Зварот Беларускай нацыянальнай платформы ФГС УП адносна будучыні тэлеканала «Белсат»

29.12.2016
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

29 снежня 2016 года Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці выступіў са зваротам у адрас міністра замежных спраў Польшчы адносна будучыні тэлеканала «Белсат».

Зварот

Каардынацыйнага камітэта
Беларускай нацыянальнай платформы
Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

«Пра будучыню тэлеканала «Белсат»

Міністру замежных спраў Рэспублікі Польшча
Вітальду Вашчыкоўскаму

29 снежня 2016 года

Паважаны спадар міністр,

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, аб'яднаныя ў рамках Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, занепакоены будучыняй тэлеканала «Белсат».

У першую чаргу мы б хацелі выказаць шчырую ўдзячнасць Рэспубліцы Польшча за шматгадовую палітычную і фінансавую падтрымку існавання тэлеканала «Белсат» з 2007 года як незалежнага тэлевізійнага праекта, які прапануе беларускаму тэлегледачу інфармацыю і ацэнкі, свабодныя ад уплыву прадстаўнікоў улады.

Дзякуючы падтрымцы Польшчы, роўна як Еўрапейскага Саюза і іншых партнёраў, якія падзяляюць каштоўнасць свабоды слова, тэлеканал «Белсат» змог заваяваць сваё месца і аўдыторыю ў Беларусі ў няпростых умовах інфармацыйнай несвабоды і дыскрымінацыі незалежных СМІ. Важна таксама адзначыць, што абсалютная большасць уласных праграм тэлеканала вырабляецца сіламі беларускіх журналістаў, а таксама з запрашэннем шырокага спектру экспертаў, лідэраў меркавання і проста актыўных грамадзян нашай краіны.

За мінулыя 9 гадоў тэлеканал «Белсат»:

  • стаў важнай часткай незалежнай медыяпрасторы Беларусі, нягледзячы на шматразовыя адмовы ў яго афіцыйнай рэгістрацыі і ціск на журналістаў канала за іх прафесійную дзейнасць з боку беларускіх уладаў;
  • склаўся як важны інструмент фармавання беларускай ідэнтычнасьці на аснове праеўрапейскіх каштоўнасцей;
  • зарэкамендаваў сябе як праект у няспынным развіцці, які здольны да чулага рэагавання на падзеі, што адбываюцца ў навакольнай рэчаіснасці, а таксама пошуку новых форм і сродкаў дыялогу з гледачом і рознымі групамі інтарэсаў у беларускім грамадстве.

У сувязі з гэтым нас вельмі турбуе апублікаваная ў розных СМІ Польшчы і Беларусі інфармацыя аб намеры польскага ўраду істотна скараціць фінансаванне тэлеканала «Белсат», а таксама адмовіцца ад вяшчання на беларускай мове. Наяўнасць невялікага беларускамоўнага тэлеканала, стымулюючага нацыянальную і грамадзянскую самасвядомасць многіх жыхароў нашай краіны, бачыцца значна больш правільным адказам на актуальныя выклікі інфармацыйнай вайны, чым агучаныя ў медыя альтэрнатывы. Перспектыва закрыцця канала, якая таксама абмяркоўваецца, прывядзе да яшчэ больш негатыўных наступстваў, у прыватнасці, сур'ёзнаму паслабленню супраціву агрэсіўнай прапагандзе ідэалогіі «рускага свету» ў Беларусі.

Безумоўна, права рашэння лёсу тэлеканала належыць тым, хто яго засноўваў і падтрымліваў усе гэтыя гады — польскаму ўраду і іншым міжнародным партнёрам. Разам з тым, было б няправільным недаацэньваць уклад у існаванне «Белсата», зроблены беларускімі стэйкхолдарамі: экспертамі, журналістамі, прадстаўнікамі арганізацый грамадзянскай і культурніцкай супольнасцей нашай краіны. У сувязі з гэтым, нам бачыцца дзіўным, няправільным і неапраўданым, што беларускія партнёры фактычна пазбаўлены права голасу і не запрошаны да абмеркавання будучыні тэлеканала «Белсат».

Падобнага роду рашэнні маюць высокую важнасць для многіх суб'ектаў унутры Беларусі, могуць у значнай ступені адбіцца на ўнутрыпалітычным кантэксце краіны. Грамадзянская супольнасць Беларусі адкрыта і зацікаўлена ў абмеркаванні лёсу тэлеканала «Белсат» разам з іншымі зацікаўленымі бакамі, а таксама чакае больш поўнага ўключэння ў гэты працэс шырокага спектру беларускіх партнёраў.

Каардынацыйны камітэт БНП ФГС УП

Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства заснавана ў ліпені 2010 года, аб'ядноўвае на аснове праеўрапейскіх каштоўнасцей больш за 80 арганізацый і ініцыятыў розных сфер дзейнасці.

Спампаваць тэкст 

Скачать текст 

Download text 


Другие публикации