Адносіны Беларусі і Еўрасаюза адчувальна палепшыліся — амбасадар Германіі

25.11.2016
Радыё «Свабода»

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар адзначыў, што адносіны Беларусі і Еўрапейскага Саюза адчувальна палепшыліся, перадае БелТА.

«Найбольш відавочнай праявай гэтага стала скасаванне санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі ў лютым гэтага года. Менавіта Германія больш за іншыя краіны выступала за скасаванне санкцый, — адзначае амбасадар. — Можна канстатаваць, што нават праблемныя тэмы могуць зноў адкрыта абмяркоўвацца. Гэта можа стаць пачаткам шляху, які дасць нам магчымасць актыўна рэалізоўваць шырокі патэнцыял двухбаковых адносін. Гэта запатрабуе часу, цярплівасці і даверу да партнёраў».

Германія — адзін з найвялікшых донараў Беларусі сярод краін Еўрасаюза. З 2006 па 2012 гады яна выдзеліла нашай краіне 129,17 мільёна долараў ЗША. Гэта амаль чвэрць агульнай сумы донарскай дапамогі ад краін ЕС за гэты пэрыяд. 2/3 нямецкай дапамогі накіроўваюцца на адукацыю. Пераважна гэта расходы на навучанне беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсітэтах Германіі. Сродкі, выдаткаваныя на развіццё гэтага напрамку, фактычна застаюцца ў Германіі.

Як адзначае Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, які тройчы праводзіў даследаванне ролі і месца грамадзянскай супольнасці Беларусі ў сістэме донарскай дапамогі ЕС для Беларусі, для нямецкай дапамогі характэрнае супрацоўніцтва з уладамі Беларусі. І ў выпадку, калі дапамога выдзяляецца праз канал «НДА і грамадзянская супольнасць», то гэта зусім не значыць, што сродкі накіраваныя на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Радыё «Свабода»


Другие публикации