Сцяпан Стурэйка: Адказнасць за захаванне спадчыны павінна несці супольнасць (Фота і відэа)

13.12.2016
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі", фота — аўтара, відэа — Лятучага ўніверсітэта

Чаму справа аховы помнікаў патрабуе дэцэнтралізацыі, ці магчыма захаваць спадчыну і не парушыць аўтэнтычнасць і што здарыцца, калі стварыць амбулаторыю ў Гальшанскім замку?

У падыходзе да спадчыны патрэбны кардынальны пераварот

У межах цыклу «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні» Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» гісторык, культурны антраполаг, выкладчык ЕГУ Сцяпан Стурэйка распавёў аб тым, што не так з нашай (і не толькі) архітэктурнай спадчынай. Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» прыводзіць некаторыя часам рэзкія, месцамі правакатыўныя, дзесьці рэвалюцыйныя і ў той жа час праўдзівыя разважанні выступоўцы.

Як выкладчык універсітэта Сцяпан Стурэйка адзначае знікненне інтарэсу студэнцкай супольнасці да ўсяго, што звязана з аховай помнікаў і музеефікацыяй:

«Абмеркаванні помнікаў даўно пераўтварыліся ў «клуб пакутнікаў», і гэта лепшая ілюстрацыя застою. Мы перасталі быць актуальнымі, асабліва калі, абмяркоўваючы помнікі, заклікаем да іх кансервацыі. Тэма рэстаўрацыі помнікаў імкліва маргіналізуецца, і вінаватыя ў гэтым толькі мы самі», — рэзка пачаў дакладчык.

Да таго ж дыскурс аховы несумяшчальны з дыскурсам крэатыўнага развіцця. На думку Сцяпана Стурэйкі, неабходны «кардынальны пераварот» падыходу да архітэктурнай спадчыны, які б абапіраўся не на сляпую веру ў каштоўнае мінулае і клопат пра «камене», а перадусім на ўласнае новае даследаванне.

Такім чынам, лектар выводзіць праблему таго, што помнікаў занадта шмат. Такі рост выклікае размыванне сэнсу помніка, сфармуляванага ў ХІХ стагоддзі. А калі іх шмат, рэстаўрацыя выліваецца ў непасільную задачу:

«Ды і ці варта рэстаўраваць аднолькава купал будынка Камароўскага рынку і Сынкавіцкую царкву, якія да нядаўняга часу знаходзіліся ў адным Спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь?» — задаецца пытаннем культурны антраполаг.

«Усе помнікі ў той ці іншай ступені — гэта «караблі Цясея»

Помнікі ў значнай ступені з’яўляюцца своеасаблівым доказам існавання нас як нацыі. Але пры гэтым важная аўтэнтычнасць помніка, бо без яе немагчыма даказаць веліч нацыі. Хоць на сённяшні дзень аднаўленне неіснуючых помнікаў мае месца і нават вітаецца — напрыклад, пабудова ратуш у Мінску і Магілёве на месцах, дзе яны калісьці сапраўды знаходзіліся. У свеце існуе практыка пераносу рэканструяваных гістарычных аб’ектаў у іншыя месцы, дубляванне тых ці іншых аб’ектаў:

«Гістарычны цэнтр Франкфурта-на-Майне, які аднаўляецца цяпер, — беспардонная наваробка, а адноўлены гістарычны цэнтр Варшавы — помнік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ці аўтэнтычны Стоўнхэндж, калі ўлічыць, што ніводзін з яго камянёў не стаіць на першапачатковым месцы? Тое ж справядліва і для Рымскага форума. А Кёльнскі сабор, будаўніцтва якога доўжылася з 1248-га да 1880-х гадоў? Гэта ўвогуле помнік якой эпохі? Нарэшце, ці пацерпіць аўтэнтычнасць Пізанскай вежы, калі мы вырашым яе выпрастаць, пры тым, што памылка архітэктара складае прадмет аховы і кансервацыі?»

Прыведзеныя сумневы адлюстроўваюць старажытнагрэцкі парадокс караблёў Цясея. Яго можна сфармуляваць наступным чынам: калі ўсе складовыя часткі сыходнага аб’екта замененыя, ці застаецца ён тым жа? Паводле грэцкага міфа, пераказанага Плутархам, у караблі, на якім Цясей вярнуўся з Крыта ў Афіны, пры рамонце паступова замянялі дошкі, пакуль сярод філосафаў не ўзнікла спрэчка: ці той гэта яшчэ карабель, альбо ўжо новы? Апроч таго ўзнікае іншае пытанне: калі пабудаваць са старых дошак новы карабель, які з іх будзе больш сапраўдным?

«Я магу сказаць, што ўсе нашы помнікі ў той ці іншай ступені — гэта «караблі Цясея», — на правах адмыслоўцы заяўляе гісторык.

І ўсё ж, як гэта ні парадаксальна, спроба супрацьстаяць зменам — рэстаўрацыя ці кансервацыя — гэта і ёсць самі змены.

Актывісты супраць прафесіяналаў і ўтылітарнасць замест турызму

Хто ж павінен несці адказнасць за захаванне помнікаў? На першы погляд, адказ відавочны: усе грамадзяне. Але ўсё не так адназначна. Часам адносіны грамадскіх ахоўнікаў да помнікаў нагадваюць не проста прысваенне, а самазахоп. Бываюць выпадкі, калі актывісты ўрываюцца на непрыналежны ім аб’ект, будаўнічыя працы на якім узгоднены ўсімі дзяржорганамі. Чаму яны аспрэчваюць права ўласніка і праекціроўшчыка на прыняцце рашэнняў і лічаць сябе ўпаўнаважанымі ўплываць на іх?

«Актывісты адстойваюць Асмалоўку, таму што гэта прысабечаная імі Асмалоўка, а гісторыкі адстойваюць замкі, таму што гэта яны прыдумалі ім гістарычную інтэрпрэтацыю», — рэзюмуе выступоўца.

Аднаўленне аб’ектаў мінулага — неад’емная частка дыскурсу аховы спадчыны. Але і з гэтым не ўсё проста, бо пад рэстаўрацыяй кожны разумее нешта сваё. Многія будынкі перажылі не адну рэстаўрацыю — і кожная з іх была «самай навуковай» і «дакладнай», — і ў выніку аб’екты маюць, мякка кажучы, не зусім першапачатковы выгляд.

«Адказнасць за захаванне спадчыны павінна несці супольнасць — і так пераможам», — даводзіць гісторык.

І прыводзіць прыклад: адны з самых захаваных гісторыка-культурных аб’ектаў у нашай краіне — цэрквы і касцёлы, а сярод найменш захаваных — сінагогі. Бо ў выпадку першых і другіх ёсць супольнасць — прыходы, а ў выпадку апошніх супольнасці няма.

Праўда, паўстае лагічнае пытанне: што рабіць з аб’ектамі, якія падобнай супольнасці мець не могуць — напрыклад, з замкамі? На гэта пытанне ў выступоўцы адназначнага адказу не знайшлося.

«Магчыма, трэба шукаць гэтыя супольнасці. Але проста прывезці некалькі разоў аўтобус з экскурсіяй недастаткова», — перакананы Сцяпан Стурэйка.

Дарэчы, пра аўтобусы з экскурсіямі. Усё часцей гісторыка-культурныя аб’екты паглынае індустрыя турызму. На думку дакладчыка, тое, што раней было вяхой гістарычнага значэння, доказам існавання нацыі, пераўтвараецца ў «рэквізіт, тэатральную дэкарацыю ў платным відовішчы, трагічна абясцэньваючы шчыраванні экспертаў, ахоўнікаў, рэстаўратараў і ўсіх нас». Лектар выступае з рэзкай крытыкай турыстычнага вектару існавання помнікаў і кажа, што ён, прынамсі, не павінен быць вядучым. Спадчына можа вырашаць эканамічныя пытанні мясцовай супольнасці, але іншым чынам, даводзіць Сцяпан Стурэйка і ў якасці прыкладу прыводзіць амбулаторыю ў Гальшанах, пабудова якой цяпер заканчваецца:

«Будынак узводзіцца побач з Гальшанскім замкам і яму не шкодзіць. А вакол руінаў замка ідуць спрэчкі. Чаму ён у руінах? Таму што гэта нацыянальная спадчына, якая мусіць выкарыстоўвацца ў турыстычных мэтах, яна чакае на рэстаўрацыю і адкрыццё там музея. Але калі мы зменім парадыгму нашага мыслення, мы можам зрабіць у Гальшанскім замку тую ж самую амбулаторыю. Пры гэтым рэстаўрацыя будзе не горш, замак будзе выкарыстоўвацца ўстойліва, на карысць мясцовай супольнасці, экскурсіі таксама можна будзе праводзіць — аб’ект зажыве».

Відэазапіс публічнай лекцыі:


Другие публикации