Андрэй Ягораў пра беларускі «бязвіз» для замежнікаў: Магчымая адмоўная рэакцыя з боку Масквы

11.01.2017
Радыё «Свабода»

Указ Аляксандра Лукашэнкі пра пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін не прывядзе да паляпшэння палітычных дачыненняў Беларусі і Захаду, але можа паскорыць спрашчэнне візавага рэжыму з Еўрасаюзам.

Такую думку ў інтэрв’ю «Свабодзе» выказаў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

«Гэтае рашэнне дастаткова даўно абмяркоўвалася з мэтай паляпшэння турызму ў краіне, дэманстрацыі таго, што краіна адкрыта для інвестыцый. У выніку яно было прынятае. Вядома, на гэта паўплывалі эканамічныя цяжкасці, якія перажывае Беларусь», — кажа палітолаг.

Ягораў лічыць, што ўвядзенне бязвізавага рэжыму наўрад ці паўплывае на стасункі Беларусі з Захадам на палітычным узроўні.

«Наўпрост гэта, вядома, не ўплывае, бо сутнасныя супярэчнасці і праблемныя моманты ляжаць трошкі ў іншых сфэрах і не тычацца гэтых бязвізавых перамяшчэнняў. Хоць я спадзяюся, што гэта падштурхне нашы краіны нарэшце да падпісання дакумента аб спрашчэнні візавага рэжыму Беларусі і ЕС».

На думку Ягорава, указ Лукашэнкі наўрад ці выкліча вялікі рэзананс у Маскве:

«Магчыма, адмоўная рэакцыя з боку Масквы будзе, але наўрад ці гэта стане публічнай рэакцыяй. Хутчэй, гэта будуць нейкія скрытыя дыпламатычныя захады ўздзеяння на Беларусь. Зноў жа, пасля таго, як Расія ўвяла кантроль замежнікаў пры перасячэнні беларуска-расійскай мяжы і стала іх адпраўляць назад, Беларусь можа рабіць што заўгодна, і ў Расіі няма аргументаў, каб ціснуць на Беларусь у гэтым кірунку».


Другие публикации