. Ну а калі жорстка затрымліваюць людзей, хай сабе і падазраваных ва ўчыненні злачынстваў — да гэтага супрацоўнікі міліцыі ставяцца, як да нейкай звычайнай практыкі: «Ну, гэта ж пры затрыманні, гэта ж можна». Але калі чалавек не аказвае супраціву пры затрыманні, падпарадкоўваецца ўсім патрабаванням міліцыі, што за нагода яго лупцаваць? А ў нас гэта як нармальная практыка. Падумаеш, адбілі ныркі, зламалі рэбры ці яшчэ што-небудзь... Потым яны даюць інтэрв’ю ў часопісе «Спецназ»: «Міліцыя ніколі не памыляецца, яна ведае, што гэта злачынца, таму так жорстка затрымлівае».
Таму, я думаю, пакуль не будзе публічнага грамадскага кантролю за дзейнасцю МУС і пенітэнцыярнай сістэмы (тут маюцца на ўвазе і РУУС, і прыёмнікі-размеркавальнікі, і розныя цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў — да СІЗА і калоній), будуць мець месца вось такія факты збівання, катаванняў.
Ну і другі момант — праз тое, што сістэма вельмі закрытая, яна вельмі неахвотна «здае» сваіх. З гэтых шматлікіх спраў са смяротнымі выпадкамі ў турмах, дзе мы (праваабарончы цэнтар «Вясна») прыкладалі вельмі шмат намаганняў, вельмі цяжка заводзяцца крымінальныя справы. Адно выключэнне — справа Ігара Пцічкіна, які памёр на «Валадарцы», калі справа дайшла да суду. Заведзена крымінальная справа яшчэ па адной смерці — Багданава ў жодзінскай турме, і пакуль невядома, чым яна завершыцца. Бо вельмі часта падобныя справы заканчваюцца нічым, больш за тры гады б’ёмся ў справе са Светлагорска, калі чалавек памёр у следчым ізалятары. Гэта вельмі закрытая сістэма, якая сваіх не здае. Далёка не ўсе справы становяцца рэзананснымі і становяцца вядомымі грамадзкасці, і тым больш даходзяць да разгляду».
Уладзімір Мацкевіч: «Сістэма МУС даведзена да поўнай дэградацыі, і ніхто звонку яе змяніць не ў стане»
Філосаф Уладзімір Мацкевіч у красавіку 2016 году напісаў адкрыты ліст міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу пасля таго, як тры супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Мінска лжыва сведчылі, што Мацкевіч браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу ў той час, калі ён фізічна не прысутнічаў у Беларусі, а знаходзіўся за мяжой:
«Пытанні вы задаяце рытарычныя. Бо сістэма, якая стварыла гэтыя т.зв. праваахоўныя (бо яны не ахоўваюць права) органы, яна і абараняе гэтыя органы. Бо сённяшнія суды — бяз доказаў, бяз крытыкі, без высвятлення абставінаў — прымаюць сведчанні міліцыянтаў і амаль цалкам ігнаруюць сведчанні пацярпелых, простых сведкаў, яны імі нават не цікавяцца. У нас няма следзтва, няма расследавання, у нас ёсць зусім тэндэнцыйнае асуджэнне, апрыёрнае асуджэнне ўсіх, хто не з’яўляецца міліцыянтам, хто не мае ўлады. У гэтым сэнсе, наша сістэма МУС даведзена да поўнай дэградацыі, і ніхто звонку яе змяніць не ў стане без таго, каб не змяніць усю сістэму, якая і стварыла вось гэтую падсістэму правааховы.
Такім чынам, пытанне тут не ў тым, што дрэнныя міліцыянты ці прадажныя суддзі, ангажаваныя пракуроры ці непрафесійныя следчыя. Гэтыя праблемы ёсць, так. Але яны другасныя ў параўнанні з тым, што ўся сістэма такая. І ў гэтай сістэме ніякія іншыя спецыялісты, службоўцы-прафесіяналы выжыць не змогуць. Таму нават самы шчыры, самы сумленны чалавек, які трапіць у гэтую сістэму, праз некалькі месяцаў ці гадоў становіцца часткай гэтай сістэмы. Таму памяняць аднаго суддзю на другога, аднаго міліцыянта на другога нічога не дасць. Памяняць міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча на нейкага іншага — нічога не зменіць. Тут сістэму мяняць трэба».
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»