Дзіяна Серадзюк: З чалавекам, які адмовіўся ілжэсведчыць, мы абняліся на развітанне

17.03.2017
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

У судзе Першамайскага раёна Мінска была апраўданая журналістка сайта EuroBelarus.Info Дзіяна Серадзюк, якую абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Дзіяне паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) «свяціў» штраф або адміністрацыйны арышт. Але раптам справа пайшла не праторанай каляінай: у працэсе сведкі заявілі пра фальсіфікацыі пратаколаў абвінавачвання. У выніку суд прызнаў Дзіяну Серадзюк невінаватай, справа была закрытая.

Для Беларусі гэта ўнікальны выпадак. Бо ў судовых справах, заведзеных супраць журналістаў і грамадскіх актывістаў, апраўдаўчыя вердыкты — вялікая рэдкасць. Напрыклад, год таму быў гучны працэс, калі філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча спрабавалі асудзіць за ўдзел у акцыі. Але праблема была ў тым, што ў дзень яе правядзення Мацкевіч знаходзіўся па-за межамі Беларусі, што пацьвярджалі штамп у пашпарце і авіяквіткі. Гэта было відавочнай ілюстрацыяй ілжэсведчанняў супрацоўнікаў АМАП у судзе. Пазней МУС публічна заявіў, што супрацоўнікі міліцыі «памылкова прызналі» Мацкевіча ўдзельнікам вулічнай акцыі і іх дзеянням будзе «дадзена адпаведная ацэнка».

Якія адчуванні пасля першага ў жыцці суду і як словы праўды ўплываюць на іншых, Дзіяна Серадзюк распавяла Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі»:

— Тое, што я не вінаватая, у нас, канешне, не падстава закрываць справу (усміхаецца). Думаю, сышлося шмат фактараў. Сведкі адмовіліся гаварыць няпраўду, суддзя далучыла да справы запіс відэатрансляцыі партала TUT.BY. І мы фактычна прагледзелі ўвесь гэты запіс, на якім было бачна, што абвіначванні беспадстаўныя. Але і гэта ў нашым жыцці, на жаль, не аргумент, каб закрываць справу. Я не магу лагічна патлумачыць сітуацыю. Я малілася — спадзяюся, гэта было недарэмна.

— Раскажы, як выбудоўвалі ў судзе лінію абароны?

— У мяне была адвакатка Таццяна Лішанкова. Яна звяртала ўвагу на юрыдычныя недасканаласці аформленых рапартаў, пратаколаў. Мы не рабілі акцэнту на тым, што я журналістка, хаця гэта і прагучала ў судзе. Бо парушэнняў закона з майго боку не было ў прынцыпе.

— Важным момантам у справе стаў той факт, што сведкі адмовіліся ў судзе ад ранейшых паказанняў.

— Так, сведкамі былі не міліцыянты, як гэта звычайна бывае, а рабочыя з будоўлі — зваршчык і плітачнік-абліцоўшчык. У гэтым, відаць, вялікае адрозненні ад падобных спраў.

Першы сведка — зваршчык Уладзімір Каньшын — спрабаваў пайсці па хлуслівым шляху, імкнуўся трымацца пратакола. Але канкрэтна нічога распавесці не мог, увесь час гаварыў суддзі: «А не маглі б вы мне нагадаць», ён спасылаўся, што за гэты час не мог усіх запомніць. Яшчэ ён не здолеў патлумачыць, як так сталася, што міліцыянты да яго прыйшлі 27 лютага, а пратакол падпісаны 21 лютага.

Другі сведка — Дзмітрый Хабалкін — працуе муляром-абліцоўшчыкам. Калі ён зайшоў у залю, то на пытанне суддзі, ці ведае падсудную, пачаў аглядацца па баках. І здзіўлена спытаў у мяне: «Гэта вы?». Дзмітрый пачаў гаварыць рэчы абсалютна не адпаведныя пратаколу яго апытання. Ён прызнаў, як і папярэдні сведка, што пратакол прыносілі ўжо гатовы. І потым дапісалі ад рукі яго дадзеныя. Таксама Дзмітрый сказаў, што міліцыянты не зачытвалі прозвішчы з пратакола, толькі тэкст пра парушэнні.

Дзмітрый Хабалкін падчас паседжання гаварыў, што гэта фальсіфікацыя, не трэба сведчыць супраць людзей.

А калі абвесцілі апраўдаўчы прысуд, то ён нават кінуўся мяне адбымаць. Чалавек быў вельмі рады, што не трэба было ілжэсведчыць. Мы пажадалі адзін аднаму ўдачы. І разышліся, можна сказаць, сябрамі.

— Уладзімр Каньшын як рэагаваў на паказанні другога сведкі?

— Ён пачаў таксама згаджацца, што і пратаколы прынеслі на подпіс гатовыя. Апраўдваўся, што ўсё вельмі хутка адбывалася. Яшчэ міліцыянты сведкам, што не трэба будзе хадзіць у суд, дастаткова толькі падпісаць пратаколы. І Дзмітрый Хабалкін скардзіўся, што за сёння вымушаны аб’язджаць суды ў якасці сведкі, і заўтра таксама трэба ехаць.

— Які высновы зрабіла для сябе з гэтага дсведу?

— Гэта мой першы суд, я вагалася ці ісці на яго, бо ведаю статыстыку. Але мне хацелася даказаць праўду, я нават звярнулася да паслуг адваката. Мая выснова: трэба спрабаваць адстойваць праўду, калі ты ўпэўнены ў ёй. Яшчэ мне зразумела, што журналісты ў нас, на жаль, ніяк не абароненыя, грамадзяне таксама ніяк не абароненыя ад судова-міліцэйскай сістэмы. Таму трэба неяк працаваць у гэтым кірунку.

Што тычыцца працы падчас вулічных акцый, то ўсё банальна: выконваць свае прафесійныя абавязкі, ні ў чым не ўдзельнічаць, мець дакументы, не лезці на ражон з ахоўнікамі...

— Не з’явіўся страх да працы «ў полі»?

— Прафесія такая... Чаго баяцца? Справа ў тым, што ў нашай сітуацыі немагчыма рабіць ніякіх прагнозаў. Часам, як тое было ў Оршы, не дапамагае і акрэдытацыя МЗС. А бывае, што праваахоўнікі і нармальна ставяцца да журналістаў. Не ўгадаеш. Трэба проста рабіць сваю справу.

Яшчэ я хачу падязквааць усім, хто мяне падтырмліваў. На першую частку паседжання раніцай нават не ўсе змясціліся ў судовую залю. Разам з тым я засмучаная, што было вынесена шмат несправядлівых прысудаў людзям, якія 15 сакавіка ўдзельнічалі ў вулічнай акцыі супраць дармаедаў.

— Ці плануеш патрабаваць кампенсацыю за маральныя страты?

— Я не думала пакуль пра гэта. Трэба ўсё асэнсаваць Я параюся з сябрамі, калегамі, магчыма, з праваабаронцамі. Ёсць сэнс прыцягнуць да адказнасці міліцынятаў, якія фальсіфікавалі пратаколы.


Другие публикации