«Дыстант» Лятучага ўніверсітэта. Як навучыцца без хатніх заданняў і кантролю

18.01.2017
Ганна Валынец, «Заўтра тваёй краіны»

У Беларусі паявілася анлайн-пляцоўка дыстанцыйнай адукацыі — Дыстанцыйная латформа Лятучага ўніверсітэта.

Дыстанцыйная анлайн-адукацыя ў Беларусі існуе ўжо колькі гадоў, але ў выглядзе асобных курсаў. Большасць з іх створаная не беларусамі.

«Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца вонкавыя пляцоўкі, такія як Coursera, «ПостНаука», Prometheus ці Акадэмія Arzamas, — кажа Таццяна Вадалажская, каардынатарка Лятучага ўніверітэта. — Усё часцей можна бачыць анлайн-курсы, куды адмыслова запрашаюць беларусаў. Напрыклад, прысвечаныя менеджмету культуры і індустрыі крэатыўнасці. Таварыства беларускай мовы ўжо пэўны час ладзіць анлайн-курсы для выкладчыкаў, таксама анлайн-курсы праводзіў Lawtrend ды іншыя».

Аналагі ёсць у ВНУ і бізнес-сферы, але ніводную з пляцовак нельга назваць масавай і адкрытай для шырокага кола карыстальнікаў і розных правайдэраў.

Таццяна Вадалажская

Частковы пераход у анлайн — атрыбут сучаснасці

На сусветным узроўні гэта не інавацыя: колькі год таму нават ішла гаворка, што анлайн заменіць усю адукацыю.

Трэнд спаў, а дыстанцыйная адукацыя заняла сваю нішу.

«Частковы пераход у анлайн зрабіўся атрыбутам сучаснай сусветнай адукацыі, і гаворка ідзе пра платформы, дзе, прайшоўшы курс, можна атрымаць крэдыты ў дадатак да балаў у асноўнай навучальнай установе», — кажа Таццяна Вадалажская.

Такім чынам, дыстанцыйная адукацыя ўбудоўваецца ў традыцыйную сістэму, змяняе і будзе змяняць яе структуру.

Ніхто не створыць змест пра Беларусь, апроч нас саміх

Гэта тычыцца і беларускай адукацыі ў будучыні. Дыстанцыйная форма магла б стаць штуршком да рэформ.

«Традыцыйныя сістэмы павінны пераглядаць свае змест і форму, рэагаваць на міжнародны рынак адукацыі. Гэты штуршок мацнейшы за прыняцце рашэнняў зверху, — лічыць Таццяна Вадалажская. — І гэта сапраўды канкурэнцыя зместу, лектараў, фарматаў, якой зараз няма сярод навучальных устаноў. Праўда, каб канкурэнцыя зрабілася заўважнай, сфера мусіць значна ўзрасці. Але гэта магчыма».

Сёння шмат беларусаў уключаныя ў замежныя анлайн-сістэмы.

«Але ніхто не прапануе змест пра Беларусь і ніхто яго не створыць, апроч нас. А наш інтэлектуальны патэнцыял я заўсёды ацэньвала высока», — гаворыць каардынатарка Лятучага ўніверсітэта.

Лятучы ўніверсітэт адкрыў пляцоўку і запрашае далучыцца

Каб рэалізаваць гэты патэнцыял, у снежні 2016 году Лятучы ўніверсітэт запусціў анлайн-пляцоўку дыстанцыйнай адукацыі.

Яна мае напаўасветніцкі фармат. Няма хатніх заданняў і кантролю, хаця такія магчымасці таксама прадугледжаны. Затое прапануюцца пытанні для роздуму аўдыторыі ад студэнтаў да пенсіянераў.

«Хацелася б, каб мы маглі зацікавіць адмыслоўцаў, зрабіць курсы не проста цікавымі, але даваць праз іх кірунак развіцця. Я разлічваю на тых, хто прагне самаразвіцця і адукацыі па-за фармальнымі межамі», — тлумачыць Таццяна Вадалажская.

Курсы складаюцца з 4-9 заняткаў, утрымліваюць відэа і спіс літаратуры ці дадатковыя файлы. Зараз на платформе знаходзяцца курсы Міхала Анемпадыстава, Ігара Бабкова, Ірыны Дубянецкай, сумесны курс Вольгі Орышавай і Галіны Русецкай, а таксама курс, створаны па матэрыялах школы «Горад».

Апроч курсаў на платформе прадстаўленыя і запісы публічных лекцый.

Лятучы ўніверсітэт шукае правайдэраў курсаў

У бліжэйшых планах стваральнікаў — прасоўваць саму платформу, каб атрымаць водгук аб тым, што больш цікавіць людзей, а таксама пашыраць базу правайдэраў, якія гатовыя далучыцца і прапанаваць свае курсы.

Змест можа прапаноўваць не толькі Лятучы ўніверсітэт.

«Нашыя курсы звязаныя з метадамі і падыходамі да мыслення, мы кажам аб гісторыі ідэй і менш скіраваныя на практычныя тэмы накшталт менеджменту. Але калі хтосьці прапануе такі курс дастаткова высокага ўзроўню — гэта ўзбагаціць платформу», — падсумоўвае Таццяна Вадалажская.

Свае прапановы па супрацы на платформе можна дасылаць адміністрацыі рэсурса праз электронную пошту: [email protected].

«Заўтра тваёй краіны»

Гл. таксама: DP.Fly-Uni.Org — адноўленая дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэта


Другие публикации