Уладзімір Мацкевіч: Не спяшайцеся хаваць еўрапейскую цывілізацыю (Аўдыё)

27.01.2017
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

Якія пагрозы нясуць папулісцкія тэндэнцыі, якія нарастаюць сёння ў заходнім свеце? Да чаго можа прывесці рост нацыянальнага эгаізму і шавінізму? Ці існуе прымальнае вырашэнне міграцыйнай праблемы?

На гэтыя ды іншыя пытанні ў перадачы «Інтэрв’ю тыдня» адказвае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Віталь Цыганкоў: Апошнім часам усё часцей узгадваюць вядомы твор Артэгі-і-Гасета «Паўстанне масаў», аналізуючы цяперашнія палітычныя падзеі ў свеце. Гучаць цверджанні, што народы вяртаюцца да нацыяналізму, ізаляцыянізму, народы гатовыя зноў угрызціся адзін у аднаго. Ці падзяляеце вы гэты песімізм, ці ёсць для яго падставы?

Уладзімір Мацкевіч: Давайце ўзгадаем, што свой твор Артэга-і-Гасет пісаў напярэдадні фашыстоўскага захопу ўлады ў Нямеччыне, і таго, што адбывалася ў Гішпаніі ў гэтыя часы. У гэтым сэнсе, ён меў рацыю, бо ўсё гэта скончылася Другой сусветнай вайной. І ўявіце сабе, што павінны былі адчуваць людзі, якія разумелі, што адбываецца, калі пачалася вайна і шэсце нацыстаў па Еўропе. Сапраўды, здавалася, што свет канчаецца, што ўсё рушыцца, і няма святла ў канцы тунелю.

Віталь Цыганкоў: Уладзімір, вы самі пачалі праводзіць паралелі з 1930-і гадамі. Чаму? Няўжо мае сэнс іх праводзіць з сённяшняй сітуацыяй?

Уладзімір Мацкевіч: Паралелі заўсёды мае сэнс праводзіць. Але неабавязкова засяроджвацца на тым, што калі нешта было ў гісторыі — то абавязкова гэтак і будзе зноў. Зусім іншы свет зараз, ён непадобны на 1930-я гады.

Калі мы будуем свет, у якім не павінна больш быць войн, то пра гэта трэба дбаць кожную хвіліну. А сённяшняя Еўропа і Амерыка супакоіліся, нібыта ўсе праблемы ўжо вырашаныя. І што раздражняла ў еўрапейскай палітыцы, рыторыцы — менавіта гэта супакоенасць і паліткарэктнасць ва ўсім. Каб не падымаць праблемы, не чапляць вострыя моманты. Гэта і прывяло да таго, што гэтым супакоеным палітыкам (якія забылі пра сваю місію і адказнасць) масы і нагадалі пра гэта. Брэксітам, прыходам Трампа і ростам ультраправых і папулісцкіх палітыкаў у Еўропе.

Але Шпенглер яшчэ задоўга да Артэгі-і-Гасета напісаў пра «Заняпад Еўропы». Таму я б на гэта адказаў: «Не спяшайцеся хаваць еўрапейскую цывілізацыю». У заходняй цывілізацыі дастаткова сіл і рэсурсаў, якія проста апошнія гады былі ў занядбанні. І калі Фукуяма пасля падзення Берлінскага муру напісаў свой знакаміты і вельмі папулярны артыкул «Канец гісторыі», — то ён меў на ўвазе менавіта гэта: згубленыя мэты, тое, дзеля чаго хочацца жыць і працаваць. І вось гэтая супакоенасць, што ўсё ўжо нібыта дасягнута — гэта і прывяло да таго, што цяпер адбываецца.

Віталь Цыганкоў: Кажуць, што еўрапейскія палітычныя эліты развучыліся гаварыць з народам, лавіць настроі людзей. Як вы ставіцеся да гэтага папроку? Можа, палітыкі проста лічаць, што не варта рэагаваць на не самыя прагрэсіўныя і не самыя ліберальныя патрабаванні мас?

Уладзімір Мацкевіч: Не рэагаваць немагчыма. Палітыкі ў свой час ігнаравалі прапановы і перасцярогі кемлівых інтэлектуалаў, якія раней за ўсіх бачылі небяспеку. Але цяпер пра гэта ж ім нагадваюць масы. Аднак не трэба чакаць, пакуль масы паўстануць і будуць рабіць нешта неканструктыўнае. Бо масы няздольныя на канструктыўную творчасць, іхняя энергетыка разбуральная. І калі вы не слухаеце канструктыўныя прапановы інтэлектуалаў, то вам пра гэта ўсё роўна нагадаюць масы.

Віталь Цыганкоў: Ці можа гэты цяперашні папулісцкі паварот дайсці да нейкага небяспечная ўзроўню? Ці проста дасведчаныя цэнтрысцкія палітыкі могуць улічыць гэты настрой, паглынуць яго, павярнуць на сваю карысць?

Уладзімір Мацкевіч: Калі Меркель пачне таксама па-папулісцку звяртацца да свайго выбарніка, то яна вымушаная будзе перайсці да папулісцкай рыторыкі, каб перамагчы. Але рэч не ў рыторыцы, а ў сапраўдных праграмах, мэтах, якія стаяць перад Еўропай і ўсім светам, на якіх трэба сканцэнтравацца і акумуляваць энергію сілы. І праблемы гэта агульначалавечыя, а не эгаістычныя. А сёння палітычныя эліты амаль ва ўсіх краінах імкнуцца замясціць агульначалавечыя праблемы праблемамі сваіх краінах і ўрадаў...

Віталь Цыганкоў: Але гэтак яны проста рэагуюць на патрабаванні электарата.

Уладзімір Мацкевіч: Так, і, у гэтым сэнсе, арыентуюцца на простыя папулісцкія рашэнні. Дзякуй Богу, сёння існуе такое наднацыянальнае ўтварэнне, як Еўрасаюз, бо толькі з агульнаеўрапейскага пункту гледжання лепш бачныя праблемы асобных краін. І калі пераможа сёння нацыянальны эгаізм, то мы можам чакаць горшыя часы. Але калі пераможа еўрапейскі і сусветны погляд, то мы хутчэй выйдзем з таго стану, у якім апынуўся свет.

Віталь Цыганкоў: Раней палітыкі ставілі перад грамадствамі пэўныя далёкасяжныя мэты, ідэалы — «дзяржава агульнага дабрабыту» альбо «правы чалавека». Зараз многім людзям падаецца, што альбо гэтыя мэты ўжо дасягнутыя, альбо сябе не апраўдалі. Ці можа з’явіцца нейкі новы бліскучы ідэал? Ці ўсіх задавальняе толькі спажывецкае грамадства і ніякія іншыя ідэі не патрэбныя?

Уладзімір Мацкевіч: Спажывецкае грамадства згубіла сваю прывабнасць у вачах амаль усіх цывілізаваных народаў, ягоная крытыка ўжо нават выглядае трохі банальнай. Але замест яго сапраўды пакуль не прапанавана нічога іншага, задача стварэння вялікай новай мэты пакуль не вырашана.

Аднак мы маем агульныя праблемы, небяспекі. Першае — гэта праблема клімату, бо мы знішчаем сваю прыроду, сваю планету. Другая — праблема міграцыі, бо сёння вельмі нізкі ўзровень жыцця там, дзе ёсць дэмаграфічная напруга, дзе нараджаюць шмат. А з іншага боку — дэмаграфічны спад у заможных краінах. І гэта абавязкова прывядзе да вялікага перасялення народаў. Што будзе рабіць Еўропа з гэтым вялізарным наплывам мігрантаў — пакуль ніхто не ведае.

Але ніякая сцяна паміж ЗША і Мексікай не вырашае гэтай праблемы. Трамп тут прапануе папулісцкі крок, які не вырашае праблему. Трэба павялічваць узровень жыцця людзей там, у Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амерыцы.

Віталь Цыганкоў: Але ж на пабудову дабрабыту ў Афрыцы пойдуць дзесяцігоддзі, а праблема міграцыі паўстала ўжо зараз...

Уладзімір Мацкевіч: Аднак гэта і прапанавалася не сёння, проста еўрапейскія палітыкі не вельмі прыслухоўваліся.

Але я назаву і трэцюю праблему — ідэалагічны крызіс. Праграма «правоў чалавека» ўжо сапраўды амаль выканана, яна сябе вычарпала. А нешта новае нам не прапанавалі. І замест гэтай вычарпанай праграмы «трэці свет» прапануе фундаменталізм. І што еўрапейцы са сваёй засяроджанасцю на мультыкультуралізме і правах меншасці будуць рабіць ужо не з меншасцю, а з большасцю, якая стаіць на супрацьлеглых пазіцыях?


Другие публикации