Андрэй Ягораў: Ідзе гандль (Аўдыё)

19.02.2017
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

Чаму нарастаюць супярэчнасці ў беларуска-расійскіх дачыненнях? Ці з’яўляецца гэта сведчаннем кардынальна новага фармата адносін паміж краінамі, альбо гэта толькі традыцыйныя гандлёвыя войны, якія хутка скончацца прымірэннем?

Як мяняецца стаўленне расійскага грамадства і палітычнай эліты да Беларусі? На гэтыя ды іншыя пытанні ў перадачы «Экспертыза Свабоды» адказваюць палітолагі Андрэй Паротнікаў і Андрэй Ягораў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў: Апошнія месяцы беларуска-расійскія дачыненні развіваюцца па нейкай спіралі. Бакі чарговы раз не могуць дамовіцца па газавай спрэчцы, Беларусь заяўляе пра куплю іранскай нафты. Пра што сведчыць і гэты эпізод, і ўвогуле апошняя дынаміка развіцця беларуска-расійскіх дачыненняў?

Андрэй Паротнікаў: Безумоўна, гэта сведчанне таго, што ўсе непаразуменне ў беларуска-расійскіх дачыненнях не пераадоленыя да гэтага моманту. І яны не будуць пераадоленыя прынамсі, яшчэ вельмі працяглы перыяд часу. Больш за тое, яны маюць тэндэнцыю да пагаршэння, і таму я не маю аніякага аптымізму наконт бліжэйшых перспектыў гэтых адносін.

Ёсць цэлы шэраг канфліктаў, якія раней не былі прадметам публічнай палітыкі — газавае пытанне, праблема мяжы. Раней іх спрабавалі вырашыць на ўзроўні галіновых экспертаў ці міністраў, то цяпер яны выплёскваюцца ў публічную прастору. Гэта сведчыць, што дынаміка адносін негатыўная.

Віталь Цыганкоў: Бадай, галоўнае пытанне ў наступным: ці не ёсць цяперашнія канфлікты традыцыйнай спрэчкай, якая заўсёды была? Ці гэта нейкі новы ўзровень, які прыводзіць да карэнных геапалітычных зрухаў?

Андрэй Ягораў: Па-мойму, няма ніякіх прынцыповых адрозніванняў цяперашніх канфліктаў ад тых, што былі раней. Усе тыя хады, якія ажыццяўляюцца зараз — мелі тыя ці іншыя аналагі ў мінулым. Раней мы ўжо бачылі і аднаўленне мытнага кантролю, і ўсталяванне памежнай зоны, і няяўкі Лукашэнкі на саміты, і закупкі нафты ў Азербайджане і Венесуэле. І калі мы глядзім на цяперашні канфлікт — то схема яго разварочвання вельмі падобная на тое, што адбывалася раней.

Галоўная характарыстыка цяперашняга моманту — гэта гульня нерваў. Справа дайшла да кіраўнікоў дзяржаў, і цяпер толькі яны могуць вырашыць усе пытанні. Расійскі бок спрабуе выгандляваць больш лаяльнасці з беларускага боку, і перамовы працягваюцца.

Віталь Цыганкоў: Што з вашых словаў вынікае? Што нічога кардынальнага ў беларуска-расійскі адносінах за апошнія 2 гады не змянілася?

Андрэй Ягораў: Так, прынцыповай змены няма. Але ў выніку таго, што ад 2014 года палітыка Расіі становіцца больш экспансіянісцкай, накіраванай на аднаўленне імперыі — мы не можа ігнараваць гэты кантэкст. Таму ўсё, што цяпер адбываецца ў двухбаковых адносінах, набывае дадатковыя інтэрпрэтацыі. Мы бачым значна большы накал інфармацыйнай вайны, і самі заявы пра «вайну» падаграюць сітуацыю і гуляюць на абвастрэнне канфлікта.

Андрэй Паротнікаў: З аднаго боку, сапраўды, знешнія праявы канфлікта нам усім добра вядомыя. Але змяненне знешняга кантэкста моцна ўплывае на ўнутраныя справы. Калі раней кожны з бакоў імкнуўся дасягнуць нейкага ўзаемапрымальнага выніку, то цяпер такой сітуацыі мы не назіраем з расійскага боку. Бо яны імкнуцца дасягнуць усё альбо нічога. Расія дамаўляцца не збіраецца. Прэтэнзіі Масквы беларускім бокам успрымаюцца як прапановы. Але насамрэч гэта ўмовы. У выніку і Беларусь не можа ісці на нейкія кампрамісы, бо ёсць разуменне, што саступіўшы ў малым, прыйдзецца саступаць і далей.

Навізна ў тым, што ніводзін з бакоў няздольны ці не гатовы дамаўляцца. І сітуацыя гэтая можа працягнуцца даволі працяглы час. Таксама трэба зазначыць, што мяняецца псіхалагічны фон у расійскіх элітах. Сам факт інтэграцыі з Беларуссю ўжо не разглядаецца як нейкае дасягненне, а хутчэй як валізка без ручкі. І я хачу звярнуць увагу на прапановы, якія гучаць з Арменіі, — выключыць Беларусь з АДКБ і ЕўразЭС. І ніякай рэакцыі на гэта не было. Мінску даюць зразумець, што ягоны статус як галоўнага хаўрусніка дэвальваваны і чакаць нейкіх асаблівых адносін болей не выпадае.

Віталь Цыганкоў: За апошнія гады расійская свядомасць сапраўды значна змянілася з постсавецкай на ўласна расійскую нацыянальную. Хіба гэта не мяняе і стаўленне Крамля да пытанняў інтэграцыі?

Андрэй Ягораў: Нельга не пагадзіцца з Андрэем Паротнікавым, што сам Еўразійскі саюз змяняе статус Беларусі, якая раней была адзіным саюзнікам — а зараз толькі адзіны з 5 чальцоў гэтага саюза. І таму гэта памяншае вагу сімвалічных пагроз Беларусі наконт выхаду з гэтых інтэграцыйных аб’яднанняў, пагражаць гэтым. Але ж агульныя сімпатыі паміж беларусамі і расейцамі на гэты момант змяніліся не значна. Таму я б не сказаў, што чыннік змены масавых настрояў неяк уплывае на палітыку Крамля.

Для Мінска, калі не стаіць пытання страты суверэнітэта — то ўсе астатнія пытанні з’яўляюцца прадметам гандлю. Ідзе гандаль, і пакуль проста няма дамоўленасці па коштах.


Другие публикации