Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
«Нам трэба перастаць быць рускай інтэлігенцыяй» — Мацкевіч, Бабкоў, Севярынец пра інтэлектуальны клуб Алексіевіч
7 снежня ў Галерэі TUT.BY першая запрошаная нобелеўскай лаўрэаткай госця — Вольга Седакова — прачытала лекцыю пра асаблівасці стаўлення да зла ў рускай традыцыі. Прадстаўляючы расійскага паэта і філосафа, Святлана Алексіевіч найперш сказала, што «вельмі яе любіць».
«Заўжды хацелася знайсці людзей, з якімі можна было б не мітынгаваць, а глыбока прадумваць нейкія пытанні, — патлумачыла Алексіевіч мэты свайго клуба. — Трэба мець смеласць і мужнасць прызнаць, што мы гэтай трэніроўкі пазбаўленыя і што мы вельмі мала гэтым займаемся».
Сярод іншых запланаваных выступоўцаў, па словах самой пісьменніцы, — Дзяніс Драгунскі, палітыкі Ірына Хакамада і Рыгор Яўлінскі, рэжысёр Аляксандр Сакураў, лінгвіст Таццяна Чарнігоўская.
Радыё «Свабода» пацікавілася, які ўражанні ад першага пасяджэння засталіся ў прысутных там філосафаў Ігара Бабкова, Уладзімера Мацкевіча і ў пісьменніцы і настаўніцы Ганны Севярынец.
Ігар Бабкоў называе Вольгу Седакову ці не самай любімай сярод расійскіх творцаў. «Гэта чалавек, рэакцыі і ацэнкам якога верыш на 150 працэнтаў», — характарызуе філосаф сваё стаўленне да выступоўцы. Імпрэза пакінула ў яго пазітыўныя ўражанні і добры настрой.
«Адзінае, што выклікала непаразуменні ў знешніх гледачоў — гэта накладка двух фарматаў. З аднаго боку — сустрэча з селебрыці, якая прадугледжвае публічнасць, запрашэнне медыя. А з другога боку — вось гэты крок на заглыбленне, пра які казала сама спадарыня Святлана. Наколькі я разумею гэтую ідэю, гэта запрашэнне людзей, якія думаюць, у своеасаблівы тэатар думкі».
Ігар Бабкоў быў аўтарам самага папулярнага ў публікі пытання пра адрозненні паміж рускім і беларускім разуменнем зла, што выклікала апладысменты ў залі.
«Я прапаноўваў, па сутнасці, разгледзець беларускае і рускае зло як дзве альтэрнатыўныя метафізікі, як два альтэрнатыўныя спосабы прысутнасці ў свеце. Рускае зло як імперска-нарцысісцкае самаасляпленне культуры, якая ў выніку гэтага асляплення вельмі бачная, выходзіць на бачнае месца, але пры гэтым не бачыць і не цэніць найбліжэйшага — то бок сваіх суседзей. А беларускае зло — гэта гатоўнасць надзяваць маску і быць кім заўгодна: і палякамі, і літвінамі, і жыхарамі Пскоўскай вобласці.
Пры такой раскладцы дыялог паміж інтэлектуаламі вельмі складаны: з аднаго боку — маска, з другога — заплюшчаныя вочы.
Седакова крышачку аспрэчыла ацэнку рускай культуры і сказала, што не ўва ўсіх ёсць гэтае самаасляпленне. І дадала: «А пра вас я нічога не ведаю». І гэтага мала — сказаць: «Я пра вас нічога не ведаю». Трэба працягваць.
Напрыклад, «нічога не ведаю і разумею, як гэта ненатуральна. Разумею, што ёсць фантастычна цікавы метафізічны паэт Алесь Разанаў, мой калега, мысляр, які робіць тую ж працу. Але руская оптыка так настроена, што Разанаў не прысутнічае ні ў маім унутраным свеце, ні ў свеце самой культуры. Мне гэтага шкада, і я хацела б змяніць гэтую парадыгму». Я прыблізна такога чакаў ад Седаковай.
А ёсць іншы варыянт: «Я пра вас нічога не ведаю і не хачу ведаць, таму што вы маленькія, глупыя, не перакладзеныя, у вас няма прэміі Дантэ».
Бо проста сказаць: «Не ведаю...» — гэта няправільна, я думаю».
Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец адзначыла годную арганізацыю мерапрыемства. «Не хацелася выглядаць правінцыяй, у якую прывезлі замежную зорку», — кажа яна. Але ёй асабіста не хапіла «тэматычных акцэнтаў і разнастайнасці фактаў».
«Я аказалася не гатовая да такой вельмі агульнай размовы на ўзроўні архетыпаў, — працягвае Ганна. — Вельмі адчувалася, што ў рамках падзеі такога еўрапейскага масштаба, у рамках таго, што мы не правінцыя, а грамадства, якое мае ўласныя ментальныя патрэбы, дыскусійныя патрэбы, культурныя запыты, усё ж такі хацелася, каб дыскусія ішла ў тым сілавым полі, якое нас цікавіць».
На думку Ганны, больш значныя тэмы для нашага грамадства — гэта нацыянальны менталітэт, самарэалізацыя ў межах нацыянальнай культуры, досвед іншых краін на гэтым шляху.
«Я б сказала так: бывае, чалавеку вельмі хочацца паесці, а яму даюць торт, — тлумачыць Ганна Севярынец. — Торт — гэта крута, але спачатку хацелася б паесці мяса. Паслухаць Седакову, пабачыць лабараторыю пошукаў сапраўднага інтэлектуала, гуманітарыя — гэта вельмі важна, каштоўная падзея. Але ўвесь час слухаць гэта — напэўна, гэта для нас раскоша».
Ганна Севярынец кажа, што з задавальненнем паслухала б мысляроў з краін, якія «самаідэнтыфікаваліся не так даўно» — напрыклад, з Ірландыі і Каталоніі, а з беларусаў — Ігара Бабкова і Валянціна Акудовіча.
Філосаф Уладзімір Мацкевіч кажа, што крытычна ставіцца да формы інтэлектуальнай камунікацыі і манеры, у якой была праведзена сустрэча. Але адчувае павагу да запрошанай Вольгі Седаковай і да самой ініцыятывы Святланы Алексіевіч.
«Шэраг тых імён, зорак, мысляроў, да якіх апелюе Седакова і тыя, што яе рэпрэзентуюць, мне знаёмыя. Я хадзіў на тыя ж самыя лекцыі, вучыўся ў тых самых людзей — як толькі была магчымасць, бегаў на лекцыі Сяргея Аверынцава, калі прыяжджаў Юрый Лотман, хадзіў на лекцыі Лотмана. Што тычыцца Аляксандра Пяцігорскага, то я па сённяшні дзень сябрую з тымі, хто заснаваў прэмію Пяцігорскага, і яны ўключылі мяне ў камісію па вылучэнні намінантаў на яе. Я сябрую і з групай паслядоўнікаў Пяцігорскага ў Латвіі, якая грунтоўна вывучае яго спадчыну, — кажа філосаф. — Я вырас з таго самага асяроддзя, што і Седакова. Але ж я вырас. І сёння мы жывем зусім у іншым свеце, і перад намі стаяць іншыя праблемы. І трэба станавіцца больш сучаснымі».
Другі момант, на які Уладзімір Мацкевіч звяртае ўвагу, — феномен рускай інтэлігенцыі і яе прысутнасці ў Беларусі.
«Я не русафоб, большую частку свядомага жыцця пражыў у Расіі, вучыўся ў расійскіх мысляроў, інтэлектуалаў, філосафаў. Але я вельмі не люблю рускую інтэлігенцыю як феномен», — кажа Мацкевіч.
«Рускія інтэлігенты — гэта іншаземцы ў сваёй краіне. Нават досыць глыбокія іх разважанні не адпавядаюць рэчаіснасці — ані рэчаіснасці глабальнага свету, ані рэчаіснасці, якая існуе ў самой Расіі».
На думку Мацкевіча, руская інтэлігенцыя адказная за ўсё тое зло, пра якое разважае сёння сама Седакова.
«Без асэнсавання гэтай з’явы, без таго, каб крытычна ставіцца да гэтага феномена, мы не можам вызваліць сябе ад гэтай неабходнасці, — кажа Мацкевіч. — Бо значная частка інтэлігенцыі ў Беларусі — гэта руская інтэлігенцыя. не ў тым сэнсе, што яна гаворыць па-руску і чытае расійскіх аўтараў, арыентуецца на расійскіх зорак. Але яна і думае па-руску, нават калі размаўляе па-беларуску. У гэтым сэнсе, руская інтэлігенцыя — парадыгмальны прыклад, узор для інтэлігенцыі ва ўсіх краінах, якія даганяюць, якія развіваюцца».
Уладзімір Мацкевіч кажа, што калі мы хочам пазбавіцца ад сваіх шматлікіх праблем, ад адмоўнай спадчыны, мы павінны адрэфлексаваць феномен рускай інтэлігенцыі, крытычна паставіцца да яго.
«І перастаць быць рускай інтэлігенцыяй, перастаць быць рускай і перастаць быць інтэлігенцыяй, — заключае ён. — Нам патрэбныя сучасныя еўрапейскія, сусветныя інтэлектуалы. І яны ў Беларусі ёсць».
Уладзімір Мацкевіч нагадвае пра існаванне шматлікіх пляцовак для сустрэч з беларускімі і еўрапейскімі інтэлектуаламі, якія дзейнічаюць цяпер у Мінску. У тым ліку, на базе Лятучага ўнівэрсытэта.
«Зараз Таццяна Шчытцова з дапамогай Інстытута Гётэ робіць сустрэчу з нямецка-амерыканскім культуролагам Гансам Гумбрэхтам, — прыводзіць прыклад Мацкевіч. — Сёння ў Мінску разнастайнае інтэлектуальнае жыццё. Тым, хто шукае інтэлектуальнага апірышча, стасункаў з сусветнай інтэлектуальнай думкай, Мінск ужо дае такія магчымасці, і гэтым трэба карыстацца і радавацца гэтаму. У нас шмат чаго ёсць і няма на што скардзіцца».
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»