«У сістэме адукацыі будзе душыцца ўся свабода і ўся беларушчына» (Аўдыё)

18.12.2016
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

Што азначае прызначэнне на пасаду міністра адукацыі кіраўніка Камуністычнай партыі Ігара Карпенкі? Якія змены ў беларускіх школах і ўніверсітэтах могуць адбыцца пасля гэтага? Як грамадскасць можа ўплываць на дзяржаўную сістэму адукацыі?

На гэтыя ды іншыя пытанні ў межах «Экспертызы Свабоды» адказваюць лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Віталь Цыганкоў: Прызначэнне на пасаду міністра адукацыі кіраўніка Камуністычнай партыі Ігара Карпенкі выклікала гарачую рэакцыю ў СМІ і сацыяльных сетках. І рэакцыю гэтую я б ахарактарызаваў пераважна як панічную і алармісцкую — маўляў, што зараз будзе з беларускай сістэмай адукацыі? Які месэдж дасылае Аляксандр Лукашэнка беларускаму грамадству гэтым прызначэннем?

Аляксей Янукевіч: Спадар Карпенка неаднаразова заяўляў, што існуюць ліберальна-нацыяналістычныя пагрозы для Беларусі. І дзейнасць ягонай партыі і яго асабіста накіравана на тое, каб гэтыя пагрозы спыняць. Адпаведна гэта азначае, што ў сістэме адукацыі будзе душыцца ўся свабода і ўся беларушчына. І можа стацца такім фіналам катастрофы, якая разгортваецца ў сістэме адукацыі мінулыя дзесяцігоддзі.

Віталь Цыганкоў: Але ж вядома, што ў беларускай сістэме ўлады канкрэтны міністр мала што вызначае. У цэлым, улады нібыта праводзяць апошнія гады «мяккую беларусізацыю». Можа, прызначэнне Карпенкі — гэта проста падача ў Расію? Маўляў, глядзіце, у нас ніякага Майдану і ніякіх бандэраўцаў быць не можа, бо ў нас камуніст кіруе адукацыяй?

Аляксей Янукевіч: Я тут не зусім пагаджуся. Сапраўды, калі міністры ці іншыя службовыя асобы хочуць праводзіць рэформы — то іхныя магчымасці даволі абмежаваныя агульным курсам дзяржавы. Але калі яны жадаюць праводзіць палітыку закручвання гаек, вынішчэння беларускасці — то дзяржава гэтаму ніколі не процістаяла. Пакуль у дзяржавы няма механізмаў (і яны ёй не патрэбны, відавочна) стрымліваць тых, у каго ёсць надта моцная ініцыятыва «душыць».

Уладзімір Мацкевіч: Я б найменш хацеў казаць пра палітыку і ідэалогію — усё гэта відавочна і ляжыць на паверхні. Я ў свой час прафесійна займаўся менавіта адукацыяй — і для гэтага былі палітычныя і ідэалагічныя перашкоды. Так атрымалася, што я быў знаёмы з чатырма міністрамі адукацыі, яшчэ з часоў апошняга савецкага міністра Дземчука, а потым з Гайсёнкам, Стражавым і Брыгадзіным. Усе яны былі больш-менш прафесійнымі, разбіраліся ў сістэме адукацыі, мелі свае погляды на гэта.

Але потым пайшла поўная дэградацыя. Кожны наступны міністр прызначаўся з нейкай ідэалагічнай нагоды. І сёння з прызначэннем Карпенкі гэта дайшло да поўнай дэградацыі, бо ён проста не мае ніякага дачынення да адукацыі. Што ён раней казаў на тэму адукацыі? Я знайшоў дзве рэчы: вяртанне школьнай формы і барацьба супраць дэсаветызацыі, вяртанне да савецкасці.

Такім чынам, Карпенка нічога не разумее ў гэтай галіне. А адукацыя сёння ў нас адкінута вельмі далёка, мы так адсталі ад развітых краін, што гэта проста становіцца першапачатковым клопатам для аздараўлення краіны.

Віталь Цыганкоў: Можа, калі міністр мала разбіраецца ў тым, куды ён прызначаны — гэта і добра? Тады ён мала што можа сапсаваць?

Уладзімір Мацкевіч: Сапсаваць ён можа шмат. Бо ён вельмі ідэалагізаваны чалавек. Гэта ў заходніх краінах міністры прызначаюцца палітычныя, але ў нас не такая практыка. У нас заўсёды «крэпкіх хазяйственнікаў» прызначаюць, і ставяць ім пэўную задачу. Напрыклад, яшчэ больш зрабіць пасіўнай усю сістэму адукацыі, яшчэ больш пашыхтаваць настаўнікаў, каб забяспечыць, напрыклад, будучы рэферэндум. Гэта разбурэнне адукацыі, гэта разбурэнне нашай будучыні.

Віталь Цыганкоў: Пішуць, што папярэдні міністр Жураўкоў даволі актыўна рыхтаваў Беларусь да адпаведнасці нормам Балонскага працэсу. Беларусь, як вядома, уступіла туды — але авансам, фармальна.

Уладзімір Мацкевіч: Не чуў ад Карпенкі ніводнага выказвання на гэты конт, думаю, ён увогуле нічога не трымае пра гэта ў галаве. Калі яму нейкая задача пастаўлена — то, хутчэй, наадварот: не рабіць тое, што неабходна паводле абавязкаў Беларусі ў Балонскім працэсе.

Віталь Цыганкоў: Партыя БНФ ужо звярнулася ў Вярхоўны суд і Савет міністраў Беларусі з заявай, што прызначэнне Карпенкі парушае Канстытуцыю Беларусі. Як прызначэнне нейкага чалавека можа парушаць Канстытуцыю? Вы хочаце проста прыцягнуць увагу і што думаеце рабіць далей у гэтым пытанні?

Аляксей Янукевіч: Не. Гэта не проста інфармацыйная нагода. Тут вядзецца пра тое, што сістэма адукацыі можа проста сканаць. Бо прызначылі міністрам чалавека, які цягам усёй сваёй дзейнасці на дзяржаўных пасадах займаўся прасоўваннем ідэалагічнай лініі сваёй палітычнай партыі. Апошні прыклад — гэта ўстаноўка помніка Леніну, што ў XXI стагоддзі з’яўляецца папросту вар’яцтвам. Гэты чалавек разважае катэгорыямі мінулага стагоддзя, не можа быць з ім ніякай будучыні.

Таму мы вельмі заклапочаныя, што на пасадзе міністра сп. Карпенка будзе займацца прасоўваннем сваёй ідэйнай камуністычнай лініі. Гэта, на нашу думку, супярэчыць 4-му артыкулу Канстытуцыі, які гаворыць, што «Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян».

Віталь Цыганкоў: Вам было б дастаткова, калі б Карпенка на момант выканання сваіх абавязкаў міністра фармальна спыніў бы сваё сяброўства ў Камуністычнай партыі?

Аляксей Янукевіч: Нам было б дастаткова для пачатку, калі б Камуністычная партыя спыніла сваё існаванне. Але ёсць неадкладная праблема развіваць сістэму адукацыі, іначай у Беларусі не будзе будучыні. І на сёння выглядае, што прызначэнне Карпенкі якраз накіраванае на тое, каб у Беларусі не было будучыні.

Віталь Цыганкоў: Што можа зрабіць педагагічная грамадскасць, усе людзі, якія заклапочаны станам адукацыі? Можа, Карпенка сам сваімі першымі заявамі развее ўсе «падазрэнні»?

Уладзімір Мацкевіч: Я ад яго нічога такога не чакаю. Прызначэнне Карпенкі — вяршыня айсберга. У галіне адукацыі адбываюцца павольныя і вельмі небяспечныя працэсы. Ідзе ціск на рэктараў навучальных устаноў, заціскаюцца ідэалагічныя гайкі. Сацыяльны і эканамічны крызіс толькі разгортваецца. Таму звяртаецца асаблівая ўвага на моладзь, якая можа стаць актыўнымі ўдзельнікам пратэстаў.

Выкладчыкі больш-менш ліберальных, беларускіх поглядаў адчуваюць на сябе моцны ціск. Рэктары ВНУ атрымалі папярэджанне, што яны недастаткова адсочваюць небяспечныя тэндэнцыі ў сваіх установах.

Віталь Цыганкоў: Але ўсё гэта рабілася ўжо да прызначэння Карпенкі?

Уладзімір Мацкевіч: Так, гэта тэндэнцыя. І спадзявацца на тое, што Карпенка можа нешта зварухнуць у добры бок — не даводзіцца. Ён прызначаны для таго, каб замацаваць усе тыя дзеянні, якія сёння там робяцца.

Аляксей Янукевіч: Ідэйная камуністычная, савецкая плынь запатрабавана цяперашняй уладай. Дзеля гэтага Карпенку і аддалі Міністэрства адукацыі. Для тых, хто хоча вяртання Беларусі ў «савок», гэта можа быць важным кірункам для дзейнасці. Нічога добрага такая дзейнасць Беларусі не прынясе.


Другие публикации